29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Высокапастаўленага супрацоўніка МНС судзяць за хабар і незаконны бізнэс

4
Высокапастаўленага супрацоўніка МНС судзяць за хабар і незаконны бізнэс

Віталя Тулая абвінавачваюць у атрыманні хабару на суму 23 тысячы даляраў за разгляд пытанняў, якія ўваходзяць у ягоную кампетэнцыю.

Віталя Тулая, першага намесніка начальніка Менскай гарадской управы МНС Беларусі, затрымалі 23 снежня 2015 года. Яго абвінавачваюць у атрыманні хабару на суму 23 тысячы даляраў за разгляд пытанняў, якія ўваходзяць у ягоную кампетэнцыю. Акрамя таго, Тулай, паводле звестак абвінавачвання, увёў у склад заснавальнікаў прыватнай кампаніі, якая займалася гарантаваннем пажарнай бяспекі, свайго цесця, паведамляе tut.by.

Пра затрыманне Віталя Тулая стала вядома ў красавіку 2016 года. КДБ тады коратка паведаміў: распачатая крымінальная справа паводле арт 429 КК «Незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасці» і паводле ч 2 арт 430 «Атрыманне хабару». Больш ніякіх падрабязнасцяў не было.

У судзе Ленінскага раёна Менска ўжо чатыры месяцы ідуць пасяджэнні паводле справы былога супрацоўніка МНС. Высвятляецца, кайданкі на Віталя Тулая і ягоных прыяцеляў, былых супрацоўнікаў МНС, надзелі проста ў кавярні, калі Віталю Пятровічу перадавалі 10 мільёнаў рублёў. Пазней ён заявіць: гэта быў не хабар, проста пазычыў грошы ў прыяцеля.

На сённяшні момант за кратамі застаецца толькі Тулай, ягоны знаёмы Сяргей Паланевіч — пад падпіскай аб нявыездзе, другі знаёмы Мукавозчык — сведка ў крымінальнай справе. У сераду, 26 красавіка, пракурор выставіў абвінавачванне.

— Мне зразумелая сутнасць, віну не прызнаю. Абвінавачванне зробленае на сведчаннях дзвюх зацікаўленых асоб, якія мяне абгаварылі. За мной сачылі цэлы год, але з довадамі злачынства мяне ніхто не браў. Я давёў у судзе сваю невінаватасць, хоць не абавязаны быў гэта рабіць. Які закон я парушыў? Якую шкоду я прычніў? Так, мы сустракаліся (з Паланевічам і Мукавозчыкам. — Заўв.), але мы былі сябрамі, — заявіў абвінавачаны Віталь Тулай.

З выстаўленага абвінавачванні высвятляецца: Сяргей Паланевіч, які займаў кіроўныя пасады ў МНС, сышоў з установы ў 2012 годзе, а ў 2015-м стаў даваць хабару Тулаю. З улікам таго, што першы намеснік начальніка Менскай гарадской управы МНС уваходзіў у склад экспэртнай камісіі, ён мог паспрыяць, каб будаваныя адміністрацыйныя будынкі хутчэй увялі ў эксплуатацыю, і каб пры гэтым яны адпавядалі усім супрацьпажарным нормам. Позна ўвечары 4 траўня 2015 года Паланевіч перадаў Тулаю 72 мільёны 350 тысяч рублёў, каб той разгледзеў пытанне з будынкам, размешчаным на тэрыторыі Парку высокіх тэхналогій. Пазней Паланевіч, з версіі следства, не раз падбухторваў кіраўнікоў фірмаў да дачы хабару супрацоўнікам Заводскага РАНС, якія нібыта маглі разгледзець іх пытанне. А ў лістападзе 2015 года зноў перадаў Тулаю 2 тысячы даляраў.

Акрамя атрымання хабараў, былога высокапастаўленага супрацоўніка МНС абвінавачваюць паводле арт 429 КК «Незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасці».

— Тулай падпісаў абавязанні, што яму забаронена займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Аднак насуперак інтарэсам службы ў 2015 годзе ўвёў у склад заснавальнікаў таварыства цесця і кіраваў таварыствам праз яго: уносіў прапановы, даваў загады наконт заробку, заступаўся, — зачытвае абвінавачванне пракурор Цімафей Канадо.

Паводле версіі следства, Віталь Тулай, ведаючы аб парушэннях у пэўных кампаніях, падаваў гэтую інфармацыю фірме цесця, дзе таксама працавалі Сяргей Паланевіч і Мукавозчык, дапамагаў ім звязацца з кіраўніцтвам кампаній і такім чынам укладаліся дагаворы на абслугоўванне, устаноўку пажарных апавяшчальнікаў. За інфармаванне ён атрымаў 26 хабараў ад Мукавозчыка, які ўсе сумы запісваў у нататнік на тэлефоне.

— 5 мільёнаў, 10 мільёнаў, 20, 25, 100 тысяч, 10 мільёнаў... Усяго на суму 269 мільёнаў рублёў (недэнамінаваных, — Заўв.) удакладняе дзяржабвінаваўца Цімафей Канадо.

Усяго ў якасці хабару, паводле звестак абвінавачвання, Тулай атрымаў 23 тысячы даляраў. Пры ператрусе ў яго знайшлі 11 тысяч еўраў і 50 тысяч даляраў, на гэтыя грошы накладзены арышт.

Дарэчы, у 2015 годзе Віталь Тулай працаваў пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Бягуна. Той неўзабаве пайшоў на падвышэнне і стаў намеснікам міністра ў надзвычайных сітуацыях. У сакавіку прэзідэнт распавёў, што Бягун затрыманы пры атрыманні хабару.

У судзе да 3 траўня абвешчаны перапынак. Чакаецца, што фігуранты выступяць з апошнім словам. Напярэдадні пракурор запрасіў для Тулая 11 гадоў пазбаўлення волі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках