20 красавiка 2024, Субота, 10:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як крычаўскія міліцыянты самі сябе «адлупцавалі»

58
Як крычаўскія міліцыянты самі сябе «адлупцавалі»

Супрацоўнікі Крычаўскага РАУС напісалі скаргу на сваё начальства і атрымалі нечаканы эфект.

Супрацоўнікі Крычаўскага РАУС напісалі скаргі ў УУС і МУС з нагоды незаконных, на іх думку, дзеянняў кіраўніцтва райаддзела. У выніку праведзеных праверак вінаватымі раптам апынуліся самі супрацоўнікі міліцыі, якія падпісаліся пад зваротамі ў вышэйшыя інстанцыі, піша 6tv.by.

Раней у Крычаўскім РАУС склалася нездаровая маральна-псіхалагічная сітуацыя, і пасля скаргаў супрацоўнікаў РАУС службай уласнай бяспекі УУС Магілёўскага аблвыканкама праводзілася праверка ў дачыненні да кіраўніцтва РАУС.

З вартых даверу крыніц нам стала вядома, што, па-выніках праверкі, начальніку Крычаўскага РАУС Станіславу Чупрыну абвешчаная заўвага, аднаму з ягоных намеснікаў пагражае значна больш суровае пакаранне.

Самае галоўнае, што ў выніку разгляду зваротаў «крайнімі» сталіся тыя супрацоўнікі крычаўскай міліцыі, якія адважыліся вынесці смецце з хаты і напісалі пра сталыя грубыя парушэнні ў Крычаўскім РАУС у вышэйшыя інстанцыі.

У гэтых зваротах, пад якімі паставілі свае подпісы дванаццаць супрацоўнікаў РАУС, распавядалася пра нездаровую маральна-псіхалагічную абстаноўку ў калектыве, пастаянныя абразы асабовага складу з боку начальніка Крычаўскага РАУС С. Чупрына. Больш за тое, супрацоўнікі РАУС паведамілі кіраўніцтву УУС і МУС, а пазней і журналістам «Магілёўскага рэгіёна» аб тым, што шэраг супрацоўнікаў аддзела быццам бы былі вымушаны «дзяліцца» грашыма з налічаных ім прэмій з кіраўніцтвам райаддзела. Былі пададзеныя канкрэтныя факты. У звароце да міністра ўнутраных спраў І. Шуневічу крычаўскія міліцыянты паведамлялі і пра шэраг іншых парушэнняў з боку сваіх начальнікаў.

Як мы ўжо адзначалі, супрацоўнікі галоўнай управы ўласнай бяспекі чамусьці не ўбачылі ніякіх значных парушэнняў у дзейнасці кіраўніцтва Крычаўскага РАУС і цяпер «пад абух» патрапілі тыя супрацоўнікі, якія падпісаліся пад зваротамі ў Магілёўскае УУС і МУС Рэспублікі Беларусь, адважыўшыся паскардзіцца на сваіх начальнікаў. Адзін з гэтых супрацоўнікаў ужо звольнены з міліцыі быццам бы за знаходжанне ў працоўны час у нецвярозым стане, хоць у гэты дзень ім быў напісаны рапарт аб выходным. Яшчэ аднаму «падпісанту» абвешчаная строгая вымова і яму цяпер пагражае перасоўванне на ніжэйшую пасаду ў іншым падраздзяленні. Астатнія падпісанты пад зваротамі знаходзяцца пад сталым прэсінгам з боку кіраўніцтва райаддзела.

Самі крычаўскія міліцыянеры-«падпісанты» не разумеюць, як супрацоўнікі ўправы ўласнай бяспекі «не ўбачылі» відавочных грубых парушэнняў з боку начальніка Крычаўскага РАУС, і кажуць пра недавер да вынікаў праведзенай імі праверкі. Супрацоўнікі ўправы ўласнай бяспекі нават не звярнулі ўвагі на відавочны для ўсіх факт выкарыстання С. Чупрына службовага аўтамабіля ў асабістых мэтах, - на ім начальнік міліцыі кожны дзень падвозіць жонку на працу і з працы.

Здзіўляе крычаўскіх міліцыянтаў і тое, што на своеасаблівыя «нюансы дзейнасці» С. Чупрыны, ніякай увагі не звяртаюць і супрацоўнікі размешчанага па суседству Крычаўскага міжрайаддзела КДБ. Між тым, ім пра гэтыя парушэнні выдатна вядома, але, мабыць, супрацоўнікам КДБ тут значна лягчэй «заплюшчыць вочы», гэта ж не за «праклятымі апазіцыянерамі» назіраць...

Падпалкоўнік Станіслаў Чупрына ўзначальвае Крычаўскі РАУС з 31 студзеня 2014 года. Да прызначэння на гэтую пасаду ён таксама цягам шэрагу гадоў служыў у гэтым жа райаддзеле.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках