19 красавiка 2024, Пятніца, 9:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чарнобыльскія тэрыторыі паступова пераводзяць у разрад «чыстых»

24
Чарнобыльскія тэрыторыі паступова пераводзяць у разрад «чыстых»
ФОТА: REUTERS/Васіль Федасенка

Блізу 17,5 тысяч гектараў зямель, якія яшчэ нядаўна ўважаліся за заражаныя, вернута ў севазварот.

У Беларусі паступова павялічваюць плошчу тэрыторый, дзе пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі дазваляецца пражыванне і вядзенне сельскагаспадарчай дзейнасці, піша ej.by.

Згодна з разлікамі, эканамічная шкода, нанесеная Беларусі ў выніку чарнобыльскай катастрофы, ацэньваецца на 235 млрд даляраў. Да сённяшняга дня выдаткі Беларусі на пераадоленне наступстваў аварыі перавысілі 22 млрд даляраў.

Як адзначыў на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, начальнік аддзела навуковага забеспячэння і міжнароднага супрацоўніцтва Дэпартамента ліквідацыі наступстваў катастрофы на чарнобыльскай АЭС Ігар Семяненя, з моманту аварыі краіна штодня выдаткоўвае да двух мільёнаў даляраў на пытанні пераадолення наступстваў катастрофы.

Як вядома, статус найбольш пацярпелых ад аварыі раёнаў маюць трынаццаць раёнаў Гомельскай вобласці, тры раёны Берасцейскай вобласці і пяць Магілёўскай. Усяго 21 раён. І, са слоў Ігара Семянені, у пэўных галінах маецца шэраг прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, якія паказваюць пэўныя поспехі. Ужо цягам некалькіх гадоў пастаўляюць сваю прадукцыю на экспарт кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», «Палескія Журавіны», «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод» ды іншыя.

Асабліва адзначыўся, са слоў Семянені, Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат, дзве трэціх прадукцыі якога ўжо цягам некалькіх гадоў ідзе на экспарт, і не толькі ў краіны блізкага замежжа, але і ў Іран, Турцыю, В'етнам, выспы ў Карыбскім моры і ЗША. «Так, па выніках 2013 года, Рагачоўскі МКК рэалізаваў на экспарт прадукцыі на суму 140 млн даляраў», - адзначыў Семяненя.

Паводле лічбаў, якія падаў Ігар Семяненя, дзяржава таксама паступова працягвае адраджаць забруджаныя радыяцыяй тэрыторыі.

Так, пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання апынулася 3678 населеных пунктаў, у якіх пражывала 2,2 млн чалавек. У выніку аварыі 479 населеных пунктаў знікла - іх можна так сказаць зраўнялі з зямлёй. На сённяшні дзень колькасць населеных пунктаў у пацярпелых раёнах скарацілася да 2180, дзе паводле апошніх звестак пражывае блізу 1,1 мільёна чалавек.

Таксама вядома, што ў выніку чарнобыльскай аварыі сур'ёзна пацярпела сельская гаспадарка: 1,8 млн га патрапілі пад забруджванне цэзіем-137. З іх 265 тысяч га былі выведзеныя з гаспадарчага абарачэння. Цяпер блізу 17,5 тысяч га зямель, якія яшчэ нядаўна разглядаліся як заражаныя, вернутыя ў сельскагаспадарчае абарачэнне.

Праўда, варта адзначыць, што шэраг экспэртаў і сёння мяркуе, што наступствы чарнобыльскай катастрофы прызнаваць уладам проста нявыгадна, і скарачэнне плошчаў радыеактыўнага забруджвання і паступовы іх перавод у разрад «чыстых» здзяйсняецца дзяржавай з мэтай эканоміі на сацыяльных выплатах. Як вядома, у раёнах, якія сталі «чыстымі», пастановай урада чарнобыльскія льготы дзейнічаць перастаюць.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках