18 красавiка 2024, Чацвер, 20:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ліфцёр: «Людзі вымушаныя пазычаць грошы ў кагосьці, каб не галадаць»

12
Ліфцёр: «Людзі вымушаныя пазычаць грошы ў кагосьці, каб не галадаць»
Фота: БелТА

Дзяржаўнае прадпрыемства ў пасёлку Гатава пад Менскам сістэматычна затрымлівае выплату заробку.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Ізаліткамунпрам» знаходзіцца ва ўласнасці Менскага аблвыканкама і належыць яму на праве гаспадарчага вядзення. Аднак, нягледзячы на такога аўтарытэтнага гаспадара, «Ізаліткамунпрам» сістэматычна затрымлівае выплату заробку.

Гэта прадпрыемства ўваходзіць у структуру дзяржаўнага аб'яднання «ЖКГ Менскай вобласці». Зарэгістраванае ў аграгарадку Гатава Менскага раёна. Аднак прыкладна пятая частка ад агульнай колькасці работнікаў працуе ў Барысаве. Яны занятыя абслугоўваннем ліфтавай гаспадаркі шматпавярховых жылых дамоў. Гэта ліфцёр, механікі, аварыйная брыгада - усяго блізу сарака чалавек.

З затрымкай выплаты заробку яны сутыкаюцца сістэматычна. Пра гэта ex-Press.by распавёў ліфцёр Генадзь Фёдаравіч Курныш. Не толькі распавёў, але і прадэманстраваў дакументы.

Летась затрымкі раздражнялі настолькі, што ён наважыў звярнуцца ў пракуратуру Менскага раёна, па месцы рэгістрацыі прадпрыемства. 1 верасня 2016 года прыйшоў адказ, у якім канстатавалася, што за травень-чэрвень 2016 года на прадпрыемстве не выплачаны заробак.

У сувязі з гэтым 19 жніўня 2016 года пракуратура дырэктару прадпрыемства вынесла прадпісанне аб ліквідацыі парушэнняў працоўнага заканадаўства і аб неадкладным ужыванні захадаў для ліквідацыі запазычанасці ў заробку.

У дачыненні да дырэктара пракуратура вынесла таксама пастанову аб накладанні адміністрацыйнага спагнання.

Грошы за травень і чэрвень нарэшце аддалі, але сітуацыя, са слоў Генадзя Фёдаравіча, не змянілася. Напрыклад, заробак за люты 2017 года ён атрымаў толькі некалькі дзён таму назад, у дваццатых чыслах красавіка.

Сакавіцкі заробак, згодна з укладзеным кантрактам, павінны выплаціць не пазней за 25 чысла красавіка. Аднак, паводле стану на 26 красавіка, грошы на картку так і не паступілі.

- Заробак сам па сябе невялікі, але мяне задавальняе графік, - адкрыта распавядае Генадзь Фёдаравіч. - Але ж нават невялікі заробак сістэматычна затрымліваюць. Людзі вымушаныя пазычаць грошы ў кагосьці, каб аплачваць камунальныя паслугі, крэдыты, вучобу дзяцей і проста для таго, каб не галадаць.

Многія абураюцца, але адкрыта скардзіцца куды-небудзь не хочуць, баючыся страціць і гэтую працу. Сярод ліфцёраў нямала жанчын, якія не маюць іншай кваліфікацыі і могуць проста папоўніць колькасць беспрацоўных або, як пішуць у міліцэйскіх зводках, «непрацуючых».

Дырэктар ГП «Ізаліткамунпрам» Уладзімір Уладзіміравіч Чыркоўскі паабяцаў выплаціць заробак за сакавік да канца красавіка. Але ў голасе кіраўніка, як падалося, не было аптымізму.

- Ёсць затрымкі невялікія. Але захады ўжытыя. Сітуацыя будзе паляпшацца. Вядзецца праца для ўкаранення наўпроставых аплатаў насельніцтва за абслугоўванне ліфтаў. Гэта дазволіць, у нейкім плане, своечасова атрымліваць грашовыя сродкі, - выказаў надзею дырэктар.

Уладзімір Уладзіміравіч не пагадзіўся з тым, што затрымкі заробку носяць сістэмны характар. Часам, як ён сказаў, заробак выплачваецца своечасова. Разам з тым, дырэктар пацвердзіў, што фінансавая сітуацыя на прадпрыемстве не дазваляе выплачваць людзям аванс.

Справа ў тым, што ў адпаведнасці з укладзенымі кантрактамі прадугледжаны авансавыя выплаты заробку не пазней за 15 чысла гэтага месяца. Аднак працаўнікі атрымліваюць заробак цалкам. Часам своечасова.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках