28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння нарадзіўся генерал БНР Кіпрыян Кандратовіч

3
Сёння нарадзіўся генерал БНР Кіпрыян Кандратовіч

Кандратовіча можна назваць «бацькам беларускага войска».

28 красавіка 1859 г у Лідскім павеце нарадзіўся Кіпрыян Кандратовіч - беларускі і вайсковы дзеяч, генерал, чалец Народнага Сакратарыята БНР, піша radabnr.org.

Вучыўся ў Лідскай павятовай дваранскай школе, вайсковую службу пачаў ў 1875 г у Вільні.

Удзельнічаў у Руска-турэцкай вайне 1877-78 гг у шэрагах грэнадзёрскага корпуса. Праз некалькі гадоў пасля вайны, падчас навучання ў акадэміі, напісаў кнігу «Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 года», якая атрымала шырокі розгалас і добра вядомая гісторыкам Руска-турэцкай вайны 1877-78 гг.

Удзельнічаў у кітайскай кампаніі 1900 г і ў Руска-японскай вайне. У 1900 г з фармулёўкай «за баявыя ўзнагароды», раней за тэрмін, Кандратовіч быў уганараваны рангам генерал-маёра. 20 жніўня 1904 года за баявыя дасягненні падчас Руска-японскай вайны яму прысвоены ранг генерал-лейтэнанта, зноў датэрмінова. Падчас вайны з Японіяй паранены, узнагароджаны Ордэнам св. Георгія 4-й ступені.

У міжваенны перыяд займаў высокія вайсковыя пасады ў Беларусі, Туркестане і на Каўказе.

1910.12.06 г Кандратовіч уганараваны рангам генерала ад інфантэрыі - найвышэйшага вайсковага рангу Расейскай Імперыі ў мірны час.

За 42 гады службы ў расейскім імператарскім войску Кіпрыян Кандратовіч быў узнагароджаны амаль усімі вышэйшымі ордэнамі Расейскай Імперыі:

Св. Станіслава 3-й ст. (1885);

Св. Ганны 3-й ст. (1891);

Св. Станіслава 2-й ст. (1896);

Св. Ганны 2-й ст. (1899);

Св. Уладзіміра 3-й ст. з мячамі (1902);

Св. Станіслава 1-й ст. з мячамі (1904);

Св. Ганны 1-й ст. з мячамі (1905 г);

Залатая зброя (1906);

Св. Георгія 4-й ст. (1906.07.17);

Св. Уладзіміра 2-й ст. (1909.06.04; 1909.07.03);

Белага Арла (1912.12.06).

Падчас Першай Сусветнай вайны камандаваў корпусам у складзе войска генерала Самсонава.

У 1917 г Кіпрыян Кандратовіч далучаецца да беларускага нацыянальнага руху. На з'ездзе беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту ён абіраецца ў Цэнтральную Беларускі Вайсковую Раду. Генерал узяў на сябе працу ў фармаванні беларускіх палкоў на Заходнім фронце.

Захаваўся вершаваны наказ беларускім жаўнерам ад імя генерала Кандратовіча:

Не заб'юць Пагоню І не спыняць.

І Беларусь не запалоняць,

Не знішчаць нас, не забароняць,

Жаўнеры ёсць. Ёсць Ваяры.

Ёсць абаронцы.

У 1918 годзе разам з іншымі сябрамі Менскага Беларускага Народнага прадстаўніцтва прыняты ў склад Рады БНР. У складзе ўрада БНР на чале з Раманам Скірмунтам Кандратовіч прызначаны міністрам вайсковых спраў.

У 1919 г удзельнічаў у Парыжскай мірнай канферэнцыі.

Пасля адыходу Рады БНР і беларускіх вайсковых часцей на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі, Кандратовіч на кароткі час быў віцэ-міністрам абароны Літвы.

Памёр у 1932 годзе, пахаваны ў Воранаве.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках