19 красавiка 2024, Пятніца, 15:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрыманыя некалькі кіраўнікоў Транспартнай інспекцыі

17
Затрыманыя некалькі кіраўнікоў Транспартнай інспекцыі
Фото: taxist.by

Супрацоўнікі КДБ абвесцілі пра арганізацыю службовымі асобамі Транспартнай інспекцыі Мінтранса «карупцыйнай схемы».

У ёй нібыта ўдзельнічаў кіроўны склад цэнтральных і рэгіянальных падраздзяленняў, а таксама прадстаўнікі беларускіх транспартных кампаній. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўстановы.

Сцвярджаецца, што з 2015 года кіраўнік Транспартнай інспекцыі Леанід Лемеш і ягоны намеснік Аляксей Куцаеў пры спрыянні падначаленых супрацоўнікаў паставілі на «плынь» сістэму «гандлю» дазволамі на праезд велікагрузных транспартных сродкаў па тэрыторыі замежных дзяржаваў. Кошт складаў ад 50 да 120 эўраў за кожны дазвол у залежнасці ад ягонай катэгорыі.

Толькі са снежня 2016 года да красавіка 2017 года зафіксавана 10 фактаў атрымання Куцаевым хабараў ад больш чым 20 суб'ектаў гаспадарання. 13 красавіка 2017 г. пры атрыманні чарговага ўзнагароджання памерам 500 эўраў і 110 даляраў ЗША ад прадстаўнікоў айчыннай транспартнай кампаніі праз кіраўніка Гарадзенскай філіі Сяргея Грудзінскага Аляксей Куцаеў быў затрыманы з доказамі злачынства. Пасля затрыманыя і астатнія ўдзельнікі карупцыйнай схемы.

У якасці сталых пасярэднікаў, якія пастаўлялі Лемешу і Куцаеву «кліентаў», называныя кіраўнік Гомельскай філіі інспекцыі Сяргей Чучвага, кіраўнік Гарадзенскай філіі інспекцыі Сяргей Грудзінскі і ягоны намеснік Замара, блізкі знаёмы Куцаева Кіракоў.

У дачыненні да згаданых асобаў распачата 10 крымінальных справаў паводле артыкулаў 430 («атрыманне хабару»), 431 («даванне хабару»), 209 («махлярства») КК Рэспублікі Беларусь, да шэрагу фігурантаў ужытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту з утрыманнем у СІЗА КДБ.

Акрамя таго, выяўленая наладжаная ў Гомельскай вобласці сістэма вымагальніцтва ў замежных кіроўцаў хабараў «за бесперашкодны праезд». Інспектары атрымлівалі грошы ў ходзе транспартнага кантролю ў раёне н. п. Селішча Добрушскага раёна, пасля чаго паводле абумоўленай схемы размяркоўвалі іх на ўсю вертыкаль абласной інспекцыі – ад рэгіянальных спецыялістаў да кіраўніка Гомельскай філіі Чучвагі.

Акрамя кіраўніка Гомельскай філіі інспекцыі Чучвагі, паводле ўказаных фактаў затрыманыя яшчэ чатыры спецыялісты, у дачыненні да якіх распачатыя 2 крымінальныя справы паводле арт. 430 («атрыманне хабару») КК Рэспублікі Беларусь.

Матэрыялы крымінальных справаў перададзеныя для далейшага расследавання ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках