24 красавiка 2024, Серада, 3:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уступленне ў сілу новага Мытнага кодэкса Эўразійскай эканамічнай рады перанеслі

2
Уступленне ў сілу новага Мытнага кодэкса Эўразійскай эканамічнай рады перанеслі

Эўразійская эканамічная камісія перанесла на 1 студзеня 2018 года ўступленне ў сілу новага Мытнага кодэкса.

Такая пастанова была прынятая 28 красавіка на Радзе ЭЭК, хоць раней меркавалася, што кодэкс уступіць у сілу 1 ліпеня 2017 года, піша БДГ.

«На Радзе ЭЭК прынятая пастанова пра сінхранізацыю працэдураў ратыфікацыі Мытнага кодэкса Эўразійскага эканамічнага звяза. Гэта дазволіць яму ўступіць у сілу 1 студзеня 2018 года», – паведамілі ў камісіі.

Адначасова з Кодэксам пачнуць дзейнічаць першачарговыя пастановы Камісіі ў 25 пытаннях, аднесеных на наднацыянальны ўзровень і датычных рэгулявання дзейнасці ўпаўнаважаных эканамічных аператараў, правілаў перамяшчэння тавараў фізічнымі асобамі.

Таксама было пастаноўлена падоўжыць працу фарміравання правілаў і нормаў, якія забяспечваюць налічэнне пенсій, парадак экспарту пенсійных абавязальніцтваў і ўлік стажу працы ў іншай дзяржаве Эўразійскай эканамічнай рады.

Акрамя таго, будзе прадаўжацца ліквідацыя трох перашкодаў. Так, Беларусь увяла не прадугледжаную дамовай аб Эўразійскай эканамічнай радзе працэдуру санітарна-гігіенічнай экспертызы, якая абавязковая для харчовых прадуктаў, тавараў для дзяцей, парфумерна-касметычных сродкаў, сродкаў гігіены рота, будаўнічай сыравіны і матэрыялаў, побытавай тэхнікі, аўтамабільных кампанентаў.

У Казахстане не адпавядае праву Эўразійскай эканамічнай рады закупка за кошт бюджэту лекаў, вакцынаў і іншых імунабіялагічных прэпаратаў у рамках праграмы гарантаванага аб'ёму бясплатнай меддапамогі. Пры падобных закупках прэферэнцыі для ўдзелу ў конкурсах атрымліваюць нацыянальныя пастаўшчыкі. Астана абавязалася ліквідаваць гэты бар'ер да 1 ліпеня.

Абмежаваннем прызнаная і адсутнасць адзіных правілаў збірання забеспячальнага плацяжу пры рэалізацыі алкагольнай прадукцыі. Ён ужываецца ва ўсіх краінах Рады, акрамя Арменіі. У Расеі для замежных пастаўшчыкоў ён вышэйшы, чым для мясцовых, у Беларусі і Казахстане спаганяецца толькі з замежных прадаўцоў, у Кыргызстане – толькі з пастаўшчыкоў з краінаў Эўразійскай эканамічнай рады, што дыскрымінуюць экспарцёраў.

Таксама ўхвалены план развіцця праекта «адзінага вакна» ў сістэме рэгулявання знешнеэканамічнай дзейнасці ў дзяржавах ЕАЭС. Камісія і краіны павінны зацвердзіць эталонную мадэль нацыянальнага механізму «адзінага вакна», якая ўключае дэталёвае апісанне функцыяў і архітэктуры. Плануецца распрацаваць інструменты, стандарты і рэгламенты для ўкаранення і развіцця эталоннай мадэлі.

Рада ЭЭК унесла змены ў тэхрэгламент Эўразійскай эканамічнай рады «Аб бяспецы прадукцыі, прызначанай для дзяцей і падлеткаў», удакладніўшы патрабаванні да бяспекі і якасці тканінаў, якія выкарыстоўваюцца для пашыву дзіцячага адзення, і дазволіўшы выкарыстоўваць у падкладцы дзіцячага абутку сучасныя штучныя матэрыялы з падвышанымі спажывецкімі ўласцівасцямі.

Быў ухвалены праект пастановы Эўразійскай міжурадавай рады наконт парадку ўзаемадзеяння дзяржаваў Эўразійскай эканамічнай рады і Эўразійскай эканамічнай камісіі пры распрацоўцы і рэалізацыі супольных навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх працаў у сферы АПК.

Нагадаем, што 27 кастрычніка 2016 года кіраўнікі ўрадаў краінаў Эўразійскай эканамічнай рады – Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расеі – не змаглі ўзгадніць праект Мытнага кодэкса Эўразійскай эканамічнай рады. Пазней Кодэкс быў прыняты, аднак без удзелу Беларусі.

3 лютага 2017 года Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму не падпісаў Мытны кодэкс: на ягоную думку, дакумент не працуе на практыцы і ўшчамляе інтарэсы некаторых бакоў. Тады ж Лукашэнка паведаміў, што загадаў адклікаць асноўных спецыялістаў з мытных органаў. Прэзідэнт паабяцаў, што без развязання ўсіх праблемаў дакумента Кодэкс не падпіша.

Тым не менш 11 красавіка Беларусь падпісала Мытны кодэкс, хоць праблемныя пытанні так і не былі развязаныя. Не выключана, што падпісанне Мытнага кодэкса беларускім бокам стала адной з умоваў развязання двухбаковых праблемаў паміж Беларуссю і Расеяй і некаторага пацяплення стасункаў паміж краінамі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках