25 красавiка 2024, Чацвер, 7:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Камароўскі: Уладам не ўдалося збіць баявы настрой грамадства

9
Аляксандр Камароўскі: Уладам не ўдалося збіць баявы настрой грамадства
АЛЯКСАНДР КАМАРОЎСКІ
ФОТА: RFE/RL

Градус напружанасці ў краіне толькі нарастае.

Аб сітуацыі ў Беларусі ў інтэрв'ю belprauda.org разважае ветэран Афганскай вайны Аляксандр Камароўскі.

- У лютым-сакавіку па Беларусі пракацілася хваля пратэстаў. Што прымусіла людзей выйсці на вуліцу, асабліва ў рэгіёнах?

- Выйсці на вуліцу беларуса прымусіла эканамічная і сацыяльная неўладкаванасць, незадаволенасць сваім жыццём, несправядлівасць і нахабства сістэмы. Іскрай, якая выклікала выбух, стаў дэкрэт аб «дармаедстве».

Назваць яго можна як заўгодна – дрэнным, антынародным, недапрацаваным і нават дэбільным. У краіне дастаткова шмат маладых гультаёў, якія ствараюць праблемы грамадству – п'яніцы, прафесійныя наркаманы, злодзеі – вось іх сапраўды трэба прымусіць працаваць і прыносіць карысць краіне.

Праблема ў тым, што дзяржава не займаецца гэтай праблемнай праслойкай наогул, улады пераследуюць іншадумцаў і сваіх палітычных апанентаў. Чарговым разам хачу нагадаць характэрны прыклад, калі я, ветэран вайны і кіраўнік Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі інвалідаў афганскай вайны, у жніўні 2006 года ў апазіцыйнай газеце «Народная Воля» напісаў, што беларускі чыноўнік абавязаныя быць маральна чыстымі, як сляза немаўляці, тут жа апынуўся пад прэсам структур улады і сілавых структур. І толькі адмова двух сумленных следчых міліцыі распачаць крымінальныя справы дазволіла пазбегнуць пасадкі на нары...

Сітуацыю ацэньваю, як вельмі негатыўную і выбуханебяспечную. Патрэбныя тэрміновыя дзеянні, канкрэтныя рэформы, жаданне і здольнасць размаўляць з народам і лідарамі рухаў дзеля кансалідацыі грамадства.

Фактычна сітуацыя катастрафічная.

- Апафеозам зімова-вясновых пратэстаў стаў Дзень Волі. Чаму рэжым вывеў супраць мірных грамадзян тысячы баевікоў у поўным узбраенні?

- Дзеянні дамарослых дыктатараў (Пуціна і Лукашэнкі) не паддаюцца лагічнаму асэнсаванню. Яны часта робяць памылкі і прымаюць пастановы на шкоду інтарэсам сваіх дзяржаў. Канкрэтныя дзеянні Лукашэнкі на Дзень Волі ўважаю за самую грубую памылку, палітычны пралік і злачынства супраць народа. Ніякага апраўдання і талковага тлумачэння гэтым брыдкім дзеянням супраць людзей у мяне няма.

Беларуская ўлада закладвае міну запаволенага дзеяння пад будучыню краіны, напрыклад, абвастрае канфрантацыю ў грамадстве. На фоне вайны на беларускіх межах, у варунках напаленай да немагчымага геапалітычнай абстаноўкі, няма ніякіх гарантый, што Беларусь не падвергнецца вонкавай агрэсіі паводле ўкраінскага сцэнару. Разумны і маральны лідар будзе падтрымліваць давер і кансалідацыю паміж уладай, сілавым блокам і праваахоўнай сістэмай, і народам, рыхтуючыся да ваенных выклікаў. А галоўнае звяно ў гэтай звязцы – народ, які і з'яўляецца абаронцам краіны. Абураны і раздробнены народ, з якога доўгія гады здзекаваліся слугі народа, не ўстане на абарону гэтай улады.

Дзеянні адміністрацыі Лукашэнкі і сілавога блока на Дзень Волі ўважаю за абсалютна неапраўданыя, бязмозглыя, якія прынеслі велізарную шкоду народу, краіне.

- На фоне масавых пратэстаў супраць збяднення КДБ сфалісіфікаваў крымінальную справу аб падрыхтоўцы да «масавых беспарадкаў», якая ці то трансфармавалася ў справу «Белага легіёну», ці то развіваецца паралельна. «Белага легіёну» не існуе, а крымінальная справа распачатая, прычым на данос нейкай «фраў А.». Навошта?

- Лукашэнка на Дзень Волі дапусціў грубы пралік. Але калі трэба замятаць сляды ўласнага бязладдзя, то, натуральна, гэтым займаецца КДБ, выкарыстоўваючы стогадовы досвед сваіх папярэднікаў. Спецслужбы ніколі не абаранялі народ і краіну. У нашай сям'і ў 1937 годзе расстраляныя два чалавекі. Адзін быў доктарам і не дазволіў на 1 траўня выдаваць людзям гнілыя макароны з чарвякамі; расстраляны паводле артыкула «дыскрэдытацыя Савецкай улады». Другога дзядзьку, простага лесаруба ў Пермскай вобласці, які пражываў пад арыштам НКВД у 600 кіламетрах ад чыгункі, расстралялі як агента японскай выведкі, народжанага ў Беларусі, высланага на Урал, які ніколі ў жыцці не бачыў жывога японца. Вось так «працавалі» гэтыя службы раней, стараюцца і цяпер, каб вывесці з-пад удару гаранта. А выступы фраў А і іншых ілжэсведак – гэта для «лехтарату».

Можна ўспомніць, як знішчалі даручаную мне грамадскую арганізацыю ветэранаў афганскай вайны: цкавалі, падкідвалі, заводзілі крымінальныя справы і г. д. Таму дзеянні беларускага КДБ прадказальныя і чаканыя.

«Белы легіён» выцягнулі на святло Божае не выпадкова. Менавіта пры такой назве можна зляпіць у КДБ сур'ёзных тэрарыстаў і дагадзіць расейскім куратарам. Выкарыстоўваць гэтую «шыльду» можна не толькі для ўнутранага беларускага спажыўца, але і як арганізацыю, накіраваную сваім вастрыём супраць «расейскага свету» і нашага «сябра» Пуціна. Такой арганізацыі не існуе, але засталася патрыятычная ідэя і высокі маральны дух, які можна і трэба выкарыстоўваць для абароны беларускага народа і краіны. А вось гэтыя рэчы могуць быць небяспечнымі для прарасейскіх сіл у КДБ Беларусі. У выпадку вонкавай агрэсіі з боку Расеі цалкам рэальнае стварэнне народнага супраціву і народнай гвардыі пад назвай «Белы легіён». Нацыя белая (чыстая), высакародныя мэты – абарона Айчыны. Так што дзякуй КДБ, што ўспомнілі аб добрым. А. Лукашэнку папрашу вельмі старанна абдумваць інфармацыю, якая ўдзімаецца ў вушы сілавікам.

- Ці здолелі ўлады новай хваляй рэпрэсій збіць пратэстны настрой?

- Хваля рэпрэсіяў зусім не збіла баявы настрой грамадства і ўнутраныя пратэсты. Наадварот, градус напружанасці нарастае, народ усё больш і больш абураецца – хвароба набывае хранічныя формы невылечнага характару, што можа мець катастрафічныя наступствы.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках