У Барысаве ўчыніў самагубства 25-гадовы жаўнер тэрміновай службы
51- 3.04.2017, 18:04
- 69,030
Да заканчэння тэрміну службы яму заставалася паўгода.
Ананімная інфармацыя пра самагубства 31 сакавіка жаўнера тэрміновай службы ў вайсковай частцы, размешчанай у Зялёным гарадку ў Барысаве, з'явілася сёння ў мясцовым выданні «Тыповы Барысаў».
Прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў пацвердзіў ex-Press.by факт суіцыду. Жаўнеру было 25 гадоў, і да заканчэння тэрміну службы яму заставалася паўгода.
У пачатку лютага 2017 года ў Барысаўскім раёне быў знойдзены труп жаўнера, зніклага восенню 2016 года з вайсковай частцы ў Жодзіне. Следства выказала меркаванне, што маладзён учыніў суіцыд.
19 студзеня 2017 года ў 72-м навучальным цэнтры ў Печах пад Барысавам памёр жаўнер паветрана-дэсантных войскаў. У СМІ пісалі, што ён памёр на пляцы. Прэс-служба Міністэрства абароны пацвердзіла смерць жаўнера ў Печах, аднак, удакладніла, што яна не звязаная непасрэдна з праходжаннем вайсковай службы.
У жніўні 2016 года на 227-палігоне «Барысаўскі» застрэліўся жаўнер тэрміновай службы. Вайсковец атрымаў баявыя патроны і адправіўся на агнявы рубеж. Не даходзячы да яго некалькі метраў, хлопец прыставіў аўтамат да галавы і стрэліў.
У жніўні 2013 года вайсковай частцы 43064б у Печах памёр жаўнер тэрміновай службы з Гомельскай вобласці. Афіцыйная версія смяротнага зыходу — гіпертанічны крыз, ускрыццё паказала яшчэ і ацёк лёгкіх.