20 красавiка 2024, Субота, 2:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Шуневіч цаляе на месца Лукашэнкі

28
Зміцер Бандарэнка: Шуневіч цаляе на месца Лукашэнкі
КАРЫКАТУРА: CARTOONBANK.RU

Ці паставіць Шуневіч у Беларусі помнік «уласаўцам»?

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка пракаментаваў Charter97.org справу Вячаслава Касінерава.

- Як вы пракаментуеце саму справу Касінерава і нечакана мяккі прысуд у выглядзе штрафу ў пяць базавых велічынь?

- Вельмі рады, што на свабодзе Вячаслаў. Ён сапраўдны герой і яркая творчая асоба. І справу яго можна назваць эстэтычнай, яна можа ўвайсці ў гісторыю сучаснага мастацтва Беларусі, таксама як і розныя справы, звязаныя з графіці.

Калісьці Мікалай Халезін, ацэньваючы сітуацыю ў Беларусі, сказаў, што на самой справе галоўны канфлікт у нашай краіне – эстэтычны, канфлікт паміж уладай і народам, нармальнымі людзьмі і салдафонамі.

Вячаслаў Касінераў сваім перформансам паказаў, што для яго, як і для большасці беларусаў, скульптурка царскага гарадавога ў Менску – гэта не проста непрафесійна зробленая праца. Гэта сімвал прыгнёту, прычым падвойнага прыгнёту. Гэта напамін пра прыгнёт беларусаў царызмам і адначасова сімвал грубай сілы пасля брутальнага разгону акцыі 25 сакавіка.

Але мастацтва таямнічым чынам уплывае на наша жыццё. І гэты нечакана «шчаслівы» прысуд, гэта адступленне ўлады звязанае з тым, што як толькі канфлікт выйшаў у публічную і ў судовую сферу, стаў зразумелы абсурдны характар самой гэтай справы.

Стала відаць, што міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч проста пакрыўдзіўся праз тое, што яго капрыз, яго дурнота і глупства былі адмоўна ацэнены грамадствам. І за гэта ўсе-такі нельга саджаць чалавека ў турму.

- Вы згадалі міністра Шуневіча. Многія памятаюць, як ён назваў помнік гарадавому «святым месцам». Ці мае гэты працэс нейкае значэнне для разумення структуры ўлады ў Беларусі на сённяшні дзень?

- На мой погляд, Шуневіч адназначна меціць на месца Лукашэнкі. Абсалютна відавочна, што ён хоча прадэманстраваць сваё рабалепства перад Уладзімірам Пуціным праз такія сімвалічныя жэсты: праз боты і анучы НКУС, праз царскага гарадавога. Гэта структуры, якія для беларусаў з'яўляюцца сімваламі як мінімум прыгнёту. Бо і на рахунку царскай «ахранкі», і асабліва НКУС – велізарная колькасць злачынстваў супраць беларускага народа.

Ураджэнец Луганскай вобласці Шуневіч не можа быць прэзідэнтам Беларусі, але цалкам можа стаць кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі ў якасці генерал-губернатара.

Не здзіўлюся, калі Шуневіч працягне сваю кампанію для Пуціна пад назвай «Звярніце на мяне ўвагу, Уладзімір Уладзіміравіч» з'яўленнем якога-небудзь новага цудоўнага «праекту».

Не здзіўлюся, калі дзе-небудзь ва Усходняй Беларусі з'явіцца помнік «уласаўцу» з нашыўкай у выглядзе расейскага трыкалора, ваяку Расейскай вызваленчай арміі (РОА) ці Расейскай вызваленчай народнай арміі (РОНА). Як вядома, «ўласаўцы» змагаліся з партызанскім рухам ва Усходняй Беларусі, спальвалі разам з людзьмі беларускія вёскі.

У Расеі цяпер адбываецца «збіранне ўсіх гістарычных камянёў»: героямі сталі і «чырвоныя», і адмірал Калчака, адбываецца рэабілітацыя генерала Уласава.

- У Беларусі цяпер працягваюцца іншыя палітычныя справы. Якія можна зрабіць высновы і прагнозы паводле іх на падставе «справы Касінерава»?

- Мы бачым велізарны страх улады. І паводзіны Шуневіча сведчыць аб тым, што сілавікі разумеюць сітуацыю. У іх дастаткова шмат інфармацыі: яны ведаюць і рэальнае становішча спраў у эканоміцы, і настроі людзей. Яны ўжо не звязваюць сваю асабістую будучыню з Лукашэнкам, а спрабуюць заваяваць сімпатыі Крамля, асабліва напярэдадні грандыёзных расейска-беларускіх вучэнняў.

Таму ідзе барацьба і з Касінеравым, і з беларускімі патрыётамі, і з беларускімі гісторыкамі, і з хлопцамі.

Лукашэнка знаходзіцца ў неадэкватным стане і да канца не разумее гульні сілавікоў.

- Што рабіць беларускай апазіцыі ў 2017 годзе?

- Натуральна, дэмакраты павінны выкарыстоўваць слабасць улады і працягнуць пратэсты.

Беларускіх патрыётаў – мільёны. І мы зробім усё, каб вызваліць людзей, якія зараз знаходзяцца ў засценках.

Думаю, што прарасейскі рэжым у Беларусі ўжо дажывае свой век і знаходзіцца пры канцы лёту. Час Лукашэнкі і лукашыстаў мінуў.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках