20 красавiка 2024, Субота, 16:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як вярнуць беларусам лацінку

18
Як вярнуць беларусам лацінку

Ці варта беларусам адмаўляцца ад кірыліцы?

Пасля таго, як Казахстан абвясціў аб пераходзе на лацініцу, такую ж змену алфавіту прапанавалі ў Кыргызстане. Ці варта беларусам адмаўляцца ад кірыліцы?

Ад кірыліцы не варта адмаўляцца, але і на лацінку забывацца не трэба

Мовазнаўца Вінцук Вячорка лічыць, што беларусам варта арыентавацца на прыклад Сербіі, дзе кірыліца і лацініца нароўні выкарыстоўваюцца на практыцы, пiша zautra.by.

– У Беларусі гістарычна існавалі два алфавіты. Таму нам не трэба гаварыць пра пераход, а трэба гаварыць пра вяртанне беларускай мове статуса біграфічнай. Пры камунізме выкарыстанне лацінкі ў беларускай мове было забаронена па ідэалагічных прычынах. У будучыні усё пераводзіць на лацінку не трэба, але гэтая графічная сітстэма павінна быць у нашай свядомасці, – адзначае Вінцук Вячорка.

– Ад кірыліцы нам ні ў якім разе не варта адмаўляцца, гэта наш нацыяльны брэнд. Але і на лацінку забывацца не трэба, – лічыць кіраўнік «Таварыства беларускай мовы» Алег Трусаў.

Вінцук Вячорка звяртае ўвагу, што беларуская лацінка добра распрацавана, яе правілы замацаваны ў падручніках, таму пры вяртанні яе ў шырокі ўжытак нічога выдумляць не трэба.

Больш за тое, лацінка выкарыстоўваецца і ў сучасны перыяд беларускай гісторыі. У 80-я гады, як толькі савецкая імперыя пачала развальвацца, лацінкай сталі выдавацца незалежная прэса і самвыдавецкія матэрыялы, нагадвае мовазнаўца.

Некалькі гадоў таму лацінкай выдаў кнігу пісьменнік Уладзімір Арлоў.

– Паўнавартасны статус беларускай лацінцы дазволіла б набыць увага да яе з боку дзяржавы. Але, на жаль, яна сёння не спрыяе беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Для вяртання практыкі выкарыстання лацінскага алфавіту трэба здымаць заканадаўчыя абмежаванні і забароны, – адзначае Вінцук Вячорка.

Вывучаць лацінку можна на ўроках беларускай мовы ў школе

Кіраўнік ТБМ Алег Трусаў лічыць, што вярнуць лацінку ў шырокі ўжытак можна праз школу.

– Дастаткова праводзіць некалькі заняткаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Вось плануецца рэформа сістэмы адукацыі, чаму б гэта афіцыйна не ўвесці? Калі людзі будуць ведаць беларускую лацінку, то будуць пры нагодзе ёю карыстаццца, – гаворыць Алег Трусаў.

Вінцук Вячорка лічыць, што беларускай лацінкай можна было б карыстацца ў тых сферах, дзе гэты алфавіт больш эканомны. Да прыкладу, у эсэмэсках лацінкай можна набраць больш знакаў, чым кірыліцай. Некаторыя беларусы і сёння гэта робяць, але не па правілах нашай лацінкі.

Відавочна, што імёны ў пашпартах і назвы тапонімаў таксама больш правільна было б указваць на беларускай лацінцы.

– Без лацінкі мы нікуды не дзенемся. Кожны народ адаптуе лацінскі алфавіт пад сваю мову і вымаўленне. Зараз у нас у асноўным выкарыстоўваюць англамоўную лацінку, але як там перадаць, да прыкладу, гук «дж»? А нашыя продкі гэта распрацавалі. Дык нашто беларусам выкарыстоўваць лацінку, дзе няма нашых гукаў? – лічыць Алег Трусаў. – Лацінскім алфавітам карыстаецца большасць цывілізаванага свету. Нельга ігнараваць гэты фактар.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках