30 сакавiка 2024, Субота, 3:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасля Brexit Еўропа можа дазволіць аб'яднанай Ірландыі ўступіць у ЕЗ

3
Пасля Brexit Еўропа можа дазволіць аб'яднанай Ірландыі ўступіць у ЕЗ
Дублин
Иллюстрационное фото

Калі Ірландыя ўз'яднаецца, яе поўнач аўтаматычна атрымае сяброўства ў ЕЗ.

Лідары Еўразвязу на сваім саміце ў выходныя дні павінны абмеркаваць заяву аб тым, што калі Ірландыя ўз'яднаецца, яе поўнач аўтаматычна атрымае сяброўства ў ЕЗ, піша The Guardian (пераклад - inosmi.ru).

Не выключана, што еўрапейскія лідары рыхтуюцца прызнаць аб'яднаную Ірландыю ў дэкларацыі, якая створыць умовы для таго, каб поўнач зноў хутка ўступіла ў Еўрапейскі Звяз. На сваёй сустрэчы ў пытанні выхаду Брытаніі з ЕЗ, якая адбудзецца ў суботу, 27 кіраўнікоў краін-чальцоў саюза павінны абмеркаваць тэкст заявы, у якой гаворыцца, што ў выпадку ўз'яднання Ірландыі яе поўнач аўтаматычна стане часткай Еўразвязу.

Такая фармулёўка ў тэксце дэкларацыі - гэта вялікая перамога ірландскага ўрада, які намагае на ўключэнні ў яго «палажэння аб ГДР», маючы на ўвазе ўваходжанне Усходняй Нямеччыны ў Еўрапейскую суполку пасля падзення Берлінскай сцяны. Гэтая дэкларацыя напэўна выкліча асцярогі, што Brexit можа справакаваць развал Злучанага Каралеўства, хоць большасць у Паўночнай Ірландыі супраць аб'яднання.

Еўрапейскія дыпламаты рыхтуюцца да лютай рэакцыі ў адказ з боку Вялікай Брытаніі, памятаючы пра злыя загалоўкі ў жоўтай прэсе пасля з'яўлення розных прагнозаў аб статусе Гібралтара. На патрабаванне Мадрыда Еўразвяз пагадзіўся з тым, што гішпанскі ўрад павінен атрымаць права на выключэнне Гібралтару з усякіх пагадненняў аб гандлі паміж ЕЗ і Злучаным Каралеўствам, калі Гішпанія не будзе задаволеная статусам гэтай тэрыторыі.

Палажэнне аб Ірландыі з'явілася праз Белфастскае пагадненне аб міры, у якім гаворыцца, што поўнач і поўдзень Ірландыі маюць права на аб'яднанне ў тым выпадку, калі на гэта дасць згоду большасць у Паўночнай Ірландыі. Ірландскі прэм'ер-міністр Энда Кені заяўляе, што поўначы Ірландыі вельмі важна атрымаць магчымасць для палегчанага ўступлення ў ЕЗ у выпадку ўз'яднання выспы.

Праз Brexit пытанне аб адзінай Ірландыі зноў выйшла на першы план, аднак гэтая ідэя не карыстаецца вялікай падтрымкай у грамадстве. У Паўночнай Ірландыі, дзе нядаўна адбылося апытанне грамадскай думкі, відавочная большасць у 62 адсоткі выступае за тое, каб іх тэрыторыя засталася ў складзе Злучанага Каралеўства, і толькі 22 адсоткі падтрымліваюць аб'яднанне Ірландыі. Выбаршчыкі на поўдні таксама ставяцца да ўз'яднання скептычна, асабліва калі за гэта давядзецца плаціць.

Адказваючы на пытанне пра тое, як яны прагаласуюць на рэферэндуме, калі аб'яднанне Ірландыі абыдзецца ў дзевяць мільярдаў даляраў на год, толькі траціна ірландскіх рэспандэнтаў сказалі, што падтрымаюць уз'яднанне. Траціна прагаласуе супраць, а яшчэ траціна не вызначылася.

«Палажэнне аб ГДР» утрымліваецца ў асобным дакуменце, ня ўключаным у афіцыйныя дырэктыўныя матэрыялы ЕЗ аб перамовах. Гэта выклікана тым, што яго ўважаюць за адлюстраванне Белфастскага пагаднення, але не тэмай для абмеркавання з Вялікай Брытаніяй.

Інфармаваныя людзі ў Брусэлі кажуць, што суботні саміт будзе кароткім. Яны мяркуюць, што лідары ЕЗ хутка ўхваляць дырэктыўныя матэрыялы перамоваў аб Brexit, у якіх выкладаюцца абмежаванні Еўразвязу, бо на ўзроўні экспэртаў ўсё ўжо ўзгодненае і зацверджанае.

Гадзіннік цікае, і да пачатку афіцыйных перамоў пасля выбараў 8 чэрвеня застаецца ўсё менш часу. У гэтай абстаноўцы з'яўляецца ўсё больш прыкмет таго, што Еўразвяз надта ўзлаваны на Брытанію. У чацвер канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель сказала, што брытанскія палітыкі знаходзяцца ва ўладзе ілюзій, мяркуючы, што Злучанае Каралеўства пасля выхаду з Еўразвязу захавае большую частку прывілеяў ад сяброўства ў блоку.

Перад выступам у бундэстагу ў канцлеркі Нямеччыны адбылася размова са старшынём Еўракамісіі Жан-Клодам Юнкерам. Ён расказаў ёй пра вячэру, якая прайшла вечарам папярэдняга дня на Даўнінг-стрыт 10, на якой прысутнічаў ён, кіраўнік дэлегацыі ЕЗ на перамовах аб Brexit і Тэрэза Мэй.

Адзін дыпламат з Еўразвязу сказаў: «Я адчуваю глыбокі песімізм і не спадзяюся на станоўчы вынік гэтых перамоваў». У сувязі з гэтым ён мяркуе, што шанцы на выхад Брытаніі з ЕЗ без усякага пагаднення перавышаюць 50 адсоткаў.

Еўразвяз незадаволены тым, што каманда Мэй, на яго думку, «несур'ёзна ставіцца» да абяцання Дэвіда Кэмерана плаціць унёскі ў бюджэт ЕЗ аж да 2020 года. Брусэль намагае на тым, каб брытанцы стрымалі слова, дадзенае экс-прэм'ерам. «Яны [брытанцы] жывуць не проста на іншай планеце - яны з’яўляюцца насельнікамі іншай галактыкі», - сказаў еўрапейскі дыпламат.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках