29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць карысных звычак для здароўя мозгу

2
Пяць карысных звычак для здароўя мозгу

Прадуктыўнасць працы мозгу лёгка павысіць, прытрымліваючыся простых правілаў.

Хвароба Альцгеймера - адно з самых распаўсюджаных захворванняў мозгу, але лекаў ад яго пакуль не існуе. Аднак знізіць рызыку развіцця гэтай хваробы можна, трохі змяніўшы свой лад жыцця, піша lifehacker.ru.

1. Правільна харчуйцеся

Дыета, карысная для мозгу, уключае шмат гародніны (асабліва ліставой зеляніны), ягады, арэхі, прадукты з цэльнага зерня, бабовыя, аліўкавы алей, морапрадукты, мяса птушкі. Паводле звестак даследавання, такая дыета значна зніжае рызыку развіцця хваробы Альцгеймера.

2. Высыпайцеся

Пры хваробе Альцгеймера ў мозгу назапашваюцца рэчывы пад назвай бэта-амілоіды. Яны ўтвараюць бляшкі, якія перашкаджаюць перадачы сігналаў паміж нейронамі. Навукоўцы мяркуюць, што сон дапамагае рэгуляваць узровень бэта-амілоідаў і не дае ім назапашвацца.

«Пакуль мы дакладна не ведаем, як менавіта сон звязаны з хваробай Альцгеймера, - кажа Брэндан Люсі (Brendan Lucey), неўролаг з Медыцынскай школы Універсітэта Джорджа Вашынгтона, - але існуе дастаткова довадаў таго, што недахоп сну павялічвае рызыку ўзнікнення гэтага захворвання».

Таму ён раіць высыпацца, а пры ўсякіх праблемах са сном (апноэ, бессань) звяртацца да спецыяліста.

3. Трэніруйце свой мозг

Апошнім часам сталі папулярныя розныя гульні для трэніроўкі мозгу, якія абяцаюць палепшыць памяць. І хоць яны сапраўды дапамагаюць развіць пэўныя навыкі, пакуль няма сведчанняў, што яны неяк уплываюць на наша жыццё.

«Чытайце і абмяркоўвайце кнігі, вучыце новыя мовы, спрабуйце граць на музычных інструментах, прайдзіце якія-небудзь курсы і не забывайце камунікаваць, - раіць неўролаг Артур Крэмэр (Arthur Kramer) з Паўночна-Усходняга ўніверсітэта ў Бостане. - Разумовая і сацыяльная актыўнасць абавязковыя для здароўя мозгу».

4. Больш рухайцеся

Паводле звестак даследавання, апублікаванага ў часопісе Lancet Neurology, адна пятая ўсіх выпадкаў хваробы Альцгеймера ў ЗША звязаная з маларухомым ладам жыцця. А падчас яшчэ аднаго даследавання было выяўлена, што ў больш актыўных людзей імавернасць узнікнення гэтай хваробы на 40% ніжэйшая, чым у тых, хто рухаецца радзей.

Рух і заняткі спортам вельмі важныя для здароўя мозгу. Лекары рэкамендуюць займацца як мінімум 150 хвілін на тыдзень аэробнымі практыкаваннямі. Сюды могуць уваходзіць хада, ровар ці плаванне.

5. Паклапаціцеся аб сваім сэрцы

За здароўем сэрца сачыць вельмі важна, бо ад яго залежыць і здароўе мозгу. Паводле звестак даследавання, якое праводзілася цягам 25 гадоў, у людзей з такімі захворваннямі сэрца, як сардэчная недастатковасць або арытмія, прыкметна падвышаецца рызыка развіцця хваробы Альцгеймера.

Акрамя таго, была выяўленая сувязь паміж павышаным узроўнем халестэрыну ў крыві, высокім ціскам і хваробай Альцгеймера.

Чым больш вы будзеце клапаціцца пра сваё сэрца (займацца спортам, правільна харчавацца, сачыць за ціскам і ўзроўнем халестэрыну), тым здаравейшым будзе і ваш мозг. Да таго ж, гэта выдатная прафілактыка захворванняў сэрцава-судзіннай сістэмы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках