20 красавiка 2024, Субота, 15:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лядовае пабоішча»: гісторыя вялікага падману

33
«Лядовае пабоішча»: гісторыя вялікага падману

Як Пётр I, і Сталін перапісвалі гісторыю.

5 красавіка 2017 спаўняецца 775 гадоў адной з самых разрэкламаваных на пустым месцы бітваў усходнеславянскага сярэднявечча, піша nn.by.

Сапраўдная слава да Аляксандра Неўскага прыйшла за часамі Пятра і, калі Расея пачала адваёўваць берагі Нявы ў Швэцыі. Чарговым разам Неўскі спатрэбіўся Сталіну...

Усякі савецкі школьнік цвёрда ведаў, што: «У 1242 годзе наўгародскі князь Аляксандр Яраслававіч Неўскі, вызваляючы Пскоў, заняты лівонскімі рыцарамі, разбіў крыжакоў на лёдзе Чудскага возера. Нямецкае войска, пастроенае клінам, або «свіннёй», было аточанае і знішчанае флангавым ударам наўгародскай конніцы і засаднага палка. Рыцары ў цяжкім узбраенні праваліліся пад лёд, які іх не вытрымаў. Бітва назаўжды спыніла крыжацкую агрэсію на Ноўгарад...» І далей прыкладна ў тым жа ключы.

А як было напраўду?

Існуюць дзве больш-менш вартыя даверу крыніцы інфармацыі пра «лядовае пабоішча» — Першая Наўгародскі летапіс і «Рыфмаваная хроніка» Генрыха Латвійскага.

Летапіс сведчыць, што Аляксандр хадзіў у лівонскія землі не адзін, а з братам Андрэем Яраслававічам, які прывёў на дапамогу Суздальскую дружыну. Андрэя і называюць галоўным героем тых падзей. Месца бітвы таксама вызначанае досыць умоўна: «за Псковам, на возеры». Указанні на Чудскае возера і «Варонін камень» з'явіліся ў больш позніх крыніцах. У іх жа таямніча знік і брат.

Храніст крыжакоў Генрых, які яшчэ застаў жывых сведак тых падзей, адзначае, што забітыя падчас сутыкнення падалі...у траву. Аб бітве ў яго напісана скупа, сцісла, як аб шараговым памежным канфлікце, адной з сутычак падчас набегаў наўгародцаў на лівонскія землі, якая з'явілася адказам на набег лівонцаў на Пскоў.

Войска крыжакоў не магло складацца выключна з рыцараў.

Ва ўсёй Лівоніі на той момант іх налічвалася не больш за сто. Асноўную яго частку складалі кнехты-пехацінцы, чудскія і ліўскія дружыны. Забіта было, згодна з першым летапісам, 400 «немцаў» і «чудзі без ліку», 50 трапіла ў палон. Генрых піша, што загінула 20 рыцараў.

Навошта было раздуваць з гэтай сутычкі «Лядовае пабоішча»? Qui prodest? Расейскі гісторык Уладзімір Аракчэеў вылучае некалькі этапаў узнікнення легенды. Першы — 1381 год. Маскоўскае княства тады спрабавала вызваліцца ад татараў, патрэбныя былі станоўчыя вобразы змагароў-патрыётаў. Менавіта ў гэты час парэшткі князя Аляксандра, які прыняў манаства перад смерцю, былі «цудоўна адшуканыя».

Кананізаваны князь быў у 1549 г, калі патрэба ў гераічных прыкладах з гісторыі вырасла яшчэ больш — у той час Іван Жахлівы змагаўся з Казанскім ханствам.

Было напісана літаратурнае «Жыціе» князя Аляксандра, цытаты з якога траплялі ў пазнейшыя летапісы ўжо як рэальныя факты.

Але сапраўдная слава, піша гісторык, прыйшла да Неўскага за часамі Пятра і, калі Расея пачала адваёўваць берагі Нявы ў Швэцыі.

У Санкт-Пецярбургу збудавалі Аляксандра-Неўскую лаўру, куды з Уладзіміра перанеслі парэшткі князя.

Чарговым разам вобраз Неўскага спатрэбіўся Сталіну.І быў увекавечаны сродкамі «найважнейшага з мастацтваў». Менавіта фільмам Сяргея Эйзенштэйна «Аляксандр Неўскі» быў замацаваны міф пра лёд, які трэснуў пад рыцарамі, хоць у той час што крыжакі, што наўгародскія цяжкаўзброеныя коннікі неслі на сабе адны і тыя ж 18-30 кг).

У гэтым жа фільме, знятым у 1938 г, сустракаюцца і перадваенныя савецкія лозунгі. Напрыклад, Неўскі прамаўляе фразу аб тым, што біць ворага ён будзе на чужой тэрыторыі.

Таксама «Лядоваму пабоішчу» прысвяціў выдатную паводле мастацкай сілы паэму Канстанцін Сіманаў, правёўшы паралелі з 1242-га ў 1937-ы.

Дзесьці ў працэсе «лакіроўка» Неўскага была «цудоўным чынам знойдзеная» і падрабязная тактычная схема Лядовага пабоішча, якая дзіўна нагадвае бітву пры Канах (216 г. да н. э.). Характэрна ўжо тое, што звесткі пра наяўнасць у Неўскага засаднага палка савецкія гісторыкі знайшлі на...мініятуры XVI ст.

У 1950-я на Чудскае возера былі арганізаваныя цэлыя тры археалагічныя экспедыцыі. Ні брацкай магілы воінаў, ні хоць якіх-небудзь слядоў зброі на дне і ў ваколіцах не было знойдзена.

Але міф прадаўжае жыць. Аляксандр Неўскі, абагнаўшы Сталіна, перамог у конкурсе «Імя Расеі».

Рэальны князь Аляксандр Яраслававіч, безумоўна, цікавейшы, чым ягоны спрошчаны агіяграфічны вобраз. Гэта жорсткі сын свайго часу, які ўмеў дамаўляцца з Ардой і накіроўваць яе супраць сваіх палітычных праціўнікаў, які адразаў баярам насы за здраду і перапісваўся з папам, ласкава абяцаючы пабудаваць у Пскове касцёл (праз шэсць гадоў пасля «эпахальнай перамогі» на Чудскім возеры!).

З Беларуссю ён звязаны трывалымі дынастычныя сувязямі. Аляксандр быў жанаты на Аляксандры, дачцэ полацкага князя Брачыслава. Ягоная ўнучка Марфа выйшла замуж за пскоўскага князя Цімафея — таго самога Даўмонта, які ўцёк з Літвы пасля забойства Міндоўга. Іх сын, паводле адной з версій, — легендарны Давыд Гарадзенскі, які прысвяціў усё жыццё барацьбе з крыжакамі. Ён, відаць, і не падазраваў пра «эпахальную перамогу» свайго прадзеда на Чудскім возеры.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках