25 красавiка 2024, Чацвер, 11:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Вайну з народам Лукашэнка прайграе

11
Яўген Афнагель: Вайну з народам Лукашэнка прайграе
ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ

25 сакавіка адбыўся вельмі важны пералом.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, які ўчора ўвечары быў вызвалены з турмы ў Жодзіна, дзе ён адбываў 15 дзён арышту.

- Яўген, як вас вызвалялі?

- Мяне вывелі з камеры за паўтары гадзіны да часу вызвалення, пасадзілі ў машыну і павезлі на чыгуначную станцыю Жодзіна. Яшчэ адзін аўтамабіль паехаў адразу за намі. На станцыі мне аддалі рэчы, дакументы і правялі да цягніка. Актывісты, якія ў гэты час чакалі мяне ля брамы турмы, распавялі, што туды пад'ехалі два аўтазакі і шмат супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Калі мая жонка Каця спытала ў іх, чаго такі перапалох, яны адказалі «Забяспечваем бяспеку горада Жодзіна».

- А як адбывалася затрыманне?

- 22 сакавіка прыкладна а 16.30 машыну, у якой я ехаў, спынілі супрацоўнікі ДАІ і міліцыя. Сказалі, што яна нібыта ўдзельнічала ў ДТЗ. Мяне даставілі ў РУУС Першамайскага раёна. Там склалі пратакол паводле артыкула 23.4 КаАП («Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі»). Суд прайшоў прама ў будынку РУУС праз хвілін 10 пасля афармлення дакументаў. Пра тое, каб даць мне магчымасць звязацца з адвакатам, нават не ішло і гаворкі. На падставе хлуслівых паказанняў супрацоўнікаў ДАІ Шуцікава А.А. і Місюка А.М. суддзя Цыкал. Д.Ю. вынес пастанову аб арышце на 15 дзён. Відаць было, што ўсе яны вельмі спяшаліся.

Пасля гэтага не мяне надзелі кайданкі і паведамілі, што ў некалькіх месцах будуць праведзены ператрусы ў рамках крымінальнай справы, распачатай паводле артыкула 339 КК («Хуліганства»), па якому я праходжу «пакуль у якасці сведкі». Спачатку была дагледжана машына, у якой я ехаў у момант затрымання. Затым ператрусы прайшлі ў кватэры мамы маёй жонкі і ў недабудаваным доме пад Менскам. Усе гэтыя дзеянні працягваліся прыкладна да трох гадзін ночы. Ператрус у доме праходзіў без маёй прысутнасці — я ў гэты час знаходзіўся ў кайданках у міліцэйскай машыне. Канфіскавалі гукаўзмацняльную апаратуру, тры ноўтбукі, кнігі Андрэя Саннікава, пару налепак і ўлётак. Пасля ўсяго гэтага, ужо бліжэй да раніцы, мяне даставілі ў турму на вуліцу Акрэсціна.

- Вы сядзелі ў Жодзіна. На Акрэсціна не хапіла месца? Якія былі ўмовы ў абодвух ізалятарах?

- 24 сакавіка большую частка «палітычных», якія знаходзіліся ў турме на Акрэсціна, пагрузілі ў сем «аўтазакаў» (у кожным — прыкладна па 15 чалавек) і павезлі ў Жодзіна. Прычыны нам, натуральна, ніхто не называў, але было зразумела, што гэта звязана з Днём Волі.

Умовы ў двух ізалятарах не моцна адрозніваюцца. У Менску крыху лепей з харчаваннем, у Жодзіна — зневажальная працэдура надгляду перад размеркаваннем па камерах, калі распранаюць практычна дагала, больш строгія правілы ўнутранага распарадку. Ужо пасля выхаду на свабоду я даведаўся, што больш за палову лістоў мне так і не перадалі.

- Як пракаментуеце дзеянні ўладаў 25 сакавіка?

- Цяжка каментаваць дзеянні псіхічна неадэкватнага чалавека, які да таго ж напалоханы да смерці. Толькі гэтым — страхам перад уласным народам — можна растлумачыць тое, што супраць мірнай дэманстрацыі, удзельнікі якой патрабавалі, у тым ліку, і перамоваў з уладамі, былі кінутыя войскі, АМАП, вадамёты.

Вядома, нельга выключаць і больш рацыянальнае тлумачэнне. Спецслужбы, атачэнне Лукашэнкі разумеюць, што рэжыму прыходзіць канец, што пратэсты будуць толькі нарастаць і ўрэшце змятуць гэтую ўладу. І спрабуюць здушыць іх старымі метадамі — рэпрэсіямі. Але адна справа — ваяваць з апазіцыяй, зусім іншае — ваяваць з усім народам. А менавіта гэта зараз і адбываецца, бо пратэстуе не апазіцыя, на вуліцу выходзяць звычайныя людзі — тыя, якія ўсе гэтыя 20 гадоў сядзелі дома. І гэтую вайну — вайну з народам — Лукашэнка прайграе проста таму, што ў яго яе не хопіць грошай.

- Мікалай Статкевіч абвясціў наступную акцыю 1 траўня. Падтрымліваеце?

- 25 сакавіка адбыўся вельмі важны пералом, які добра прыкметны з боку. Удзельнікі акцыі не бегалі ад АМАПаўцаў, не спалохаліся аўтазакаў, вадамётаў. Людзі знаходзілі магчымасць арганізоўвацца, падымаць сцягі і фармаваць калону. Яны спакойна стаялі перад кардонамі і выказвалі свае патрабаванні. Упершыню за доўгі час улады, нягледзячы на каласальныя намаганні, не змаглі хутка разагнаць акцыю апазіцыі, як здаралася раней. Тыя, хто выйшаў на дэманстрацыю 25 сакавіка, перамаглі свой страх і думаю, што адчулі, наколькі яны моцныя. Але спыняцца на гэтым нельга. 1 траўня мы павінны зноў сабрацца ў цэнтры горада і прадэманстраваць нашу сілу.

Мікалай Статкевіч яшчэ месяц таму агучыў свой план і папярэдзіў, што Дзень Волі — гэта толькі пачатак барацьбы, што на вуліцы давядзецца выходзіць не адзін раз. Трэба проста набрацца мужнасці і цярпення і давесці пачатую справу да лагічнага завяршэння.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках