24 красавiка 2024, Серада, 16:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адценні палітычнай прастытуцыі

51
Адценні палітычнай прастытуцыі
Станислав Шушкевич

У газеце «Народная воля» №27 от 4 красавіка 2017 года надрукаваны велізарны артыкул прафесара Вячаслава Оргіша «Белорусские оттенки политической модернизации».

Вячаслаў Оргіш узгадвае аб сваёй вельмі важнай парадзе, выкладзенай у газеце «Советская Б» ад 2008 года, але так і не ўзятай на ўзбраенне беларускай апазіцыяй з-за яе, на думку аўтара, паліталагічнай і палітычнай недасведчаннасці. А тое, што ўся яна – апазіцыя - менавіта такая, аўтар «падцверджвае» словамі Зянона Пазняка, маючым, на самой справе, дачыненне толькі да сапраўды скварлівых індывідыумаў, прысасаўшыхся да здаровай дэмакратычнай апазіцыі.

Ітак, спадар Оргіш патрабуе мабілізаваць «увесь патэнцыял беларускага народа» – зразумела, ад яго самога, ужо даўно зрабіўшага неацэнны ўклад у гэту святую справу (1), правячай палітычнай эліты (2), контрэліты (3), Лукашэнку, які яшчэ 17 студзеня 2012 годапаабяцаў «прыстасавацць, мадэрнізаваць нашу палітычную сістэму…» (4) і галоўнага рэдактара «НВ» Іосіфа Сярэдзіча – ініцыятара Агульнанацыянальнага «круглага стала» (5). Гэта аб’яднанне дасць належны адказ «выклікам сучаснасці», накшталт «грядущего наднационального миропорядока (подрывающего основы традиционной государственности, социокультурной антропологии и этики), крайне острым проблемам постиндустриального экономического и социального развития…».(Прабачце, што не перакладаю гэтыя словы спадара Оргіша на беларускую мову, баюся страціць яго аўтарскую арыгінальнасць.)

Прафесар Оргіш прапануе апазіцыянерам перастаць быць маргіналамі і мякка інкарпаравацца ў сістэмную палітыку, перастаць імкнуцца да радыкальных пераўтварэнняў, перш за ўсё ў плане рефармавання палітычнага ладу.

Робіцца ўражанне, што прафесар не жыве ў Беларусі і ўспрымае тое, што адбываецца, па прапагандысцкіх паведамленнях дзяржаўных беларускіх СМІ. Не разумее, дакладней, прыкідваецца, што не арыентуецца ў тым, што рэжым на чале з важаком клапоціцца толькі аб захаванні сваей улады. Запамятаваў Вячаслаў Пятровіч, што для гэтага ў залежнасці ад ступені рэальнай пагрозы існаванню гэтай нелегітымнай улады рэжым ідзе на любыя ўчынкі – ад парушэння законаў, застрашвання зверствамі асоб у цывільным, пабоямі, правакацыйнымі арыштамі і затрыманнямі, да прамога фізічнага знішчэння найбольш небяспечных для яго існавання палітыкаў.

Мы існуем ва ўмовах дзяржаўнага тэррарызму. Не выключаю, што прафесар не бачыў і не хоча бачыць заключэння незалежнай Венецыянскай камісіі об абсалютнай недэмакратычнасці знявечаннай прыслужлівымі юрыстамі і фальш-рэферэндумам дзеючай Канстытуцыі Беларусі. Улада страціла чалавечае аблічча, а доктар філасофіі прапануе ў яе інкарпаравацца, знайсці зручную прычыну ў яе ўціснуцца і здрадзіць тым самым далёкім ад палітыкі людзям, якіх яна ўводзіць у зман і абкрадае.

Вы, спадар Оргіш, выкладчык вышэйшай кваліфікацыі. Каму, як не вам, несці моладзі, ды і ўсім астатнім, чыстае, светлае, мудрае, тлумачыць людзям, што ў сённяшней Беларусі яны пазбаўлены элементарных чалавечых правоў, і ў той самы час утрымліваюць у 5-7 разоў болей на душу насельніцтва міліцыянтаў, чым у цывілізаваных краінах, а яшчэ і іншых «правахоўнікаў» без пагонаў. А вы рэкамендуеце сумленным грамадзянамім уціснуцца ў шэрагі страціўшых сумленне або прымірыўшыхся з цемрашальствам чыноўнікаў дзеля хаця б сціплага дабрабыту для сябе і блізкіх. Такім як вы, як гаворыць наш «усенародна абраны», дазваляецца быць прыбліжаным да кармушкі, але, заўважу, да таго часу, пакуль ад іх няма для рэжыму ніякай шкоды. І вось на радасць нелегітымнай уладзе вы прыпісваеце апазіцыі максімалістскія патрабаванні, траціце важнейшую якасць інтэлігента – чалавечую годнасць. Прыдумваеце палажэнні накшталт «апазіцыя зараз не здольна выйграць бітву за электарат», забываеце, что с 1996 года у нас няма выбараў, а разыгрываецца спектакль – фарс, не прызнаны выбарамі ні адной з дэмакратычных і проста – цывілізаваных краін.

Я, як доктар honoris causa паліталогіі чатырох прэстыжных універсітэтаў, скажу вам – чалавеку, які сваім артыкулам яшчэ раз падцвердзіў навуковую ступень савецкага доктара філасофіі: не забывайце, у нас няма і пры гэтым рэжыме, як і ў СССР, не можа быць апазіцыі ў нармальным значэнні слова. Яна выгнана з парламента дыктатарам 20 гадоў таму. Ёсць пратэстуючыя грамадзяне – бяспраўныя, як савецкія дысідэнты. Яны захоўваюць чалавечую годнасць і працай, далёкай ад палітыкі, зарабляюць на жыццё, а не знаходзяцца на ўтрыманні замежжа.

Імі ганарацца і будуць ганарыцца людзі дастойныя, вамі – наўрад ці.

Станіслаў Шушкевіч, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках