25 красавiка 2024, Чацвер, 19:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У такія вечары Менск падобны на Эўропу»

1
«У такія вечары Менск падобны на Эўропу»
ФОТА: TUT.BY

На Зыбіцкай прайшоў першы бясплатны музычны фэст.

У суботу ў раёне Верхняга Горада – на Зыбіцкай і прылеглай да яе вуліцах – прайшоў музычны фестываль Karol Jan Open Air. Днём менчукі маглі бясплатна паслухаць выступленні стрыт-бэндаў, а вечарам – групу Akute. Як госці ацанілі фестываль – у матэрыяле tut.by.

«Арганізатары ў трэндзе – дзе моладзь, там і фестываль»

Фестываль быў заяўлены як сямігадзінны і стартаваў а 15-й. Мяркуючы з усяго, мерапрыемствам арганізатары хацелі адкрыць летні сезон гулянняў у Верхнім Горадзе, але трохі пралічыліся з выходнымі.

– Вось калі б у мінулыя выходныя яго правялі – было б значна лепш. Тады так цёпла было! А цяпер і вечаровае сонца не ратуе ад ветру. Але мы ўсё ж хочам дачакацца выступу Akute і найбліжэйшыя дзве гадзіны перачакаем у якой-небудзь кавярні, – распавядаюць наконт планаў студэнткі БДУ.

ФОТА: TUT.BY

Вецер практычна не адчуваўся ў «дворыку Чапскага» (панадворак у доме нумар шэсць на Зыбіцкай, дзе знаходзіцца ўваход у бар «Чапскі»). Там праходзіў караоке-батл: хлопцы і дзяўчаты нястомна спаборнічалі ў выкананні хітоў.

– Мы і летась з дзіцем амаль на ўсе святы ў Верхнім Горадзе хадзілі, і сёння пастанавілі не сядзець дома. Толькі летась святы праходзілі каля Ратушы, а сёлета першае – і адразу на галоўнай барнай вуліцы горада. Думаю, арганізатары ў трэндзе і не хацелі заставацца ў баку ад моладзі: калі ўсё тусоўкі на Зыбіцкай – і свята, значыць, тут сама. Не адыходзячы ад касы, як той казаў, – дзеліцца назіраннямі маладая мама Вікторыя.

ФОТА: TUT.BY

Арганізатары абяцалі тры сцэны: першую – каля бліннай «Дэпо», другую – ля бара El Pushka, трэцюю – ля кавярні Don Coffe'on. Нанамрэч пляцовак было больш, а пасля заканчэння фестывалю госці і зусім стоўпіліся вакол вулічных музыкаў, якiя не ўдзельнічалі ў свяце.

– Нам выдалі ўлётку з мапай, дзе можна выпіць піва, але было б значна лепш, калі б была мапа з пазначэннем сцэнаў. А тое незразумела – адны грошы ў капялюш просяць, а іншыя нейкія фішкі, – смяецца праграміст Аляксандр.

Рэч у тым, што ў барах гасцям фестывалю выдавалі спецыяльныя жэтоны. Калі выступ гурта падабаўся, жэтон трэба было пакласці ў капялюш. Хто сабраў больш за ўсё галасоў, атрымліваў у падарунак здымкі кліпа (пераможцам стаўся гурт by Street Jazz).

ФОТА: TUT.BY

«Пасля канцэрту ўсе разбрыдуцца ў бары на Зыбіцкай або па ваколіцах»

Многія госці Зыбіцкай не ведалі, што арганізаваў фестываль брэнд «Аліварыя», а таму выказвалі незадаволенасць з нагоды паўсюднай рэкламы піва. Іншых, хто быў у курсе, гэта не бянтэжыла, але хвалявала «адсутнасць піва, якое лілося б ракой».

ФОТА: TUT.BY

– Я ўпэўнены, калі б тут стаяла бочка з півам, было б і цяплей, і весялей. Мы з сябрамі да апошняга спадзяваліся, што яго будуць прадаваць за сімвалічны кошт – скажам, рубель за вялікі келіх – гэта ж піўны фестываль, я правільна зразумеў з назвы? Але пакуль такіх прапановаў не знайшлі, можа, дрэнна шукалі, – смяюцца сябры Ягор і Зміцер.

ФОТА: TUT.BY

Па-сапраўднаму маштабным фестываль стаў ужо ўвечары, калі ля сцэны побач з BeerCap паслухаць выступ магілёўскага гурта Akute сабралася некалькі сотняў чалавек. Там таксама практычна не адчуваўся холад і вецер, але ўсіх ахвотных панадворак змясціць не змог.

ФОТА: TUT.BY

– Мы ў захапленні! Паглядзіце, як прыгожа лямпачкі гараць, колькі моладзі сабралася. Усе культурна і ахайна – хлопцы танчаць, хтосьці з півам стаіць у баку і нікому не перашкаджае. Людзі прыйшлі з дзецьмі, з сабакамі. У такія вечары Менск падобны на Эўропу, – кажа дызайнер Ксенія.

Дзяўчына адзначае, што яны з сяброўкай «як ведалі» і да пачатку мерапрыемства зайшлі перакусіць у піцэрню.

ФОТА: TUT.BY

– Гэта ж барная вуліца, дзе тут есці? У бліннай была чарга. Праўда, палатку з ежай (ад гатэля «Манастырскі») мы ўсё ж бачылі – а гэта ўжо добра.

ФОТА: TUT.BY

Сяброўка і калега Ксеніі Марыя, якая нярэдка адпачывае за мяжой, дадае:

– Ва ўсіх добры настрой: субота, спявае выдатны і, што немалаважна, беларускамоўны гурт. А яшчэ няма і дзесяці гадзінаў – упэўненая, пасля канцэрта многія застануцца тут, на Зыбіцкай, або разбрыдуцца адпачываць па наваколлі. А ў тутэйшых барах будзе шмат прыбытку.

ФОТА: TUT.BY

Практычна ўсе наведвальнікі, з кім атрымалася пагутарыць журналістам, сышліся ў меркаванні: фестываль – добры пачатак сезону вулічнага адпачынку. Але калі нешта падобнае зладзіць летам, калі надвор'е будзе гарачым, цесныя двары Зыбіцкай і Герцэна з цяжкасцю змогуць змясціць усіх ахвотных.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках