29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спыніць нахабных «вертухаяў»!

14
Спыніць нахабных «вертухаяў»!
МАКСІМ ВІНЯРСКІ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Сіла дзеяння павінна раўняцца сіле процідзеяння.

На пытанні «Беларускага дакументацыйнага цэнтра» пра ўмовы ўтрымання ў ЦІП і ІЧУ на завулку Акрэсціна адказаў адзін з арыштаваных-рэкардсменаў, які адбыў пасля акцыі «Дзень Волі-2017» 24 дзён, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі:

— Як агулам прайшоў твой арышт?

— Нармальна, асноўнае адрозненне ад папярэдніх арыштаў — адмова «супрацоўнікаў» ЦІП і ІЧУ выконваць свае абавязкі ў частцы захавання правоў арыштаваных і змешчаных да суда. Так, да прыкладу, мне адмовілі ў тым, каб паведаміць сваякам, што я дастаўлены ў ІЧУ/ЦІП і 25.03 (у дзень затрымання) і 27.03 (пасля суду). Гэтак жа, мабыць, адміністрацыі надакучыла мець справу са скаргамі і заявамі, за ўвесь час, што я ўтрымліваўся ў ІЧУ (прыкладна да 04.04), мне так і не ўдалося атрымаць асадку і паперу для заявы або абскарджання пастановы. Мабыць тут разлік на тое, што чалавек, калі выходзіць адтуль, палянуецца пісаць якія-небудзь скаргі, завязне ў сваіх неразвязаных за час арышту пытаннях і проста ўжо не стане важдацца са скаргамі.

— З кім ты сядзеў у камеры з палітычных?

— З Марцалевым, Нікіценкам, Чарняком. Так жа яшчэ некалькі новых людзей было.

— Якія людзі наогул сядзелі?

— Спачатку я сядзеў з «палітычнымі» — людзьмі, затрыманымі 25 і 26 сакавіка, але пасля пераводу ў ЦІП амаль увесь час знаходзіўся ў грамадстве тых, каго арыштавалі за ўжыванне алкаголю і іншыя правапарушэнні, не звязаныя з палітыкай. Трэба адзначыць, што гэта таксама трохі напружвае, калі асноўнай тэмай гутарак становіцца, у якой аптэцы адпускаюць па дзве бутэлечкі «глогу» ў рукі, а таксама, дзе і як дастаць на яго грошы.

— Чаму, як ты мяркуеш, самыя вялікія тэрміны атрымаў ты, Леанід Кулакоў, Дзмітрый Захарэвіч?

— Я думаю, што тэрміны «арышту» як звычайна ўзгадняліся міліцэйскім начальствам з суддзямі. Што да мяне, я дакладна ведаю, што так і было: нам. начальніка Партызанскага РУУС адкрыта казаў, што з суддзёй ён «дамовіўся». Думаю, што спецыяльна імкнуліся максімальна закрыць тых, хто актыўны, ізаляваць на як мага большы тэрмін, каб не спрабавалі «разгайдаць човен». Гэта не дапаможа, людзі выходзяць з пратэстамі і будуць выходзіць, пакуль не знікне іх першапрычына. Большае, чаго змог дамагчыся «рэжым» — перанёс акцыю пратэсту на 1 траўня.

— Якія ўмовы былі ў камеры?

— Умовы ў камеры, у прынцыпе, тыя ж, што і былі, бялізну нам выдавалі, як патрэбна, некалькі разоў не выводзілі на шпацыр без тлумачэння прычын. У ІЧУ заяўляюць, што душ у іх раз на 10 дзён, але за 11 дзён я ў яго так і не трапіў, у ЦІП раз на сем дзён, там без пытанняў адводзілі.

— Што ў цябе са здароўем?

— Падчас адбыцця арышту ў мяне сур'ёзна запалілася вока, а так жа забалеў карань зуба, давялося выдаляць. Нават не змог узяць удзел у «Чарнобыльскім шляху-2017». Наогул варта адзначыць, што адміністрацыя ЦІП відавочна пазбягае выклікаць хуткую дапамогу. Я некалькі разоў чуў, як людзі з суседніх камер спрабавалі гэтага дамагчыся, сам намагаў на гэтым, але хуткую выклікаць не сталі.

— Якое было стаўленне адміністрацыі? Ці былі нейкія спагнанні?

— «Спагнанняў» не было. Пасля спробы на пяты дзень арышту запатрабаваць асадку і паперу (мы адмовіліся заходзіць з праверкі ў камеру), нам пагражалі скласці «непадпарадкаванне» і даць яшчэ содні, але рабіць гэтага не адважыліся.

— Ці плануеш падаваць скаргу на ўмовы ўтрымання?

— Планую падаваць скаргу і на ўмовы ўтрымання, і на дзеянні адміністрацыі. Наогул у нас склалася нейкая заганная практыка, калі чалавека затрымліваюць, потым «феміды ў чорных хламідах» (ну не называць жа іх сур'ёзна суддзямі) выносяць пастанову аб арышце, і на гэтым нібыта «пытанне вычарпанае». Арыштаванаму прапануецца ўважаць сябе нібы за «рэч на захоўванні», пры гэтым і канвой, і супрацоўнікі ЦІП дыстанцуюцца ад сутнасці і прычын твайго арышту, нібыта яны проста робяць «сваю справу», а табе прапануецца «рабіць сваё» — гэта значыць, проста адседжваць тэрмін. Гэтая схема — заганная, асабліва для тых, хто трапляе туды паводле палітычных матываў: чаму ты павінен мірыцца з несправядлівым прысудам? Чаму адзіным «метадам» дазволенага супраціву ўсе праваабаронцы ўважаюць зварот у «Менгарштамп», як паміж сабой людзі называюць Менскі гарадскі суд? Маё меркаванне, што пасля вынясення «прысуду» супраціў толькі пачынаецца, сістэме трэба ставіць палкі ў колы на кожным этапе: хтосьці абвяшчае галадоўку, хтосьці адмаўляецца выконваць патрабаванні адміністрацыі. Тым больш, што многія з патрабаванняў адкрыта здзеклівыя і накіраваныя на «закручванне» гаек. У ЦІП няма сваёй бібліятэкі, але ў мяне адабралі пры пераводзе з ІЧУ амаль усе прынесеныя кнігі, заявілі, што пакладзена не больш за пяць штук. Сталае раскідванне рэчаў пры ператрусах, патрабаванне да арыштаваных на праверцы «стаяць тварам да сцяны, рукі на сцяну, далоні вонкі», ператрусы пры вызваленні, адмова фіксаваць, што канфіскавана і чаму. А лісты, якія так і не дайшлі за 20-25 дзён? Я думаю, што менавіта патуральніцкае стаўленне да ўласных правоў пад арыштам прыводзіць да таго, што «гаечкі заціскаюць». Сіла дзеянні павінна раўняцца сіле процідзеяння, іншага спосабу спыніць нахабных «вертухаяў» няма, гэта, дарэчы, тычыцца не толькі ЦІП, але і краіны агулам.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках