19 красавiка 2024, Пятніца, 22:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пётр Матэнжэк: Не трэба экспартаваць энэргію з аўтарытарнай і залежнай ад Крамля Беларусі

3
Пётр Матэнжэк: Не трэба экспартаваць энэргію з аўтарытарнай і залежнай ад Крамля Беларусі
ПЁТР МАТЭНЖЭК
ФОТА: TELEWIZJAREPUBLIKA.PL

Ці даможацца Літва спынення экспарту энэргіі з Астраўца ў Еўропу?

Ці можа Літва спыніць будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы? Чаму кантроль з боку МАГАТЭ можа выявіцца недастатковым і чаму Вільня і Варшава, у якасці пастаўшчыкоў энэргіі, аддаюць перавагу Еўропе? Пра гэта карэспандэнту Charter97.org распавёў Пётр Матэнжэк, польскі аналітык і кіраўнік партала energetyka24.com, які спецыялізуецца ў пытаннях бяспекі і энэргетыкі.

- Ці можа Літва перашкодзіць ці нават спыніць будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы?

- Запаволіць можа, спыніць, хутчэй за ўсё, не. Мы не можам прымусіць аўтарытарны рэжым Лукашэнкі спыніць будаўніцтва, тым больш, што працы ва ўзвядзенні АЭС набліжаюцца да заканчэння. На маю думку, будаўніцтва АЭС магло б спыніць толькі спыненне фінансавання. Аднак, нішто не паказвае на тое, што расейскі Расатам, які фактычна фінансуе будаўніцтва АЭС, спыніць інвестыцыі. На жаль, момант, каб паўплываць і затрымаць работы для ўзвядзення АЭС, страчаны.

- Гэта значыць, рычагоў уплыву ўжо не засталося?

- Не зусім, усё яшчэ можна прыкласці намаганні для таго, каб выгада ад экспарту энэргіі, якую мяркуецца вырабляць на станцыі, была мінімальнай.

- Магутнасць АЭС у Астраўцы занадта высокая для Беларусі. Ці азначае гэта, што Менск, нягледзячы на пярэчанні Літвы, спадзяецца экспартаваць электраэнэргію ў краіны Балтыі і Польшчу?

- У паўночна-ўсходняй Польшчы часта адчуваюцца недаборы электраэнэргіі. У Літве пасля прыпынення АЭС у Ігналіне сітуацыя, у прынцыпе, падобная, краіна імпартуе энэргію са Скандынавіі. Аднак, відавочна, што значна бяспечней экспартаваць электраэнэргію з дэмакратычнай Швэцыі, чым з аўтарытарнай і залежнай ад капрызаў Крамля Беларусі. Невялікі прыклад: некалькі месяцаў таму, як толькі Варшава наважыла дэмантаваць лінію высокага напружання, якая злучае Польшчу і Беларусь, Лукашэнка заявіў, што польскія спецслужбы навучаюць «зялёных чалавечкаў», якія затым павінны зладзіць пераварот у Беларусі.

- Беларусь сцвярджае, што атамная электрастанцыя ў Астраўцы цалкам бяспечная. Ваша меркаванне, наколькі словы Менска адпавядаюць рэальнасці?

- Па-першае, нам зусім невядома пра тое, што напраўду адбываецца ў Астраўцы. Толькі час ад часу становіцца вядома аб шэрагу інцыдэнтаў падчас будаўніцтва станцыі. Існуе праблема з доступам на пляцоўку, дзе ідуць працы для ўзвядзення станцыі інспектараў Міжнароднага агенцтва атамнай энергетыкі (МАГАТЭ). Зусім нядаўна Беларусь адмовіла ў доступе еўрапарламентарыям, якія хацелі зрабіць візіт на будоўлю. Усё гэта турбуе.

- Менск сцвярджае, што інспектары МАГАТЭ могуць прыязджаць і весці кантроль.

- І так, і не. Інспектары МАГАТЭ могуць наведваць месца будаўніцтва АЭС, але робяць яны гэта адпаведна раскладу, складзенаму ў Менску, гэта значыць, што Беларусь выбірае час, калі, дзе і ў колькі могуць з'явіцца супрацоўнікі МАГАТЭ, тым больш, у інспектараў ёсць доступ туды, куды ім дазваляюць.

- Ці можа канфліктная сітуацыя вакол АЭС у Астраўцы скончыцца тым, што Менск наважыцца пачаць з Літвой гандлёвую вайну?

- Не, не думаю. Для таго, каб весці гандлёвую вайну, трэба, каб у краіны была моцная эканоміка. У Беларусі такая адсутнічае. Лёгка можна заўважыць, што ў Менска вялікія праблемы з эканомікай, урад прыкладае шмат намаганняў для таго, каб хоць неяк трымаць усё пад кантролем. Блізу 20 адсоткаў ВУП краіны - гэта даходы ад нафтаперапрацоўчых комплексаў, якія атрымліваюць расейскую нафту.

- Ці можа атамная станцыя стаць мэтай тэрарыстычных арганізацый?

- Атамныя станцыі будуюцца ў разліку на ўсе магчымыя і немагчымыя катастрофы. Супрацоўнікі такіх аб'ектаў як правіла атрымліваюць доступ толькі ў адну зону, да іншых зон такога доступу ў іх няма. Дагэтуль дзеянні тэрарыстаў дэманструюць, што яны аддаюць перавагу больш лёгкім і менш абароненым аб’ектам.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках