19 красавiка 2024, Пятніца, 13:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як «дармаедка» спрабавала ўладкавацца на грамадскія працы

15
Як «дармаедка» спрабавала ўладкавацца на грамадскія працы

Уладкавацца выявілася не так проста.

У канцы сакавіка ў беларускіх беспрацоўных нібыта з'явілася дадатковая магчымасць заробку: Камітэт працы і сацыяльнай абароны насельніцтва прапанаваў так званым дармаедам уладкоўвацца на грамадскія працы. Заробак абяцалі невялікі – да 10-12 BYN на дзень, але ў варунках беспрацоўя і гэтыя грошы маглі б стаць для многіх выратаваннем. Аднак, уладкавацца выявілася не так проста, піша журналістка «Белсату».

ЦЭНТР ЗАНЯТАСЦІ ПЕРШАМАЙСКАГА РАЁНА. ЛЮДЗІ ПАВОЛЬНА ПЕРАМЯШЧАЮЦЦА З АДНОЙ ЧАРГІ Ў ІНШУЮ СА СВАІМІ ПАПЕРКАМІ.

У Першамайскім цэнтры занятасці з раніцы атмасфера сапраўды як у дармаедаў. Каля кожнага кабінета спецыялістаў у прыёме грамадзян – чарга ў некалькі чалавек, але ўсё рухаецца вельмі павольна. Пасля шпацыру ў ранішнім працоўным настроі па Лагойскім тракце, дзе грукочуць трамваі, нясуцца аўтамабілі, і людзі маршыруюць у рытме «па справах», тут, здаецца, на ўваходзе ўключаецца запаволены запіс.

Усяго ў памяшканні цэнтра 20 чалавек. Сядзім у чэргах, хтосьці нерухома, гледзячы ў падлогу, хтосьці чытае кнігу, іншыя корпаюцца ў тэлефонах. Некалькі чалавек сядзяць за кампутарамі з банкам вакансій, але не больш за 15 хвілін, бо больш нельга – так пазначана на маніторах.

ЗА КАМПУТАРАМ МОЖНА ТАКСАМА ПАГЛЯДЗЕЦЬ ВАКАНСІІ. ТАМ ІСНУЕ СПЕЦЫЯЛЬНЫ КАТАЛОГ.

Людзі тут розныя, моладзі няшмат. Вось хлопец гадоў дваццаці, са стосам паперак, нецярпліва стукае абцасам па падлозе, відаць, спяшаецца, а тут усё так павольна. Вось сівы мужчына, які ўважліва і старанна ўглядаецца ў кампутар. У асноўным тут – мужчыны і жанчыны больш сталага ўзросту, выглядаюць акуратна, добра, стомлена.

У ЧАКАННІ ПРЫЁМУ ЛЮДЗІ ЗАЙМАЮЦЦА ХТО ЧЫМ. РАЗМАЎЛЯЮЦЬ МАЛА.

Ёсць і іншы кантынгент – з прапітымі, памятымі тварамі, у вопратцы, апранутай абы як, бруднай і не па сезону. Яны збіраюцца адзін каля аднаго, аб нечым размаўляюць. Але іх няшмат.

Побач жанчыны абмяркоўваюць, што працу цяпер знайсці вельмі цяжка, прапаноў мала. А калі звяртацца да агенцтваў у пошуку працы, то гэта вельмі дорага.

«90 рублёў трэба заплаціць адразу і ніякіх гарантый» – «90 рублёў? Гэта 900 тысяч на ранейшыя?»

Павольным шырокім крокам у памяшканне заходзіць высокі мужчына гадоў 40, у скураной куртцы і джынсах. Ад мужчыны даносіцца музыка: «ой, ой, ты будзеш мой», – ці то плэер, ці тэлефон уключаны проста на гучную сувязь, без слухавак. Ён пастукаў у дзверы, каля якой нікога не было, штурхнуў яе плячом – не паддалася, пайшоў, «усё адно ты будзеш мой».

ГАЗЕТА АБ'ЯЎ АБ ВАКАНСІЯХ У МЕНСКУ. АПОЎДНІ ПРЫНЕСЛІ СТОС СВЕЖЫХ НУМАРОЎ.

За дзве гадзіны, якія заставаліся да абеду, да спецыяліста патрапілі трое чалавек, у тым ліку і я.

- Добры дзень, я хачу ўладкавацца на грамадскія працы. Я чытала ў навінах, што цяпер гэта можна зрабіць без пастаноўкі на ўлік як беспрацоўны.

Спецыялістка для прыёму грамадзян стала ўзірацца ў мяне, быццам я не існую, а снюся ёй.

- Дзе гэта вы такое прачыталі? Ведаеце, у інтэрнэце шмат што пішуць. Як гэта вы хочаце ўладкавацца на грамадскія працы?

Тлумачу спецыялістцы для прыёму грамадзян, што Камітэт працы і сацыяльнай абароне паабяцаў усім дармаедам, што можна папрацаваць на грамадскіх працах паводле тэрміновых дамоваў у галінах сельскай гаспадаркі, добраўпарадкавання тэрыторый, будаўніцтва, сартавання смецця і іншых. Для гэтага дастаткова прыйсці ў свой цэнтр занятасці з пашпартам, дзе павінны выдаць накіраванне на працу – і можна ехаць. Загадзя станавіцца на ўлік у цэнтры занятасці неабавязкова. Прынамсі, так распавядала ў канцы сакавіка супрацоўніца Камітэта на гарачай лініі Менгарвыканкама + 375173698829.

- Пайду ўдакладню у калег, – кажа спецыялістка для прыёму грамадзян.

Праз некалькі хвілін яна вярнулася.

— Не, вы ведаеце, вось нашы спецыялісты таксама чыталі такое на сайце, але напраўду такога няма. Нават калі б было, усё адно гэта трэба рабіць праз рэгістрацыю.

З грамадскіх работ, якія прапануе Першамайскі цэнтр занятасці праз рэгістрацыю, ёсць толькі цяжкая фізічная праца – «Рамаўтадар», бяруць туды толькі мужчын, больш таго, толькі з кваліфікацыяй. Што тычыцца сельскагаспадарчых работ, то была набраная адна брыгада ў сакавіку – яны збіралі камяні, рыхтавалі поля да засеву. І тое, туды ўзялі людзей са спісаў беспрацоўных, якія стаяць на ўліку. Іншых кірункаў абяцаных грамадскіх работ тут не прапануецца.

ЦЭНТР ЗАНЯТАСЦІ ПЕРШАМАЙСКАГА РАЁНА. ДОШКІ АБ'ЯВАЎ, АБ ГРАМАДСКІХ РАБОТАХ ДЛЯ ДАРМАЕДАЎ ІНФАРМАЦЫІ НЯМА.

Мой прыём, відаць, быў самым хуткім за ўвесь гэты павольны ранак: да абеду заставалася яшчэ хвілін дзесяць, і хлопец са стосам паперак безнадзейна глядзеў мне ўслед, калі я заходзіла ў кабінет, а тут спахапіўся і паспеў ускочыць туды да абеду. Усе астатнія засталіся чакаць.

Ніякіх аб'яў аб магчымасці заробку для дармаедаў на стэндах цэнтра занятасці. У «Рамаўтадар» мяне не возьмуць. На новы запыт на гарачай лініі Менгарвыканкама паўтарылі тую ж інфармацыю, што і месяц таму:

«Так, можна ўладкавацца на грамадскія працы, звяртайцеся ў аддзел працаўладкавання па месцы свайго жыхарства, вам дадуць накіраванне. Станавіцца на ўлік не трэба. Вас зарэгіструюць, калі вы звернецеся», – тлумачаць на гарачай лініі.

Пасля паведамлення, што ў цэнтры занятасці сказалі, нібыта гэта немагчыма, супрацоўніца Камітэта адказала:

«Я не магу сказаць вам па вашаму раёну, значыць, больш рабочая сіла не патрабуецца. Усё можа быць, бо банк вакансій фармуюць яны, і яны лепш ведаюць, ёсць месцы або няма. Пайшло шырокае інфармаванне, з гэтай прычыны пайшлі людзі, і няма месцаў».

Але зранку ў Першамайскім цэнтры занятасці мне прызналіся, што з такой просьбай да іх за ўвесь гэты час я звярнулася першая.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках