29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У жыхаркі Баранавічаў у пустой кватэры лічыльнікі накруцілі амаль 80 кубоў вады

20
У жыхаркі Баранавічаў у пустой кватэры лічыльнікі накруцілі амаль 80 кубоў вады

Жыллё, якое дасталася ў спадчыну, пустуе ўжо амаль 11 гадоў.

Жанчына з сям'ёй жыве ў мікрараёне Дубова, а на вуліцы Энтузіястаў, 42 у яе з братам ёсць кватэра, якая дасталася ім у спадчыну ад бацькоў. Жыллё, са слоў жанчыны, пустуе ўжо амаль 11 гадоў. Ірына прыходзіць у кватэру некалькі разоў на месяц - праверыць, ці ўсё ў парадку, зняць паказанні лічыльнікаў. Ейны брат, які працуе кіроўцам, бывае там яшчэ радзей - прыязджае памыцца і адпачыць пасля рэйсаў, піша intex-press.by.

У снежні мінулага года вадамеры ў кватэры на вуліцы Энтузіястаў за месяц «накруцілі» амаль 80 кубоў вады. Адбылося гэта праз месяц пасля таго, як старыя лічыльнікі вады забралі на паверку, а на іх месца паставілі іншыя.

- Я прысела ад здзіўлення, - распавядае Ірына. - Такой колькасцю вады я магла б каткі ва ўсім мікрараёне заліць! У кастрычніку, калі ў кватэры мы рабілі рамонт і трэба было шмат вады, лічыльнікі накруцілі 14 кубоў, а тут кватэра пуставала, і 80 кубоў! Адкуль?

Работнікі «Водаканала» забралі лічыльнікі на паверку, а Ірыне паставілі іншыя.

Да здзіўлення жанчыны, паверка паказала, што вадамеры, якія паказалі за месяц расход 75 кубоў халоднай і двух кубоў гарачай вады, спраўныя. Дарэчы, каб з крана выцекла 77 кубоў вады, яго трэба не закрываць амаль трое сутак.

Заплаціць за ваду Ірыне трэба было 77 рублёў.

- Гэта значыць, мне трэба аплаціць ваду, якой ніхто не карыстаўся, - абураецца яна.

Плаціць Ірына не стала і напісала ліст у Адміністрацыю Прэзідэнта і Берасцейскае абласное ЖКГ з просьбай разабрацца ў сітуацыі. У Адміністрацыі Прэзідэнта ліст Ірыны пераадрасавалі ў Баранавіцкі гарвыканкам, а ў Берасцейскім абласным ЖКГ адказалі, што, мяркуючы з таго, што паверка была праведзеная адпаведна ўсім нормам і патрабаванням, вадамеры спраўныя.

- Калі я прыйшла на прыём са сваёй скаргай у Баранавіцкі гарвыканкам, мне сказалі, што мае прэтэнзіі неабгрунтаваныя, і таксама спаслаліся на вынікі паверкі, - распавядае Ірына.

Са слоў жанчыны, цяпер у кватэры па-ранейшаму ўвесь час ніхто не жыве - туды часам заязджае ейны брат і прыходзіць яна сама. Вадамеры «накручваюць» максімум тры кубы вады, іх Ірына аплачвае. Плаціць за 77 кубоў, якія паказалі лічыльнікі ў снежні, яна не збіраецца. Найбліжэйшым часам Ірына мае намер звярнуцца са сваёй праблемай да міністра ЖКГ.

- Гэта ўжо справа прынцыпу, - кажа жанчына.

На што можна выкарыстаць 80 кубоў вады

- блізу 516 ваннаў напоўніць вадой;

- 889 разоў прыняць 10-хвілінны душ;

- 13,3 тысячы разоў зліць ваду з бачка для ўнітаза.

Нагадаем, такая сітуацыя з вадамерамі адбылася летам мінулага года ў жыхара Баранавічаў Змітра. Пасля замены лічыльнікаў ён заўважыў, што расход вады ў яго кватэры павялічыўся амаль удвая. Мужчына правёў эксперымент: набіраў гарачую ваду ў мернае вядро, чакаў, калі лічыльнік пакажа 10 выкарыстаных літраў, і закрываў кран. У вядры было ўсяго 7 літраў. З халоднай вадой вынік быў такім: 10 літраў Дзмітрый выкарыстаў паводле лічыльніка, 8 літраў было ў вядры. Але праверка паказала, што лічыльнікі спраўныя! Нягледзячы на гэта, іх замянілі на новыя, а Дзмітрыю паабяцалі зрабіць пераразлік. Паверыўшы, што грошы яму сапраўды вернуць, мужчына напісаў распіску, што прэтэнзій да «водаканалу» не мае. А праз нейкі час спецыялісты «Водаканала» паведамілі Змітру, што рабіць пераразлік не будуць.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках