19 красавiка 2024, Пятніца, 10:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Візіт Джэймса Мэціса ў Літву – сігнал для Расеі і Беларусі

5
Візіт Джэймса Мэціса ў Літву – сігнал для Расеі і Беларусі
ДЖЭЙМС МЭЦІС

На днях у Літве пабываў міністр абароны ЗША Джэймс Мэціс.

Пра тое, што гэты візіт азначае для краін Балтыі, Беларусі і Расеі, Charter97.org распавёў літоўскі палітолаг Марыюш Антановіч.

- Якія, на вашу думку, вынікі візіту ў Літву міністра абароны ЗША Джэймса Мэціса?

- Перш за ўсё, ЗША яшчэ раз запэўнілі краіны Балтыі ў тым, што маюць намер прытрымлівацца дадзеных раней абавязанняў у падтрымцы бяспекі. Таксама Масква атрымала сігнал, што любая дзейнасць, накіраваная супраць суверэнітэту балтыйскіх дзяржаў, атрымае жорсткі адпор з боку Вашынгтона.

- Візіт Джэймса Мэціса азначае, што асцярогі аб тым, што балтыйскі рэгіён для Дональда Трампа і ягонай адміністрацыі больш не з'яўляюцца прыярытэтам, не апраўдаліся?

- Думаю, што такія высновы рабіць яшчэ рана. Хутчэй за ўсё, амерыканскія інстытуцыі і сябры каманды Трампа прымусілі яго адмовіцца ад ізаляцыянізму і працягваць далей аказваць дапамогу Літве, Латвіі, Эстоніі у рамках NATO.

- Такім чынам, Трампа прымусілі адмовіцца ад ізаляцыянізму, то ёсць рэгіён зноў у цэнтры ўвагі Белага Дома?

- Пакуль відавочна, што зацікаўленасць ёсць, яна дастаткова высокая і памяншацца ўжо не будзе. У сваю чаргу, павелічэння ўвагі можна чакаць у тым выпадку, калі Масква пачне праводзіць больш агрэсіўную палітыку.

- Падчас свайго візіту Мэціс згадаў пра тое, што ЗША гатовыя размясціць на тэрыторыі балтыйскіх краін сістэмы супрацьракетнай абароны. Словы Мэціса - чарговы сігнал Крамлю ці ЗША сапраўды гатовыя на такі крок?

- Без гатоўнасці размясціць сістэмы супрацьракетнай абароны такі сігнал стаў бы блефам. Гэта добра разумеюць і ў Вашынгтоне, і ў Маскве, таму ў святле таго, што ў канцы гэтага лета-пачатку восені пройдуць расейска-беларускія вучэнні Захад-2017, цалкам можна чакаць, што ЗША пойдуць на тое, каб у нашым рэгіёне размясціць нейкія элементы супрацьракетнай абароны ЗША.

- Як на такую пастанову можа адрэагаваць Масква і Менск?

- Масква, хутчэй за ўсё, выкарыстоўвае для сваіх прапагандысцкіх мэтаў, для таго, каб прадэманстраваць «варожыя» намеры NATO і аб'яднаць расейскае грамадства вакол рэжыму Пуціна. Цалкам магчыма, што Расея скарыстаецца гэтай магчымасцю для таго, каб ажыццявіць даўно запланаваную перадыслакацыю вайсковых сіл у нашым рэгіёне.

У сваю чаргу для Менска з'яўленне элементаў супрацьракетнай абароны ЗША ў краінах Балтыі азначае рост ціску з боку Масквы для таго, каб дамагчыся дазволу размяшчэння аналагічных расейскіх сістэм супрацьракетнай абароны на тэрыторыі Беларусі. Думаю, рэжым у Менску пастараецца гэтага пазбегнуць, таму, хутчэй за ўсё, варта чакаць заяў з боку Лукашэнкі аб тым, што з'яўленне сістэм супрацьракетнай абароны ЗША ў балтыйскім рэгіёне не з'яўляецца пагрозай. Усё гэта будзе адбывацца на фоне нібыта нейтралітэту Беларусі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках