19 красавiка 2024, Пятніца, 15:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NaviBand намінаваныя на беларускую альтэрнатыўную прэмію

1
NaviBand намінаваныя на беларускую альтэрнатыўную прэмію

Абвешчаныя намінанты пятай прафесійнай музычнай прэміі Rock Profi 2017.

Прэмія ўручаецца ў кірунках рок, індзі, альтэрнатыва праз галасаванне беларускіх музыкаў. Пераможцаў назавуць 26 траўня на цырымоніі ў клубе ili, піша tut.by.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі больш за 50 сольных выканаўцаў і калектываў, якія выпусцілі паўнавартасныя альбомы ў 2014, 2015 і 2016 гадах. У рамках пяці асноўных намінацый было разгледжана 37 альбомаў і 60 песень, выпушчаных з 1 студзеня да 31 снежня 2016 года. Арганізатарамі прэміі з'яўляюцца Дзмітрый Бескаравайны (Experty.by) і Павел Юрцэвіч (клуб ili).

Больш за ўсё намінацый - чатыры - у гурта «Пятля прыхільнасці». Тры ў Лявона Вольскага. «Пятля прыхільнасці» і Лявон Вольскі ўжо канкуравалі ў гэтым сезоне за найлепшы альбом у межах узнагарод Experty.by, прысуджаных шляхам галасавання беларускіх і замежных крытыкаў. Тады перамагла «Пятля прыхільнасці» з дыскам «Мода і воблака». У межах узнагарод Rock Profi яны таксама паспрачаюцца за «Найлепшую песню» і «Артыст года». Па дзве намінацыі - «Найлепшы альбом» і «Найлепшы запіс» - у электронных праектаў Mustelide і Shuma.

З цікавага - у намінанты на «Найлепшую песню» таксама трапіла «Гісторыя майго жыцця» ад NaviBand, з якой яны ездзілі на «Еўравізію 2017».

- Выпадак з намінацыяй песні з «Еўравізіі» ў рамках альтэрнатыўных узнагарод сапраўды ўнікальны. Хоць можна ўспомніць, як некалькі гадоў таму ў лік намінантаў патрапіла Паліна Рэспубліка з песняй «Лета» і за яе галасавалі такія суровыя хлопцы, як Лэслі Найф з Gods Tower. На мой погляд, гэта лішні раз пацвярджае, што ў музыкі няма межаў, у тым ліку стылістычных, - адзначае Зміцер Бескаравайны.

Пераможцы прэміі будуць абвешчаныя 26 траўня на цырымоніі Rock Profi 2017 у клубе ili. Пачатак мерапрыемства а 20.00. У канцэрце возьмуць удзел True Litwin Beat, The Bangalors, Pink And Sweet. Цырымонія пройдзе пры падтрымцы аркестра «18 датчанаў».

Кошт квіткоў: 10 руб (Папярэдне), 15 руб. (У дзень мерапрыемства).

Спіс намінантаў:

«Найлепшы альбом»: Лявон Вольскі «Псіхасаматыка», «Пятля прыхільнасці» «Мода і воблака», Mustelide «Spi», Shuma «Сонца».

«Найлепшы запіс» (прыз гукарэжысёрам): Алег Даманчук за альбом «Пятля прыхільнасці» «Мода і воблака», Наталля Куніцкая за альбом Mustelide «Spi», Павел Сініла за альбом Re1ikt «Куфар», Alexis Scorpio за альбом Shuma «Сонца».

«Найлепшая песня»: Лявон Вольскі «Гэй!», «Пятля прыхільнасці» «Груз», NaviBand «Гісторыя майго жыцця», Nizkiz «Міраж».

«Дэбют года»: «Восьмыдзень», «Вочы», Nebulae Come Sweet, Witness Temple.

«Артыст года»: Лявон Вольскі, «Дай дарогу», «Пятля прыхільнасці», Brutto.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках