19 красавiка 2024, Пятніца, 0:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Паліенка: Наша салідарнасць і свабода ў сэрцах мацнейшая за іх турмы

1
Дзмітрый Паліенка: Наша салідарнасць і свабода ў сэрцах мацнейшая за іх турмы
ДЗМІТРЫЙ ПАЛІЕНКА
ФОТА: SPRING96.ORG

Палітвязень напісаў шчыры ліст на волю.

Палітвязень Зміцер Паліенка пасля траплення ў Бабруйскую калонію прайшоў каранцін і быў змешчаны ў 9 атрад. 18 траўня ў калоніі яго наведаў адвакат. Звесткамі пра ўмовы зняволення Дзмітрыя Паліенкі падзялілася яго знаёмая Марына Насенка, паведамляе «Радыё Свабода».

«Раней Зміцер пісаў нам, што не ўсе лісты да яго даходзяць, і мы гэта пабачылі на сваім прыкладзе. Як цяпер расказала адвакат, пасля таго, як у медыя з’явілася інфармацыя пра гэта, ён атрымаў адразу некалькі лістоў, нават тыя, якія яму пісалі ў красавіку. Значыць, некаторыя лісты з невядомай нам прычыны яму доўга не перадавалі, і толькі пасля паведамлення пра гэта ў прэсе лісты аддалі», — распавяла Марына Насенка.

На ціск у Бабруйскай калоніі Зміцер Паліенка не скардзіцца, але, са слоў вязня, адміністрацыя не лічыць яго звычайным вязнем:

«Яго амаль адразу выклікалі ў адміністрацыю з нейкімі хлопцамі і зачыталі рапарт. Пра сябе ён пачуў, што знаходзіўся ў складзе нейкай экстрэмісцкай анархісцкай групоўкі і таму мусіць знаходзіцца пад асаблівым наглядам. Каб гэта пазначыць, яму на адзенне павесілі адмысловую бірку, якую ён мусіць насіць заўсёды. Напрыклад, калі вязні выходзяць на пастраенне, ён мусіць быць у першых шэрагах. Бірка вылучаецца, хоць колер яе не мае асаблівага значэння, гэта проста пэўная тканіна, якая там ёсць. Можа быць белая ці жоўтая, але сэнс у тым, што да такіх вязняў асаблівая ўвага. Калі ў калонію трапляюць футбольныя фанаты, дык іх таксама так пазначаюць, а яшчэ пазначаюць палітычна актыўных», — пераказала Марына Насенка звесткі ад Змітра Паліенкі.

У калоніі Змітра Паліенку ўжо накіравалі на працу — ён шые рабочыя рукавіцы ў тым самым цэху, дзе працаваў і старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі.

26 траўня Змітру Паліенку споўніцца 23 гады. Сябры Змітра заклікаюць віншаваць палітвязня з днём народзінаў, пішучы на адрас: Бабруйск, ПК 2, вуліца Сікорскага-1, 9-ы атрад, індэкс 212800.

«Дарэчы, год таму Зміцер сустрэў дзень народзінаў у СІЗА, цяпер — у калоніі. Але настрой у яго бадзёры. За тыя лісты і дапамогу, што ўжо дайшлі, ён усім перадаваў вялікі дзякуй», — кажа знаёмая актывіста.

«Шчыра дзякую табе і паплечнікам. Наша салідарнасць і воля ў сэрцах мацнейшыя за іхныя турмы, дабро ўсё ж пераможа зло», — гэта цытата з ліста Змітра Паліенкі на волю.

«Там ёсць трэнажоры, тэлевізар, кнігі, розныя гульні — умовы збольшага нармальныя. Прайшоў рамонт, колер будынка — як пажарная машына», — адзначыў Зміцер Паліенка адным з лістоў сябрам.

Год таму грамадскі актывіст Зміцер Паліенка быў арыштаваны падчас акцыі раварыстаў «Крытычная маса» і нібыта за напад на міліцыянта атрымаў ад суду зняволенне з адтэрміноўкай. Восенню мінулага году Паліенка выйшаў на волю, зноў стаў браць удзел у акцыях пратэсту і салідарнасці. У выніку актывіста паўторна арыштавалі, а ў сакавіку 2017 году адтэрміноўку зняволення змянілі на рэальны тэрмін, які мусіць закончыцца налета.

Беларускія праваабаронцы прызналі Змітра Паліенку палітвязнем і патрабуюць ягонага неадкладнага вызвалення.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках