25 красавiка 2024, Чацвер, 19:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: ЧС у хакеі ў Менску не выклікаў наплыву турыстаў

4
Экспэрт: ЧС у хакеі ў Менску не выклікаў наплыву турыстаў
ФОТА: ЧМХ 2014

Хакейны форум - гэта разавая падзея, якая не можа цягам доўгага часу прывабліваць замежнікаў.

У 2021 годзе Беларусь разам з Латвіяй прыме Чэмпіянат свету ў хакеі. Пры гэтым, асноўныя гульні пройдуць менавіта ў нас, а адпаведна, мы прымем і асноўную плынь хакейных заўзятараў. На думку рэдактара газеты "Турызм і адпачынак", экспэрткі ў галіне турызму Ліліі Кобзік, чэмпіянат 2014 года, які прайшоў у Менску, зрабіў для Беларусі нямала. Напрыклад, была наладжаная інфраструктура, з'явіліся гатэлі з сусветнымі імёнамі. Але гэтага, на жаль, было недастаткова, каб прывабліваць турыстаў, паведамляе «Еўрарадыё».

«Калі быў чэмпіянат ў 2014 годзе турыстаў у нас не вельмі стала больш, - кажа Лілія Кобзік. - Хоць заўзятараў да нас прыехала 25 тысяч. Але іншыя турысты да нас чамусьці не паехалі. Здаецца, і чэмпіянат прайшоў выдатна, і гатэлі з'явіліся, і імідж краіны быў палепшаны, дык давайце, прыязджайце! Але гэтага не адбылося! Таму што мы тэму паспрабавалі, і кінулі, развіваць яе ўжо не сталі. Да таго ж, там былі падзеі, якія ад нас ужо не залежалі: крымскія падзеі, фінансавы крызіс. Гэта быў пераломны год для ўсяго рэгіёну».

Увогуле, Лілія Кобзік здзіўляецца, чаму мы чакалі наплыву турыстаў пасля чэмпіянату свету ў хакеі. Маўляў, гэта разавае падзея, якая не можа цягам доўгага часу прывабліваць замежнікаў. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, рэдактарка «Турызм і адпачынак» перакананая, што на ўвядзенне ў Беларусі бязвізавага рэжыму для 80 краін свету ўдала праведзенае хакейнае спаборніцтва амаль ніяк не паўплывала.

У той жа час, Лілія Кобзік не выключае магчымасці, што бязвізавы рэжым у Беларусі можа знікнуць. Таму што цяпер чыноўнікі палічаць, прааналізуюць і ўбачаць, што страчваюць грошы на тых жа візах, бо бязвізавыя турысты амаль нічога не прыносяць. І наступным крокам можа стаць павелічэнне колькасці бязвізавых дзён, каб турысты маглі адпачыць у нашых аграсядзібах і санаторыях, а можа стаць і пастанова аб скасаванні гэтага бязвізавага рэжыму, бо ён не спрацаваў.

Новы Чэмпіянат свету ў хакеі, на думку Ліліі Кобзік, усё ж можа прынесці станоўчыя дывідэнды, але ўладам ужо цяпер трэба вызначацца, на развіцці якой турыстычнай галіны рабіць акцэнт.

«Калі будзем развіваць спартыўны турызм, то над гэтым таксама трэба вельмі старанна працаваць, рэкламаваць, развіваць, а гэта выдаткі. Калі гэта будзе бізнэс-турызм, пра які ўвесь час кажуць, то ў нас нават няма ніводнай пляцоўкі, разлічанай на міжнародныя канферэнцыі. Ёсць невялікія гатэлі, дзе ёсць магчымасць правесці невялікі карпаратыў, сустрэчу, каб пагаварыць, і ўсё! Карацей, трэба вызначацца і працаваць у гэтым кірунку, а там ужо паглядзім».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках