25 красавiка 2024, Чацвер, 10:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецка-французскі тэлеканал выпусціў спецыяльны рэпартаж пра Менск

3
Нямецка-французскі тэлеканал выпусціў спецыяльны рэпартаж пра Менск

Канал Arte зрабіў рэпартаж пра сучаснае мастацтва ў беларускай сталіцы.

Нямецка-французскі канал Arte ў сэрыі «Metropolis» зрабіў рэпартаж пра сучаснае мастацтва ў Менску. Аўтары знаёмяць гледачоў з Міхаілам Гуліным і ягонымі перформансамі (за адзін з іх ён быў арыштаваны ў 2012-м), Вольгай Гапеевай і ейнай паэзіяй, Максімам Сарычавым і ягоным фотапраектам, галерэяй «Ў», Кастрычніцкай, піша nn.by.

Гэтыя прыклады сучаснага мастацтва злучаныя ў аповед пра «самую халодную сталіцу Еўропы ў дарозе на Захад». Закадравы голас, часам падмацаваны выказваннямі мясцовых арт-актывістаў, увесь час вагаецца: Менск - гэта месца, дзе ўсё яшчэ жыве савецкая мінуўшчына, «архітэктурна, стылістычна, ментальна?». «Савецкая мінуўшчына глыбока ўкаранілася ў душу Беларусі і фармуе яе ідэнтычнасць», - сцвярджаецца ў рэпартажы. Пра гэта паведамляе гледачу характэрна савецкая музыка, якая гучыць на пачатку сюжэту. Ці, магчыма, рэчаіснасць беларускай сталіцы функцыянуе складаней, дынамічна злучаючы рэшткі мінулай эпохі і сучаснага глабалізаванага свету?

Асноўная задумка аўтараў - у пытанні: «Беларуская сталіца адкрываецца свету?» Магчымы скепсіс зразумелы. Перш за ўсё, калі ўзяць пад увагу палітычны кантэкст, які шчыльна пераплецены з мастацтвам і мінуўшчынай.

Палітычным абставінам надаецца шмат увагі: нядаўнія пратэсты («упершыню за доўгі час дэманстравалі тысячы») і пэўны спрашчэнне правілаў для ўезду ў краіну. Арышты дэманстрантаў і мастакоў, цэнзурныя абмежаванні (якія ўвесь час змяняюцца, і мастакі павінны кожны раз нанова адваёўваць сваю вольную прастору). Міліцэйскія пастарункі, дзе арыштаваных жорстка збіваюць, а праваахоўнікі дазваляюць сабе расісцкія жарты.

«Як гэта можа спалучацца?» - дыктар задае галоўнае пытанне менскай і беларускай рэчаіснасці.

Гулін ставіць свой чарговы эксперымент: ставіць белую костку з пап'е-машэ каля вядомых сімвалаў горада. Arte паказвае места як сацрэалістычную утопію: «манументальная архітэктура прымушае чалавека адчуць сябе зусім маленькім». Нанова адбудаваны гістарычны цэнтр ( «гэта нармальна») знішчаны гмахам Чыжа - ператвораны ў цацачную кулісу, пернікавы сувенір. Менчукі рэагуюць на мастака станоўча: яшчэ адна анамалія ў сталіцы глыбока саветызаванай дыктатуры.

Фатограф Міхаіл Сарычаў у сваіх праектах займаецца і мінуўшчынай, і сучаснасцю. Серыя здымкаў з апошніх пратэстаў, напрыклад, дазваляе ўзняць пытанні ўплыву рэпрэсій на чалавека, а таксама найноўшую гісторыю Беларусі: датацыйную стабільнасць 2000-х і падзенне 2010-х, якое набыла розныя формы, ад драматычнага скарачэння заробкаў да нечакана масавых пратэстаў.

Адсюль аўтары рэпартажу лагічна пераходзяць да ролі Расеі ( «стаўленне да вялікага суседа - амбівалентнае») і пытання аб мінуўшчыне. Гаворка пра другі праект Сарычава, прысвечаным Курапатам. Фатограф ставіць пад пытанне афіцыйную гістарычную палітыку - дакучлівую канцэнтрацыю на «Вялікай Айчыннай» вайне. Гэта «зручнае стаўленне», бо яно дазваляе абмінуць праблемныя моманты ранейшай гісторыі - у тым ліку і Курапаты, «прыклад надзвычайнага гвалту і палітычнага ціску».

Вольга Гапеева ў Менску. ФОТА: KOBALT.

Паэтка Вольга Гапеева распавядае пра праблему ідэнтычнасці, уласцівую Беларусі - краіне, якая заўсёды была «паміж» і якая сёння вымушана сутыкнулася з пытаннем «хто мы?» У ліку іншых месцаў Гапеева чытае ў музеі Азгура - у суправаджэнні мадэрновай музыкі. Гэта яшчэ раз паказвае складаную структуру менскага жыцця: такія выступы выглядаюць дзіўна на фоне сацрэалістычных скульптур, дзе ў сваю чаргу перамяшаныя беларускія нацыянальныя героі і савецкі канон (Колас побач з Леніным і Сталіным).

«Тое, што маладыя артысты, як яна, могуць выступаць у дзяржаўным музеі, паказвае іншы бок Менска. Горад прапануе і магчымасці», - заўважае закадравы голас.

Гэты ж бок беларускай сталіцы выяўляе Кастрычніцкая вуліца. «Амаль што як у Бэрліне ці Амстэрдаме», - калі б не два элемента ландшафту: дошка гонару і Ленін.

У самым канцы рэпартажу Гулін кажа: «Адбываюцца сапраўды цікавыя рэчы. Ёсць некалькі сапраўды добрых месцаў». Канцэпцыя апавядання, зададзеная і загалоўкам, і многімі рэмаркамі пра савецкі баласт, які нібыта цалкам фармуе менскую штодзённасць, - канчаткова распалася. Тое, пра што ў Беларусі пісаў, напрыклад, Квяткоўскі ( «Ленін без кантэксту»), а для нямецкіх СМІ - Мельянцоў («Доўгае развітанне з БССР»), - добра відаць у гэтым кароткім відэа.

Горад мяняецца, людзі не абавязкова адпавядаюць стэрэатыпным уяўленням пра ахвяр жорсткай дыктатуры. І «крывавы рэжым», і савецкая архітэктура, якая павінна задушваць асобу, не здолелі спыніць натуральны рух часу: «Тым не менш, у Менску ўтварылася ангажаваная і крэатыўная сцэна».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках