19 красавiка 2024, Пятніца, 16:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як цары рабавалі Беларусь

7
Як цары рабавалі Беларусь

Cуворыя гады расейскай акупацыi нашай краiны.

Аляксандар Радзюк, «Пад скіпэтрам расейскай імпэрыі: рэпрэсіўная палітыка царызму на землях Беларусі ў канцы ХVІІІ-першай палове ХІХ ст.«; «Гарадзенская бібліятэка», 2017, 196 старонак.

Напэўна многім трапляліся зьвесткі: пасьля паўстаньня Каліноўскага маёмасьць пакараных сьмерцю або зьняволеных удзельнікаў прысабечвала царская казна. Але пачаліся канфіскацыі значна раней. Гэта быў выгодны дзяржаўны бізнэс на шырокую нагу.

Аб рэпрэсіўнай палітыцы царызму на беларускіх землях распавядае ў сваёй кнізе «Пад скіпэтрам расейскай імпэрыі» гарадзенскі гісторык Аляксандар Радзюк. Калі прачытаў палову, я раптам зразумеў, што савецкай уладзе ўжо не было чаго рабіць. Апроч паасобных прыкладаў (зборы ў нясьвіскім замку Радзівілаў), браць асабліва не было чаго. Калі яшчэ ўлічыць, канечне, вынікі прымусовага бежанства 1915 году, калі ўсё каштоўнае вывозілася ўглыб Расеі. Там і засталося.

Тое, што ў Беларусі амаль не захавалася палацаў, якія савецкая ўлада ў сваю чаргу таксама не берагла (апроч паасобных), у гэтым нічога дзіўнага. І што яны былі пустыя — таксама. Цары разрабавалі Беларусь, не пакінуўшы на будучыню нічога.

Канфіскацыя і рабункі сядзіб мелі некалькі грунтоўных хваляў. Пасьля паўстаньня Касьцюшкі, затым удзелу шляхты ў вайне 1812 году на баку Напалеону з мэтай адрадзіць незалежнасьць. А пазьней па чарзе пасьля паўстаньняў 1830–31 і 1863–64 гадоў. (Апошняе паўстаньне ў кнізе толькі закранаецца). Такое ж пакараньне было прыдуманае і проста за «мяцежніцкія намеры». А таксама за такія ж намеры альбо за непасрэдны ўдзел у «бунце» за мяжой, не ў Расеі. Стаў пад сьцягі Гарыбальдзі? Адабраць маёмасьць!

Адна справа далучыць прыкасьпійскі стэп, кавалак Сыбіру, дзе ні душы, зусім іншае -эўрапейскі кавалак з гарадамі, замкамі, палацамі, сядзібамі. Жалезная лэдзі Кацярына ІІ была хвацкай кабецінай. Хаця больш справядліва было б назваць напэўна яе жалезнай фраў, за паходжаньне.

Тры нарэзкі беларускага пірага. Смачна. Ня толькі самой імпэратрыцы, але астатняму начальству, фаварытам. Румянцаў-Задунайскі, атрымаўшы абшар, хоча яшчэ, прагне кавалак Белавескай пушчы, зь «дзікімі каровамі». Кацярына ІІ дасьць. Генэралісімус Сувораў атрымае кавалак за перамогі над паўстанцамі ў Беларусі. Памятаючы аб гэтым, Сталін зробіць вучылішча сувораўскае ў Менску, якое да сёньня рыхтуе кадры.

Рабункі не абышліся бяз варварства: старыя манэты, творы з каштоўных мэталяў, посуд здавалі ў пераплаўку. Мікалай І загадаў, каб затым вырабілі начыньне для сталічнага сабору.

Ён, як аказваецца, быў галоўным рабаўніком. Міжволі ўзгадаўся фільм сталінскіх часоў пра штурм Бэрліну. У бункеры Гітлера карыкатурны Герынг вымае са скрынак загорнутыя ў паперу каштоўныя рэчы і сквапна цешыцца. Герынг быў вядомым аматарам нарабаваных па ўсёй акупаванай Эўропе каштоўнасьцяў. Але вобраз у сталінскім фільме, зразумела, знарок прымітыўны. Як выглядае, Герынга можна было б пасьпяхова замяніць Мікалаем І, толькі ў іншых дэкарацыях.

Як наступства, у заняпад прыходзілі сядзібы цалкам, ня толькі палацы, але ўся гаспадарка, якая нярэдка вялася перадавымі як на той час мэтадамі. У 1834 годзе ў славутым Ружанскім палацы была фабрыка, парк зьнішчаны, выдатны сад занядбаны. Руйнаваліся аранжарэі, млыны, стайні. У выніку царская казна з часам стала атрымліваць усё менш прыбытку ад адабраных маёнткаў. Але наперадзе яшчэ чакала наступнае паўстаньне. Так што бізнэс хоць і згасаў, але меў яшчэ пэрспэктывы.

У кнізе створанае шырокае палатно рабаваньня краю, беларускія землі былі для Расейскай імпэрыі сапраўднай калёніяй. Першай захапілася канфіскацыяй на акупаваных землях імпэратрыца Кацярына ІІ. Раздавала генэралам і саноўнікам, пачынаючы з 1772 году зямельныя абшары. Аўтар кнігі адзначае, што яна з новым імпэтам раздорвала захопленыя пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай землі, калі сойм у Горадні яшчэ не зацьвердзіў гэтага падзелу. Ну і пайшло-паехала пры наступных царах.

Што яшчэ было пры царах «за палітыку»? Пазбаўлялі свабоды. Ссылалі ў арыштанцкія роты, на катаргу, каралі сьмерцю. Аляксандар Радзюк разьбірае ўсе віды пакараньня.

Каралі, у прыватнасьці, за псаваньне партрэту імпэратара і за абразу манаршай асобы. Гэта было дзяржаўным злачынствам. Што канкрэтна магло стаць падставай? Складаньне або распаўсюджваньне твораў або выяваў «з мэтай узбудзіць непавагу да вярхоўнай улады ці да асабістых якасьцяў гасудара». Што яшчэ? Выказваньне «дзёрзкіх, абразьлівых словаў». А таксама «пашкоджаньне, скажэньне або зьнішчэньне» партрэтаў, статуй, бюстаў імпэратара.

Мікалаем І было загадана аб усіх падобных выпадках дакладаць яму асабіста. А ён ужо сам вырашыць «ці даць той справе судовы ход, ці скончыць яе адміністрацыйным чынам». Чытач месцамі можа нават зьдзівіцца, як ранейшыя часы нагадваюць, бывае, сёньняшнія.

Сяргей Астраўцоў, «Радые Свабода».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках