20 красавiка 2024, Субота, 2:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі стварылі супрацьтанкавага «Багамола»

33
У Беларусі стварылі супрацьтанкавага «Багамола»
ФОТА: «Белспецзнештэхніка»

«Белспецзнештэхніка» ўпершыню паказала самаходны рабатызаваны супрацьтанкавы комплекс «Багамол».

Пра гэта ТАСС паведаміў галоўны канструктар Андрэй Анісімаў.

Машына паказаная на выставе «MILEX-2017» у Менску.

«Яго распрацоўка была пачатая не так даўно, і мы ўжо маем першыя вынікі гэтай працы. Серыйная вытворчасць будзе арганізаваная досыць хутка, на паказанай мадэлі абкочваюцца розныя тэхнічныя задумкі», – адзначыў ён.

Паводле словаў Анісімава, машына зробленая з нуля без якіх-небудзь запазычанняў. «На выставе паказаны экспартны варыянт, але, калі беларускія ўзброеныя сілы будуць зацікаўленыя ў падобных робатах, няма ніякіх праблемаў паставіць іх на ўзбраенне», – сказаў суразмоўца агенцтва.

Ён дадаў, што на гэты комплекс можа быць усталявана некалькі тыпаў кіраваных ракетаў. «Гэта ракеты класа “Шэршань” з лазернай сістэмай навядзення, гэта “Фагот”, “Конкурс”, “Метыс”, альбо з радыякаманднай сістэмай кіравання, альбо з правадной сістэмай кіравання», – указаў Анісімаў.

Канструктар падкрэсліў, што пуск ракетаў можа ажыццяўляцца практычна ў любое надвор'е і ў розных умовах бачнасці. Маса комплексу з поўнай баявой загрузкай і поўнымі бакамі складае 1850 кілаграмаў. «Яго можна транспартаваць з дапамогай легкавога аўтамабіля, да якога будзе прымацаваная спецыяльная платформа», – сказаў Анісімаў.

Паводле сайта «Белспецзнештэхніка», «Багамол» прызначаны для кругласутачнага ўражання ў аўтаматызаваным рэжыме ўмацаваных наземных цэляў, танкаў, бронемашынаў і верталётаў. Комплекс выкананы на базе самаходнага дыстанцыйнага кіраванага гусенічнага міні-шасі, здольнага перасоўвацца па перасечанай мясцовасці. Складаецца з самаходнай рабатызаванай баявой машыны і аўтаматызаванага працоўнага месца аператара, які кіруе ёю праз бесправадны канал сувязі на адлегласці да 300 метраў. Пасля падрыву «Багамол» аўтаматычна перамяшчаецца на новую агнявую пазіцыю.

Міжнародная выстава ўзбраення і ваеннай тэхнікі «MILEX-2017» адкрылася ў Менску 20 траўня і прадоўжыцца да 22 траўня.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках