19 красавiка 2024, Пятніца, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто катаецца за €1200 па Прыпяці?

81
Хто катаецца за €1200 па Прыпяці?
ФОТА: KP.BY

Першы ў Беларусі круізны цеплаход здзейсніў ужо два рэйсы і практычна заўсёды быў запоўнены пасажырамі пад завязку.

За сезон, які скончыцца да 25 кастрычніка, цеплаход «Белая Русь» зробіць 25 рэйсаў. І як распавёў прадстаўнік расейскага тураператара «НІКА», большасць квіткоў ужо раскуплена, піша «Вечерний Брест».

Сярэдні ўзрост турыстаў - 50+

13 траўня круізны цеплаход «Белая Русь» з Берасця адправіўся ў чарговы маршрут «Жамчужыны Палесся». Свабоднымі выявіліся толькі дзве каюты. Як і раней, усе пасажыры - расейцы, сярэдні ўзрост - больш за 50 гадоў.

- Гэта пакуль яшчэ першыя рэйсы. Так, узнікаюць пытанні, нюансы. Але пасажыры да гэтага ставяцца з разуменнем. Мала таго, яны імкнуцца нам падказаць, што і як лепш зрабіць. У першых рэйсах шмат аматараў круізных падарожжаў, якія ўжо бачылі віды. Ад іх водгукаў на форумах будуць залежаць наступныя плыні турыстаў з Расеі. Мы ў свой адрас ад іх чулі ў асноўным толькі станоўчыя словы, - распавядае намеснік гендырэктара ў эканоміцы РУЭСП «Днепра-Бугскі водны шлях» Сяргей Зубко.

Некалькі слоў пра свае ўражанні турысты пакінулі ў кнізе водгукаў і прапаноў цеплахода. Пасажыры з горада Пушкіна Маскоўскай вобласці напісалі: «Мы вельмі шчаслівыя, што гэты круіз адбыўся! Каюты парадавалі сваім радасным цёплым інтэр'ерам. Ложак вельмі зручны. Парадавала наяўнасць лядоўні, добрай ТВ, якая працуе з добрай якасцю пры руху цеплахода. І мы адчулі клопат пра нас і стараннасць усёй каманды. Усе ішлі насустрач нашым просьбам». У сваім водгуку госці з Расеі пакінулі і некалькі заўваг з прапановамі. Напрыклад, адзначылі, што дыскатэка з гучнай музыкай добрая для адной часткі турыстаў. Але іншым у гэты момант хацелася б адпачыць і паслухаць гукі прыроды. Таксама яны пажадалі ў меню ўбачыць больш нацыянальных страў. І па тэлевізары ў бары, на іх думку, варта круціць відэаролікі пра Беларусь, нацыянальную музыку, каб прыезджыя госці маглі як мага больш даведацца пра Беларусь, пагрузіцца ў яе каларыт.

Словы падзякі ў адрас персаналу і агулам пра Беларусь выказалі і іншыя пасажыры, якія пакінулі водгукі ў кнізе. Многія засталіся ў захапленні ад нашых народных песенных ансамбляў і калектываў.

МЕНШ ЗА 10 БЕЛАРУСАЎ НА СЕЗОН

Як распавёў выканаўчы дырэктар расейскага тураператара «НІКА» Міхаіл Корнышаў (менавіта гэты тураператар дапамагаў распрацаваць круіз «Жамчужыны Палесся»), большасць месцаў у гэтым сезоне ўжо забраняваныя, цяпер ідзе продаж рэшткаў. Пераважная большасць пасажыраў «Белай Русі» - расейцы. А вось беларусаў сярод пасажыраў пакуль менш за дзясятак.

- Абмежаванняў у продажы квіткоў няма, і чаму жыхары вашай краіны не купляюць іх, я не магу сказаць. Магу адказаць, што прыцягвае расейскіх турыстаў. Па-першае, цікавіць сама Беларусь. Для нас няма моўнага бар'ера, не патрэбныя замежныя пашпарты, атмасфера прыязная, смачная кухня, прыгожая прырода. Па-другое, прыцягвае маршрут. Калі б ён праходзіў праз Менск, то наўрад ці б выклікаў вялікую цікавасць, а ён ідзе па невядомых для нас месцах. А па-трэцяе, прыцягвае водны шлях, яго атмасфера вельмі прыцягальная, - тлумачыць Міхаіл Корнышаў.

ЧАМУ ТАКІЯ НЕМАЛЕНЬКІЯ КОШТЫ?

Падарожжа на цеплаходзе здаецца дарагім варыянтам адпачынку. Тыднёвая паездка па «жамчужынах Палесся» каштуе ад 400 да 1200 еўраў у залежнасці ад класа каюты і выбару сезона падарожжа. Гэты кошт паводле сістэмы «ўсё ўключана», гэта значыць, уваходзіць аплата 4-разавага харчавання, усе экскурсіі і квіткі ў музеі, выступы мясцовых народных калектываў, ТБ, інтэрнэт і т.д.

Міхаіл Корнышаў запэўнівае, што кошт тыднёвага падарожжа на беларускім цеплаходзе зусім нізкі: «Ваш круіз можна назваць унікальным. У краіне толькі адзін цеплаход на водным шляху. Другога такога няма. У Амерыцы таксама ёсць адзін цеплаход. І там 12-дзённае падарожжа без экскурсій каштуе 7 тысяч даляраў. Абслугоўваць эксклюзіў дорага».

Для расейцаў падарожжа на «Белай Русі» выходзіць танней у 2-5 разоў, чым такія круізы ў Расеі. На еўрапейскі рынак тыднёвае падарожжа прадаецца ад 1000 да 1500 еўраў без уключаных экскурсій. Яшчэ блізу 400 еўраў пацягнуць «забавы». Тыднёвае падарожжа па рацэ ў Еўропе для замежнага турыста складзе ад 3,5 да 7 тысяч даляраў на караблі сярэдняй катэгорыі. Клас люкс абыдзецца ім у 7-12 тысяч даляраў за тыдзень.

- Ды і расейскаму турысту тыднёвае знаходжанне ў Беларусі з аплатай гатэлю, харчавання, экскурсій і праезду выходзіць даражэй, чым тыднёвы круіз на цеплаходзе з сістэмай «усё ўключана».

ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ

Ідэя стварыць круізны цеплаход зарадзілася ў былога дырэктара РУЭСП «Днепра-Бугскі водны шлях» Івана Кіеўца ў рамках праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся. Праграма была прынятая ў 2010 годзе. А ў 2011-м ужо пачаліся работы для пераабсталявання цеплахода. Для гэтай мэты кіраўніцтва РУЭСП «Днепра-Бугскі водны шлях» выкарыстала самае вялікае наяўнае судна.

Першапачаткова планавалася, што цеплаход будзе хадзіць да Кіева. Але пазней ад гэтай ідэі давялося адмовіцца. Гэта шмат у чым звязанае з адміністрацыйнымі працэдурамі. Напрыклад, пункты пропуску размешчаныя толькі ў Мазыры і ў Кіеве. Гэта значыць, пасажыры не змаглі б сысці на бераг цягам усяго шляху. Паўстала пытанне і з тэхабслугоўваннем судна на тэрыторыі Украіны.

Працягласць круізу - 523 км. На борце знаходзіцца 10 чальцоў экіпажа, сярод якіх шэсць - абслугоўваючы персанал, чацвёра кіруюць суднам.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках