24 красавiка 2024, Серада, 13:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чорцік з табакеркі для Лукашэнкі

11
Чорцік з табакеркі для Лукашэнкі

Расея дыктуе свае правілы на рынку ЕАЭС.

Расея ўсталёўвае ў ЕАЭС правілы, якія ёй выгадныя, мяркуюць экспэрты. На іх думку, дзеянні РФ у абароне свайго рынку ўшчамляюць інтарэсы ўдзельнікаў еўразійскай інтэграцыі.

У Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) адзін канфлікт змяняецца іншым. Федэральная мытная служба (ФМС) Расеі з лютага да 18 траўня не прымала выдадзеныя ў Арменіі, Беларусі, Казахстане і Кіргізіі дакументы аб ацэнцы адпаведнасці прадукцыі патрабаванням адзіных тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза (МС). Пастаўшчыкоў з гэтых краін накіроўвалі па сертыфікаты ў расейскія фірмы.

Цяпер ФМС прапанаваў увесці адзіную маркіроўку на сельгаспрадукцыю, каб абараніць расейскі рынак ад забароненай прадукцыі. Падазраючы хаўруснікаў у рээкспарце санкцыйных тавараў з ЕЗ, Рассельгаснагляд вядзе бясконцыя вайны з імпартам з Беларусі - малаком, мясам, садавінай і не прапускае тавары з Украіны і Еўразвязу ў Казахстан праз тэрыторыю Расеі.

Удзельнікі еўразійскай інтэграцыі незадаволеныя ўзмацненнем жорсткасці умоў экспарту ў РФ, бо парушаецца адзін з чатырох прынцыпаў адзінага рынку - свабода перамяшчэння тавараў. На думку апытаных Deutsche Welle экспэртаў, прычына рознагалоссяў у тым, што Масква хоча дыктаваць хаўруснікам ў ЕАЭС уласныя правілы гульні і робіць іх закладнікамі свайго канфлікту з Захадам.

«Чорцікі з табакеркі»

Незалежныя аналітыкі мяркуюць, што да жорсткага кантролю імпарту, які пастаўляецца з краін-удзельніц ЕАЭС, прывяла вайна санкцый, якую РФ вядзе з Захадам. Менавіта тады з'явіліся анекдоты пра беларускія ананасы і вустрыцы, хоць раней іх рээкспарт з Беларусі ў Расею пад сумнеў не ставіўся. СМІ паведамляюць пра ўшчамленне інтарэсаў Казахстана на расейскім рынку вытворцаў алкагольнай прадукцыі і кандытарскіх вырабаў, а таксама рээкспарту кітайскіх тавараў, напрыклад, аўтамабіляў. З тых жа прычын была вымушаная скараціць свой экспарт прадукцыі з Кітая Кіргізія. У Арменіі ў сувязі з уступленнем у ЕАЭС кажуць аб накладзеных расейскімі партнёрамі абавязаннях для абмежавання на транзіт іранскага газу ў Грузію.

«Чорцікі з табакеркі» вылезлі пасля ўкраінскіх падзей, калі Расея, абараняючы свой рынак ад «санкцыйных прадуктаў», узвяла для еўразійскіх вытворцаў і экспарцёраў штучныя перашкоды», - кажа кіраўнік казахстанскай незалежнай экспэртнай групы «Ацэнка рызык» Дасым Сатпаеў. У інтэрв'ю DW ён заявіў, што гэтыя бар'еры не былі прапісаныя ні ў Мытным кодэксе, ні ў дамове аб стварэнні ЕАЭС. Напрыклад, летась Расея ўвяла двайны кантроль грузаў пры ўездзе на яе тэрыторыю з Казахстана. Усе тавары з Казахстана на мяжы з Расеяй належала перагружаць у расейскія транспартныя сродкі, што падвышала кошт прадукцыі і рабіла яе неканкурэнтаздольнай.

Са слоў Сатпаева, Расея навязвае хаўруснікам свае ўмовы, «зыходзячы з уласных інтарэсаў і ўласнай замежнапалітычнай авантуры з Крымам». Але гэта, мяркуе аналітык, не праблемы Казахстана і той жа Беларусі. «Мы ў канфлікце з Захадам не ўдзельнічаем, у нас добрыя стасункті з Украінай і з Еўразвязам, мы хочам гандляваць з Польшчай, яблыкі з якой вымушаныя цяпер пастаўляць у Казахстан у абыход Расеі», - кажа экспэрт.

Жаданне расейскай мытні маркіраваць тавары ў ЕАЭС Сатпаеў назваў яшчэ адным спосабам узмацніць кантроль за рухам экспарту ў РФ. Экспэрт перакананы, што краіны ЕАЭС становяцца закладнікамі замежнай палітыкі Масквы, якая вылучае ўсё новыя патрабаванні да хаўруснікаў.

«Нас увесь час падазраюць у парушэннях расейскіх антызаходніх санкцый», - прадаўжае Сатпаеў. «Ніякая адзіная маркіроўка ЕАЭС і іншыя захады кантролю не выратуюць ад падазрэнняў Масквы, і нам зноў давядзецца даводзіць, што мы нікога не ашукваем», - наракае ён.

Спроба не ўдалася

Беларускі эканаміст Сяргей Чалы нагадаў, што статутныя дакументы ЕАЭС, які пачаў працу 1 студзеня 2015 года, меркавалі выпрацоўку адзінай палітыкі ў сферы эканомікі і адыход ад двухбаковых стасункаў, якія шмат у чым залежалі ад асабістых сімпатый кіраўнікоў: «Ельцын любіў Лукашэнку, а Пуцін не любіць».

Сэнс інтэграцыі палягае ў тым, каб для ўсіх былі адзіныя правілы. «Гэта была фактычна дамова аб ненападзе ў эканамічнай сферы - спроба стварыць сістэму, якая перашкаджала б вядзенню гандлёвых войнаў», - кажа экспэрт. Але ідэя не спрацавала - канфлікты засталіся. На думку Чалага, пакуль праблемы ў большай ступені датычацца сувязяў з Расеяй Беларусі і Казахстана, а не «пачаткоўцаў» - Арменіі і Кіргізіі.

Акрамя вайны санкцый паміж Расеяй і Захадам, якая прывяла да з'яўлення новых бар'ераў унутры ЕАЭС, Сяргей Чалы звярнуў увагу на яшчэ адну шчыліну для вядзення гандлёвых войнаў - памежны і фітасанітарны кантроль. «Расея карыстаецца ім «на ўсю катушку», бо ўспрымае гандаль сваіх хаўруснікаў з іншымі краінамі як замах на яе рынак», - падкрэсліў экспэрт.

«Навошта такі саюз?»

У экспэрта ў сферы замежнага гандлю, менчука Уладзіміра Арцюгіна сваё бачанне сітуацыі. «Еўразійскі эканамічны саюз задумваўся з добрымі намерамі, а да скандалаў і канфліктаў вядзе дрэнна прапісаная дакументацыя», - кажа Арцюгін. Чыноўнікам з Еўразійскай эканамічнай камісіі - рэгулятара ЕАЭС нічога не застаецца, акрамя як абяцаць, «што хутка ўсё выправіцца, на тое яны і чыноўнікі».

Але напраўду, мяркуе аналітык, паўзахадаў быць не павінна. Гэта значыць, Расея, якая вядзе санкцыйную вайну з Захадам, павінна выразна сказаць партнёрам па інтэграцыі: альбо вы з намі, і тады мяжа будзе празрыстай, - альбо мы аднаўляем мытні. «Вось гэта і ёсць развязанне праблемы - без паўзахадаў», - перакананы Уладзімір Арцюгін.

У сваю чаргу казахстанскі экспэрт Дасым Сатпаеў упэўнены, што ў выніку хаўруснікі Расеі ў ЕАЭС атрымліваюць не столькі карысць, колькі дадатковыя праблемы, таму многія пытанні можна больш эфектыўна развязваць у рамках двухбаковых дачыненняў. «Навошта нам патрэбен такі Еўразійскі саюз, прынамсі, Казахстану?» - задаецца пытаннем Сатпаеў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках