25 красавiка 2024, Чацвер, 16:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рубель апынуўся на парозе сур'ёзнай дэвальвацыі

23
Рубель апынуўся на парозе сур'ёзнай дэвальвацыі
КРЫНІЦА: SVABODA.ORG

Чаканае падзенне курсу расейскай валюты абрыне і беларускую.

Расейскія ўлады дапускаюць дэвальвацыю расейскага рубля на працягу года да адзнакі 68 рас. рублёў за 1 даляр. Наколькі ў гэтым выпадку можа знізіцца абменны курс беларускага рубля? Пра гэта на сайце «Наше мнение» разважае аналітык Даследчай групы BusinessForecast.by, эканаміст Аляксандр Муха:

- Улічваючы, што афіцыйны курс расейскага рубля да даляра ЗША 20 траўня гэтага года склаў 57,1602 рас. рублёў за 1 даляр, чаканая дэвальвацыя расейскага рубля ацэньваецца ў суме блізу 19%. Не выключана, што дэвальвацыя расейскага рубля сярод іншага будзе звязана з павелічэннем грашовай прапановы ў мэтах фінансавання інфраструктурных праектаў на тэрыторыі Далёкага Усходу Расеі.

Неабходна адзначыць, што дэвальвацыя расейскага рубля можа прывесці да падзення экспарту беларускіх тавараў і паслуг у Расею пры адначасовым павелічэнні імпарту расейскіх тавараў і паслуг у Беларусь. Як следства, у гэтым выпадку сальда замежнага гандлю з Расеяй можа пагоршыцца з усімі вынікаючымі негатыўнымі наступствамі.

З іншага боку, у гэтай сітуацыі рэальны эфектыўны курс беларускага рубля да расейскага рубля, паводле нашых ацэнак, выглядае заніжаным. Таму пры 19% дэвальвацыі расейскага рубля да даляра ЗША дэвальвацыя беларускага рубля да амерыканскай валюты ў рамках базавага сцэнарыя можа скласці блізу 12% (пры іншых роўных умовах).

У гэтым выпадку заніжаны рэальны эфектыўны курс нацыянальнай валюты выкарыстоўваецца для стымулявання экспарту і адначасовага абмежавання імпарту. Дарэчы, паводле звестак Белстата, экспарт беларускіх тавараў у Расею ў першым квартале 2017 г. павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года на 37,9% да 2,813 млрд дал.

Разам з тым, асноўныя рызыкі для стабільнасці ўнутранага валютнага рынку Беларусі звязаны з іншымі замежнымі і ўнутранымі фактарамі. У іх ліку чаканае змяншэнне прапановы замежнай валюты з боку насельніцтва, захаванне значных выплат па вонкавым абавязку рэзідэнтаў Беларусі ва ўмовах хранічнай недастатковасці золатавалютных рэзерваў, зніжэнне адсоткавых ставак па рублёвых інструментах, узмацненне сацыяльнага расслаення ў грамадстве і інш.

Паводле звестак Нацыянальнага банка Беларусі, у студзені 2016 г. – красавіку 2017 г. фізічныя асобы прадалі на чыстай аснове 2,611 млрд дал. (з улікам безнаяўных аперацый). Паводле ацэнак BusinessForecast.by, насельніцтва ў студзені 2016 г. – красавіку 2017 г. вымушана было расстацца, як мінімум, з трэцяй часткай раней назапашаных валютных ашчаджанняў у неарганізаванай форме. У выніку пры захаванні такіх тэмпаў неарганізаваныя валютныя ашчаджанні фізічных асоб гіпатэтычна могуць скончыцца ўжо менш як праз два гады (пры іншых роўных умовах).

У сваю чаргу, графік маючых адбыцца плацяжоў паводле валавых замежных запазычанняў рэзідэнтаў Беларусі паводле стану на 1 студзеня 2017 г. уключае плацяжы ў асноўным абавязку і працэнтаў на агульную суму 45,651 млрд дал.

У 2017 г. плацяжы рэзідэнтаў Беларусі па вонкавым абавязку ацэньваюцца на ўзроўні 17,168 млрд дал. (з улікам аперацый у рэфінансаванні запазычанняў). Паводле стану на 1 студзеня 2017 г., золатавалютныя рэзервы Беларусі склалі 4,927 млрд. дал., пакрываючы толькі 28,7% маючых адбыцца плацяжоў у замежным абавязку. У той час як згодна з крытэрам Гідоці, золатавалютныя рэзервы павінны пакрываць не менш за 100% маючых адбыцца гадавых выплат па сукупным вонкавым абавязку рэзідэнтаў краіны (урада, цэнтральнага банка, прадпрыемстваў, банкаў).

У выніку ў выпадку негатыўнага сцэнару тэмпы дэвальвацыі беларускага рубля да даляра ЗША найбліжэйшы год могуць перавысіць чаканыя тэмпы дэвальвацыі расейскага рубля да амерыканскай валюты, прынамсі, на некалькі працэнтных пунктаў. Адпаведна, у гэтым выпадку працягнецца заніжэнне рэальнага эфектыўнага курсу беларускага рубля да расейскага рубля праз адсутнасць магчымасці ў цэнтральнага банка Беларусі аказаць падтрымку нацыянальнай валюце з прычыны недастатковасці золатавалютных рэзерваў краіны.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках