29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь, прачніся!

25
Беларусь, прачніся!

Беларусь плюхнулася ў ложак, выпіла сто грам самагонкі і спіць, храпучы.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка выказаўся ў «Белгазете» пра галоўную праблему беларусаў.

«Галоўная праблема беларусаў - боязь рабіць будучыню. Бо прасцей жыць у зямлянцы. Вось Беларусь і плюхнулася ў ложак, выпіла сто грам самагонкі, закусіла кавалкам сала, заплюшчыла вочы і спіць, храпучы. І так ужо 23 гады. Так і хочацца сказаць: «Беларусь, прачніся!».

***

«Паміж кіраўніком і народам дзейнічае магутная пракладка - наменклатура. Яна сябе не крыўдзіць, асабліва яе вярхавіна. Яна стала тым самым хвастом, які круціць сабакам. Лукашэнка быццам бы кіруе, але паглядзіце, як наменклатура яго падстаўляе. Асноўныя рэпутацыйныя ўдары, аплявухі па эканоміцы, па рублю і вытворцам тавараў нанесла менавіта яна. Пры гэтым чыноўнікі ў дасканаласці авалодалі мастацтвам пошуку ахвярных казлоў. То сусветны крызіс пададуць Лукашэнку як прычыну ўсіх бед беларускай эканомікі, то крызіс у Расеі, то вайну ва Украіне, то непатрыятычных беларусаў.

Для надання гэтым версіях вагі VIP-наменклатура перыядычна здае сваіх. Маўляў, і ў нас часам заводзіцца паршывая авечка. Лукашэнка прымае такія правілы гульні. Перформанс для насельніцтва не змяняецца ўжо больш за 20 гадоў. Прыкметна пастарэлі асноўныя акторы. Пазношваліся, абтрапаліся дэкарацыі. Будынак самога тэатра патрабуе капрамонту.

Але Лукашэнка загадвае - шоў must go on. Але выглядае гэта неэстэтычна. Калі пенсіянеры паказваюць юных балерын у «Лебядзіным возеры», рукі самі цягнуцца да вяроўкі, каб апусціць заслону».

***

«Калі б нам з вамі далі магчымасць у эфіры расказаць людзям, што заробак у іх панізіўся ўдвая таму, што ВУП знізіўся на 40% у даляравым вылічэнні, то многія адразу б сабралі сваім дзецям валізкі і далі б наказ: едзь, сынок/дачушка, працаваць у Польшчу за 700 еўраў за месяц, няма чаго табе гніць у гэтым балоце. А так беларус быццам бы і гатовы звесіць адну нагу з ложка, каб устаць, але тут яму па скрыні пра рост прамысловасці на 4% - і нага, хоп, зноў у ложку.

Праз эканамічнае невуцтва легкаверныя людзі праглынаюць казкі пра нашую ўнікальную стабільнасць, сацыяльную арыентацыю, нізкія кошты, шчаслівую старасць і поўную занятасць. Людзей можна зразумець. Калі казачнікамі з'яўляюцца людзі, якія называюць сябе навукоўцамі і міністрамі, яны ім схільныя верыць. Бо альтэрнатыўнага пункту гледжання яны не чуюць, бо не прыкладаюць ніякіх намаганняў яго пачуць».

***

«Беларусь трэба весці да таварыства чалавека інтэлектуальнага, гэта значыць трэба сфармаваць чалавечы капітал. Людзі павінны настройвацца на навучанне ўсё жыццё, быць лёгкімі на пад'ём, каб пераязджаць з месца на месца для працы. Салідарны з кіраўніком Сусветнай гандлёвай арганізацыі Робэртам Азеведу, які на саміце «Бізнэс дваццаткі» ў Бэрліне сказаў, што амаль 65% дзяцей, якія цяпер навучаюцца ў пачатковай школе, будуць мець прафесіі, якія яшчэ не існуюць. Гэта не касметычны рамонт існага рынку працы - гэта яго злом, глыбокая перазагрузка. Мы павінны быць гатовымі да таго, што цяперашняя сістэма адукацыі, дыпломы і іншыя пасведчанні ў найбліжэйшай будучыні будуць не патрэбныя. Навошта вучыць дзяцей і моладзь таму, што страціла актуальнасць 30-50 гадоў таму?»

***

«Калі б чалавечы капітал у нас уважалі за галоўны, то не ператварылі б сістэму адукацыі ў сістэму паслуг адукацыі, у сістэму штучнай і глыбокай ідэалагізацыі, піанерызацыі і БРСМізацыі. Прэстыж сапраўднай навукі ўпаў ніжэй за ліштву. «Чаго пажадаеце» замяніла навуковую прынцыповасць. Настаўнікі школ ператварыліся ў пісак, якім плацяць не за навучанне і выхаванне дзяцей, а за запаўненне паперак і фармуляраў. Мінадукацыі сваёй недарэчнасцю і архаічнасцю параўнаем хіба што з Мінсельгасхарчам».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках