28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларуска кінула працу швачкі і стала дальнабойніцай

11
Як беларуска кінула працу швачкі і стала дальнабойніцай

31-берасцейка знайшла ў сабе смеласць крута змяніць сваё жыццё.

31-гадовая Вольга Барткоўская калісьці была швачкай у Берасці, а цяпер стала дальнабойніцай і калясіць па ўсёй Еўропе. «Зноўку цісну на педаль, толькі ўжо не швейнай машыны, а грузавіка», - жартуе дзяўчына, распавядаючы tut.by пра свой стромкі жыццёвы паварот.

«Працавала швачкай толькі таму, што заробак выходзіў добры»

- Яшчэ ў школе я атрымала спецыяльнасць «кравец лёгкай сукенкі». Пасля паступіла ў вучылішча, але праз тры дні мяне замянілі іншай дзяўчынкай. Мама прыязджала да дырэктара, размаўляла, і мяне пагадзіліся ўзяць назад, але я ўжо пайшла на прынцып і адмовілася. Прайшла курсы ад цэнтра занятасці, стала швачкай з уменнем раскрою.

З 18 гадоў пачала працаваць: спачатку ў фірме шыцця аўтамабільных чахлоў, пазней перайшла на жаночую вопратку. Далей быў няўдалы шлюб, пасля разводу ў 2011 годзе нарадзіла дачку. Падчас дэкрэта завочна з адзнакай скончыла Баранавіцкі каледж лёгкай прамысловасці. Магла б стаць тэхнолагам, але...У кастрычніку 2015 года другі раз выйшла замуж. Муж у мяне паляк, таму пасля вяселля пачалі рабіць усе неабходныя дакументы для пераезду ў Польшчу.

Натуральна, паўстала пытанне: дзе я буду працаваць? Тым больш, што веданне польскай мовы на той момант у мяне было на ўзроўні пяцігадовага дзіцяці. Швачкай, вядома, магла б пайсці, але, шчыра кажучы, не хацела: мяне ніколі не прыцягвала гэтая прафесія. Працавала толькі таму, што заробак выходзіў добры.

А муж з 2005 года быў кіроўцам-міжнароднікам і прапанаваў ездзіць з ім. Спачатку я не надала значэння гэтай ідэі, але, абдумаўшы ўсё і пагаварыўшы з мамай, я звольнілася з працы і запісалася на атрыманне правоў катэгорыі С.

«Пасля першага досведу кіроўцы вопратку можна было выкручваць»

- Вучылася я ў Берасці: і з мовай прасцей, і нашмат танней. На МАЗе здала з першага разу гэта (хоць пасля першага досведу кіравання вопратку можна было выкручваць!). Далей на ЗІЛе з прычэпам, але таксама ўдала. Калі паказвала знаёмым з Польшчы гэты ЗІЛ, яны не верылі, што на такім антыкварыяце можна ездзіць!

На курсах я была адзінай дзяўчынай, і ў пачатку навучання мае аднакурснікі знаходзіліся ў шоку. Увесь час пыталіся, навошта мне гэта. Ці сур'ёзна я надумала ездзіць на фурах? А я, смеючыся, адказвала, што мне грошы няма куды падзець і таму я тут.

Пакуль я вучылася, муж пагаварыў са сваім шэфам, папрасіў, каб мяне прынялі на працу. На жаль, той адмовіў. Абгрунтаваў сваю пастанову тым, што ў яго ўжо працуюць дзве шлюбныя пары і спачатку з паненкамі былі праблемы. Мы, вядома, знерваваліся, але не страцілі надзею. Да таго ж у Варшаве мне трэба было прайсці яшчэ два курсы - на перавозку небяспечных грузаў (ADR) і кіроўцы-міжнародніка. Сама я б нічога не зрабіла, мужу, на жаль, давялося звольніцца.

Дзякуючы любімаму мужу здала ўсё ўдала. І вось, калі практычна ўсе дакументы былі на руках, патэлефанаваў шэф і сказаў, што перадумаў! Я радавалася і адначасова вельмі нервавалася. Пад'ехалі на фірму ў Варшаве, падпісалі «пробную» дамова на тры тыдні. Мы пачалі працаваць. Спачатку было вельмі цяжка: па-першае, не адчувала габарытаў нашага DAFіка, па-другое, ніколі не працавала ўначы, а тут яшчэ і ехаць трэба. Баялася заснуць. Цяжка было і маральна, і фізічна. Першы месяц муж увесь час крычаў на мяне: «Трэба ад'ехаць ад гэтага правага боку», «Трымайся левага, калі абганяць». Ну, і нецэнзурная лаянка таксама прысутнічала. Праз два тыдні з намі падпісалі новую дамову на два гады.

І вось ужо пайшоў дзясяты месяц, як мы калясім па Еўропе. Я была ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Нямеччыне, Галандыі, Бельгіі, Францыі, Гішпаніі, Даніі, Фінляндыі, Аўстрыі, Чэхіі. Цяпер мой муж спакойна спіць, калі я еду. Ганарыцца мной і кажа, што ваджу лепш за многіх ягоных былых напарнікаў (ліслівіць мне, думаю, але прыемна!). Мая цяперашняя праца мне падабаецца значна больш ранейшай, ды і аплачваецца ў дзясятак разоў лепш.

Люблю паездкі ў Фінляндыю: загрузка звычайна ў Нямеччыне, а потым паромам да Хельсінкі. Паром плыве 36 гадзін, а там табе і швэдскі стол, і саўна, і джакузі...Мара, а не праца! Вядома, ёсць і мінусы. У рэйсе мы па 3-4 тыдні, а то і даўжэй. Самая доўгая паездка заняла 50 дзён, і ўвесь гэты час мая дачка была з бабуляй у Берасці. Балазе, ёсць скайп, па якім мы ўвесь час падтрымліваем сувязь. А як толькі вяртаемся з рэйса, на наступны дзень зноў пакуем і едзем у Беларусь. Увогуле, усё жыццё ў раз'ездах ды на валізках!

У верасні гэтага года дачка ў Варшаве ідзе ў школу. Працу мы з мужам пакуль яшчэ не хочам пакідаць: трэба назапасіць нейкі капітал. Таму забіраем бабулю да сябе і яшчэ гадкі два плануем паездзіць, а далей неяк асвойвацца на месцы. Як гаворыцца, усіх грошай не заробіш. Вось такая ў мяне гісторыя аб змене прафесіі: усё яшчэ цісну на педаль, толькі ўжо не швейнай машыны, а грузавіка.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках