25 красавiка 2024, Чацвер, 9:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАЗ збіраецца «праесці» яшчэ паўмільярда даляраў

22
МАЗ збіраецца «праесці» яшчэ паўмільярда даляраў

Сямашка анансаваў чарговую «мадэрнізацыю» прадпрыемства.

У развіццё МАЗа плануецца ўкласці блізу 500 млн даляраў, паведаміў сёння намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка падчас пленарнага пасяджэння «Інавацыйнае і інвестыцыйнае развіццё машынабудаўнічага комплексу Беларусі».

«У развіццё МАЗа трэба сур'ёзна ўкладваць сродкі - у новую кабіну, новыя масты рабіць, новыя восі. Ёсць інвестыцыйныя праграмы, цяпер мы развязваем праблемы з крыніцамі фінансавання, - будзем развіваць прадпрыемства», - цытуе ягоныя словы БелТА. Чыноўнік растлумачыў, што гаворка можа ісці аб фінансаванні ў суме блізу паўмільярда даляраў.

Намеснік прэм'ер-міністра адзначыў, што МАЗ перажывае не самы найлепшы перыяд. «Ёсць праблемы, у тым ліку ў аб'ёмах: калі яшчэ гады тры таму прадпрыемства рабіла 24 тысячы аўтамабіляў, у гэтым 6,7 тысячы робяць і могуць не выйсці нават на 11 тысяч за год», - сказаў ён.

Акрамя таго, віцэ-прэм'ер закрануў перспектывы развіцця БелАЗа, дзе цяпер рэалізуюцца сур'ёзныя інвестыцыйныя праграмы. «Укладзена амаль 800 млн даляраў, мы выйшлі на тое, што задаволілі цалкам патрэбу сусветнага рынку ў нашай наменклатуры, прычым доля БелАЗа на сусветным рынку расце. Калі яшчэ 5-6 гадоў таму яна была на ўзроўні 17-18%, то цяпер складае амаль 30%. Мы стварылі ўсю лінейку тэхнікі - ад 25 т да 450 т грузападымальнасці, зрабілі першыя самазвалы-беспілотнікі», - адзначыў Уладзімір Сямашка.

Узнімалася тэма забеспячэння машынабудавання ўласным металам. «З пускам пазалетась драбнасортнага-драцянога стана на БМЗ мы на 60% задаволілі патрэбнасць галіны. Гэта абсалютна канкурэнтаздольнае прадпрыемства, гэта адна з асноўных пазіцый, з якой мы выходзім на міжнародны рынак. Але на гэтым спыняцца нельга - перад БМЗ стаіць задача зачыніць на 100% патрэбу машынабудавання ў метале. Гэта няпростая задача, цана пытання - 800-850 млн даляраў. І мы павінны гэтую праблему развязаць», - заявіў ён і сказаў, што чакае тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне ад Мінпрама ў гэтым пытанні. Таксама віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што краіна зацікаўленая ў прыходзе інвестараў на беларускія прампрадпрыемствы.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках