29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як польскі паліцыянт знайшоў свайго «генетычнага блізнюка» ў Беларусі

4
Як польскі паліцыянт знайшоў свайго «генетычнага блізнюка» ў Беларусі
АНДЖЭЙ ВАШЭК

Анджэй Вашэк cтаў донарам касцявога мозгу для пяцігадовай беларускі.

Польскі паліцыянт Анджэй Вашэк з горада Слубіцэ, што на мяжы з Нямеччынай, дапамог цяжка хворай пяцігадовай беларускай дзяўчынцы. У 2014 годзе Анджэй Вашэк зарэгістраваўся ў сістэме донараў касцявога мозгу. Каб правесці такую аперацыю, донар і пацыент павінны быць «генетычнымі двайнятамі». Так адбылося з беларускай дзяўчынкай.

Анджэй Вашэк распавядае «Еўрарадыё», што ён проста ўбачыў рэкламу фонду DKMS. Гэты фонд з 1991 года аб'ядноўвае больш за сем мільёнаў донараў ва ўсім свеце, каб дапамагчы людзям, якія пакутуюць на лейкемію. Анджэй зарэгістраваўся на старонцы міжнароднай донарскай арганізацыі ў інтэрнэце. Такое донарства з'яўляецца абсалютна бясплатным:

«Гэта адбылося дзесьці тры гады таму. Сярод маіх знаёмых таксама дастаткова людзей, якія з'яўляюцца донарамі. Хтосьці зарэгістраваўся раней, хтосьці пасля мяне. Дагэтуль я быў толькі донарам крыві. Гэта мой першы досвед донарства касцявога мозгу. Для гэтай дзяўчынкі я буду зарэзерваваны цягам двух гадоў, у кожны момант можа зноў спатрэбіцца мая дапамога».

Прадстаўніца прэс-службы фонду DKMS Агнешка Мрочак патлумачыла, як працуе такая база донараў: «Калі лекары вызначаюць, што для пацыента больш паспяховым лячэннем будзе прышчэпка ствалавых клетак, спачатку донара шукаюць сярод сям'і: бацькі, дзеці, браты і сёстры. Калі сярод іх няма «генетычнага блізнюка», шукаюць някроўнага донара. Інфармацыя перадаецца арганізацыям, якія займаюцца пошукам такіх генетычных блізнят у базах ва ўсім свеце. Пазней мы кантактуем з донарам, які зарэгістраваны ў нашай базе і просім яго накіравацца ў найбліжэйшую лабараторыю, дзе ён праходзіць поўнае медыцынскае абследаванне. Гэтыя аналізы высылаюцца ў тую лякарню, дзе лечыцца пацыент, і яны вызначаюць, ці будуць браць матэрыял нашага донара. Пазней мы займаемся працэдурай здачы донарам ствалавых клетак: гэтая аперацыя праходзіць пад поўным наркозам, без болю або негатыўных наступстваў для донара. А сама аперацыя праходзіць там, дзе знаходзіцца пацыент».

Аперацыя прайшла пад наркозам і прадаўжалася блізу гадзіны. Са слоў Анджэя, у той жа дзень ён вярнуўся на працу.

«Для мяне няма абсалютна ніякай розніцы, каму дапамагаць, - кажа Анджэй Вашэк. - Калі гаворка ідзе пра здароўе, галоўнае, каб дапамога дайшла да адрасата. А хто ён, беларус ці паляк, дзяўчынка або хлопчык, дарослы чалавек ці не, не мае ніякага значэння. У мяне ў самога ёсць дзеці, і калі б бацькі беларускай дзяўчынкі захацелі, я б з радасцю прыехаў у Беларусь на сустрэчу».

Паводле законаў, такая сустрэча можа адбыцца толькі праз два гады пасля аперацыі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках