25 красавiка 2024, Чацвер, 21:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіста з Мастоў аштрафавалі за акцыю, на якой яго не было

5
Актывіста з Мастоў аштрафавалі за акцыю, на якой яго не было
ВАСІЛЬ КЛІМОВІЧ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Васіль Клімовіч мае намер абскардзіць штраф.

Васіля Клімовіча пакаралі 189 рублямі штрафу (9 базавых адзінак) за тое, што ён нібыта 30 кастрычніка 2016 года браў удзел у «несанкцыянаванай масавай акцыі» - уганараванні памяці паўстанцаў Каліноўскага на Дзяды ў Свіслачы, паведамляе «Свабода».

Са слоў Клімовіча, на гэтым мерапрыемстве ён не быў наогул.

Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу актывіста на прысуд Мастоўскага раённага суда. А старшыня Гарадзенскага абласнога суда Аляксандр Корзун паведаміў, што пастановы ў дачыненні да Васіля Клімовіча цалкам адпавядаюць закону.

Васіль Клімовіч сцвярджае, што 30 кастрычніка 2016 года не прысутнічаў на ўганараванні паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы. У раённым судзе ён хадайнічаў, каб у якасці сведак выклікалі ягоных родных і блізкіх людзей, з якімі ён правёў гэты дзень. Аднак суддзя не задаволіў хадайніцтва.

У раённым судзе супраць яго сведчылі міліцыянты, а таксама паказалі здымак, на якім актывіст нібыта ёсць. Клімовіч кажа, што на здымку не ён, а нейкі іншы чалавек, што ў яго нават няма такога адзення. Але ягоныя словы засталіся па-за ўвагай суда.

У абласны суд на разгляд скаргі Клімовіч прывёў бацьку і жонку, каб яны выступілі ў якасці сведак. Але абласны суддзя сказаў, што пры разглядзе касацыйнай скаргі сведкаў не апытвалі, і адмовіў у хадайніцтве.

«Маю скаргу не хочуць разглядаць толькі на той падставе, што справа тут палітычная. Яны не хочуць на гэта нават свой час марнаваць. Калі б гэта была яшчэ нейкая бытавая справа, то можа хто і разабраўся. А так яны ведаюць мае погляды - маўляў, калі сёння яго там не было, то быў учора ці будзе заўтра», - кажа актывіст.

Клімовіч падаў скаргу ў абласную пракуратуру, але адтуль адказу пакуль няма. Ён таксама мае намер падаваць скаргу ў Вярхоўны суд.

Са слоў гарадзенскага праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча, на ўзроўні абласнога суда створаны небяспечны прэцэдэнт. Бо атрымліваецца, што цяпер чалавека можна асудзіць нават за тое, чаго ён напраўду не рабіў.

Уладзімір Хільмановіч

«Такія прэцэдэнты ўжо былі, калі асудзілі бязрукага за тое, што пляскаў у ладкі, і глуханямога - што выкрыкваў лозунгі і брыдкасловіў. Але тут скаргі разглядалі і абласны суддзя, і старшыня абласнога суда. Мне цяжка ўявіць, што на такім узроўні маглі проста памыліцца».

Хільмановіч кажа, што ў гэтым выпадку могуць быць толькі два варыянты:

«Першы: існуе негалосны загад, згодна з якім «не рэкамендуецца» задавальняць справы апазіцыянераў. І суддзі становяцца закладнікамі гэтага загаду, баяцца ўзяць на сябе адказнасць. Другі варыянт: яны проста не глядзяць гэтыя справы, падпісваюць тое, што ім кладуць на стол сакратары. Там сядзяць адукаваныя, дасведчаныя людзі, і проста спісваць гэта на памылку не выпадае».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках