25 красавiка 2024, Чацвер, 12:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Лоева паскардзіліся Лукашэнку на бясталентную вертыкаль

8
Жыхары Лоева паскардзіліся Лукашэнку на бясталентную вертыкаль
ФОТА: "Радыё Свабода"

Жыхары райцэнтра заклапочаныя эканамічным заняпадам свайго раёна.

«Радыё Свабода» паразмаўляла з ініцыятарам звароту, гісторыкам і краязнаўцам Мікалаем Анісаўцам, якому лоеўцы даручылі накіраваць сваё пасланне.

— У жніўні раёну спаўняецца 90 гадоў, а ён у апошнія два з паловай дзесяцігоддзі як без стырна і ветразяў. Плыве па волі лёсу — ніякай выразнай перспектывы. Паводле ўзроўню даходаў людзей раён замацаваўся ў тройцы самы «бедных» — з афіцыйным сярэднім заробкам 470,9 рубля. Рэальны заробак знізіўся летась у снежні ў параўнанні з папярэднім годам на 5,2 адсотка.

Лоеўцы мяркуюць, што заняпад звязаны найперш з прызначэннем на галоўную пасаду ў раёне бяздарных кіраўнікоў-тымчасоўцаў, якія не здольныя вызначыць, як і за кошт чаго раён можа выжываць і развівацца.

— І якія аргументы гэта пацвярджаюць?

— Раён у дэпрэсіўным стане, але, уважаем, віны мясцовых жыхароў тут няма. За апошнія няпоўныя сем гадоў змянілася пяць старшыняў райвыканкаму. Прывозяць кожнага новага, як ката ў мяшку. Хто ён, што ён, з якімі планамі і праграмамі «ўсаджваюць» у крэсла раённага вертыкальнага кіраўніка, пэўна, толькі Богу і вядома. І так чвэрць стагоддзя.

У выніку закрыліся даведзеныя да банкруцтва найважнейшыя для жыццядзейнасці раёну прадпрыемствы — малаказавод, МПМК-104; шэсць калгасаў і саўгасаў ператвораныя ў сем КСУПаў. Да райсельгастэхнікі далучылі райсельгасхімію, райсельэнэрга, райсельгасзабеспячэнне — утварылі ААТ «Лоеўскі агратэхсэрвіс», значна скараціўшы пры гэтым колькасць работнікаў.

Аўтапарк №23, ДРСУ-206, раённыя вузлы паштовай і электрасувязі, гаргаз ператвораныя ва ўчасткі адпаведных прадпрыемстваў Рэчыцкага раёну. Філіяламі рэчыцкіх устаноў сталі апошнім часам раённае аддзяленне «Беларусбанка» і «Аграпрамбанка», а таксама падатковая інспекцыя і райваенкамат. Нават горадаўтваральнае прадпрыемства — Лоеўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, мадэрнізаваны ў 2008 годзе — перададзена ў Мазыр у якасці філіялу ААТ «Палесьсебуд». Згаданыя так званыя «рэформы» падтрымлівала абласное кіраўніцтва, якое, як падаецца жыхарам Лоева, памылкова бачыць перспектыву развіцця раёну толькі праз узбуйненне і канцэнтрацыю сродкаў вытворчасці.

— Звяртаючыся да Лукашэнкі, ці прапаноўвалі вы нешта з таго, што мясцовая ўлада не ўлічвае?

— Прапанавалі. Мяркуем, што побач з традыцыйнымі галінамі — сельскай і лясной гаспадаркамі — развіццё маюць атрымаць малы і сярэдні бізнэс. Важным прыярытэтам мусіць стаць раскрыццё вялікага турыстычна-рэкрэацыйнага патэнцыялу Лоеўскага раёну, які цяпер амаль не выкарыстоўваецца. Прыгожыя мясціны Сярэдняга Прыдняпроўя, багатая гісторыя гэтага краю маюць ствараюць перспектыву раёну як нацыянальнаму беларускаму брэнду.

На гэта звярнуў увагу кіраўніцтва вобласці выдатны гомельскі археолаг, доктар гістарычных навук Алег Макушнікаў, які называе Лоеўшчыну «перлінай беларускай, усходнеславянскай і еўрапейскай гісторыі». Існуе легенда пра заснаванне паселішча купцом Лоем, аналагаў якой няма ні ў аднаго гораду Беларусі. Каля вёскі Мохаў блізу Лоева знаходзіцца выяўлены яшчэ ў XIX стагоддзі буйны курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі — звыш 600 пахаванняў. У часы Вялікага Княства Літоўскага Лоеў выконваў, падобна Полацку, Горадні, Берасцю, гандлёвыя і абарончыя функцыі, а тагачасны лоеўскі замак быў адначасна заслонай і брамай на паўднёва-ўсходнім напрамку княства. У ваколіцы ў 1649 і 1651 гадах адбываліся лёсавызначальныя для ВКЛ бітвы, занатаваныя ў гістарычных крыніцах менавіта як Лоеўскія бітвы. Яшчэ раней, 3 жніўня 1576 году, кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Лоеву поўнае Магдэбурскае права — першаму з трох гарадоў цяперашняй Гомельшчыны.

Проста грэх не выкарыстоўваць усё гэта, калі дбаць пра развіццё раёну. Натуральна, мусіць быць адпаведная падрыхтоўка, інфраструктура. Не абысціся ў гэтай справе без стварэння скульптуры першазаснавальніка, легендарнага Лоя, якая мусіць стаяць на Лоевай гары.

Заўважым, што Лоеў сумна вядомы не толькі як адзін з самых бедных рэгіёнаў краіны, але і месца, дзе праз міліцэйскае самавольства, са слоў мясцовых жыхароў, «страшна жыць». І ў гэтым таксама безумоўная «заслуга» мясцовай вертыкалі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках