28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шклоўскі блін

4
Шклоўскі блін
Ігар Марзалюк

Як Марзалюк «герояў» для Шклова выбіраў.

25-26 траўня 2017 г. у музеі гісторыі Магілёва прайшла Х міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 750-годдзю горада. На канферэнцыі Ігар Марзалюк выказаў даволі «арыгінальную» думку. Высвятляецца, «нейтральны», але чамусьці расстраляны Сталіным, Міхась Зарэцкі, зусім і не тая асоба, якая вартая дзеля ўшанавання. Хоць бы ў Шклове, піша 6tv.by.

У той жа час, на тэрыторыі Шклоўскага раёна прадуктыўна працаваў граф Сямён Зорыч, які вельмі шмат зрабіў для Шклоўшчыны. Стварыў тэатр, арганізаваў кадэцкую вучэльню, пабудаваў нядрэнны маёнтак. Вось толькі знайсці нават падмуркі ад гэтых будынкаў не атрымоўваецца, як усё роўна іх і не было. Ды і рабілася ўсё гэта дзеля царыцы Кацярыны ІІ або ўласнага задавальнення. Зрэшты, у гісторыкаў і краязнаўцаў вельмі лаяльнае стаўленне да асобы Сямёна Зорыча.

З іншага боку, Сямён Зорыч фактычна знішчыў эканоміку на падуладнай яму тэрыторыі, давёў жыццё жыхароў да ўзроўню галоднай смерці, першым з падначаленых царыцы заняўся фальшываманецтвам. Тэатр з'ехаў у адну расейскую сталіцу, кадэцкая вучэльня ў далейшым у іншую - Шклоў застаўся з нашчадкамі Сямёна Зорыча і з яшчэ большымі праблемамі ад іх. Сямёну ж Зорычу ў шклоўскім парку пастаўлены дыхтоўны помнік ад удзячных землякоў.

Многія шклаўчане прынялі за жарт намер старшыні Шклоўскага райвыканкама Васіля Віцюнава аднавіць сядзібу Апалона Крывашэіна, знішчыўшы пры гэтым спартыўную пляцоўку. Аж, не! У Васіля Уладзіміравіча маецца заступнік з навуковага асяроддзя - усё той жа Ігар Марзалюк, які прапануе ацэньваць уклад асобы ў развіццё тэрыторыі, а не яго карупцыйныя прыхільнасці. Паралельна прыводзіць прыклад Міхаіла Кутузава, які краў так, што «зямля гарэла». Міхаіл Кутузаў герой, які перамог самога Напалеона Банапарта. Дазвольце, панове, але Францыя і Польшча ганарацца Напалеонам за тое, што ён узяў Маскву. А вось калі б Міхаіл Кутузаў і іншыя не кралі, то і Маскву здаваць не трэба было б - разбіць ворага маглі яшчэ на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Уклад міністра-карупцыянера Апалона Крывашэіна ў развіццё Шклова несумненна вялікі. І сёння ў горадзе працуе папяровая фабрыка, заснаваная былым міністрам шляхоў зносін. І сёння можна прагуляцца па гарадскім парку, закладзенаму сям'ёй Крывашэіна. Але, выбачайце, фактычна гэта зроблена за скрадзеныя ў дзяржавы грошы, а перанос чыгуначнай трасы на карысць Шклова пазбавіў магчымасці развіцця вялікай тэрыторыі, у тым ліку і ў Магілёўскай вобласці. Магчыма, калі б ён не абкрадаў дзяржаўную казну, міністр шляхоў зносін Апалон Крывашэін мог бы заняцца, напрыклад, паветраплаваннем і пабудаваць у Шклове першы ў свеце аэрапорт або касмічную лабараторыю і першы чалавек у космас меў бы гарадзецкія карані. А, можа, і войнаў не было б - не раскрадзеная Расея мела б моц сусветнага маштабу і ролю сусветнага жандара (у лепшым сэнсе гэтага слова). Зрэшты, можна доўга разважаць пра тое, што б было з гісторыяй, калі б не раскрадалі краіну па сядзібах. І думаць пра наступствы.

Ёсць і яшчэ адзін помнік у Шклове, вельмі характэрны для мясцовасці - каля цэнтральнага рынку ўсталяваны помнік-прыгажуну агурку. На самай справе гэта помнік шклоўскім працаўнікам, якія насуперак крыважэрным камуністам будавалі свой дабрабыт за кошт вырошчвання і рэалізацыі агуркоў. Працаўнікоў гэтых прыгняталі пры савецкай уладзе па поўнай праграме, многіх лічылі за дармаедаў, але агурок жывы, хоць і эканамічна добра патрапаны. Годны помнік годным жыхарам Шклоўскага раёна.

Дарэчы, раздаючы выдатныя характарыстыкі Зорычу і Крывашэіну, іх апалагеты чамусьці забываюць пра «залатое» стагоддзе для шклоўскай зямлі - часы Магдэбургскага права (пацверджана для Шклова 10 красавіка 1762 года каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам III). Тады Шклоў меў 7 месца ў эканамічнай іерархіі Вялікага княства Літоўскага: шклоўскі бізнэс крэдытавалі віленскія і маскоўскія купцы. Гэта быў росквіт эканомікі Шклова! Куды ўсё гэта падзелася? А вось туды і дзелася, калі на нашы землі прыйшла расейская навала з Зорычамі, Крывашэінамі і іншымі эканамічнымі жывадзёрамі Расеі, але, выходзіць, што і Беларусі. Ці не таму сёння Шклоў нават у Магілёўскай вобласці не на першых ролях?

Шклоўскія дэмакраты больш за 10 гадоў змагаліся за ўшанаванне памяці Міхася Зарэцкага і ўстаноўку мемарыяльнай дошкі ў памяць аб наданні Шклову Магдэбургскага права. І, вось амаль адбылося! Са словаў спадара Марзалюка, памятная дошка на шклоўскай Ратушы на ініцыятыву райвыканкама, усё ж такі будзе ўсталяваная. Зрэшты, не важна на чыю ініцыятыву. Галоўнае, каб Шклоў памяць сваю не здраджваў.

Тым не менш, узвышаць адных, зневажаючы іншых, у першую чаргу, у гістарычным плане, не зусім правільная палітыка, у тым ліку і ад «вучоных мужоў».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках