18 красавiка 2024, Чацвер, 22:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцэ-міністр Літвы: Для Беларусі і двух рэактараў можа быць занадта шмат

1
Віцэ-міністр Літвы: Для Беларусі і двух рэактараў можа быць занадта шмат

Сімонас Шатунас адказаў на заявы аб пашырэнні Астравецкай АЭС.

Пасля таго, як расейскі амбасадар у Менску заявіў, што на Беларускай АЭС у Астраўцы (БелАЭС) у будучыні могуць быць устаноўлены яшчэ два рэактары, віцэ-міністр энэргетыкі Літвы Сімонас Шатунас адзначыў, што і тыя два рэактары, што будуюцца цяпер, могуць быць залішнімі, піша delfi.lt.

«Літва рэалізуе свой закон, не будзе ўпускаць электраэнэргію з небяспечнай АЭС, таму я сапраўды не ведаю, куды, за выключэннем, магчыма, расейскага ўнутранага рынку, Беларусь будзе пастаўляць гэту электрычнасць. Ужо і цяпер папярэднія падлікі паказваюць, што і цяперашнія два рэактары - гэта занадта шмат. У такім выпадку электраэнэргія будзе прадавацца на ўнутраны расейскі рынак, бо гэта інтэграваныя сістэмы», - сказаў BNS С. Шатунас, каментуючы пятніцкую заяву амбасадара Аляксандра Сурыкава.

Акрамя таго, са слоў віцэ-міністра, усё яшчэ не ясна, якая будзе цана электраэнэргіі з гэтай АЭС. Беларусь не падае канкрэтных разлікаў. С. Шатунас падымае і пытанне аб сховішчах адпрацаванага ядзернага паліва. Ён сказаў, што, калі сховішчы не ўключаны ў цяперашнюю цану, то гэта азначае, што яна будзе яшчэ вышэйшай.

«Перапрацоўка атамных адходаў, як сведчыць шведскі досвед, незвычайна дарога, і часам складае ледзь не палову выдаткаў на развіццё самой атамнай станцыі. Ці ўключаныя гэтыя выдаткі, калі не, то якая рэальная камерцыйная цана гэтай станцыі?», - растлумачыў С. Шатунас.

У пятніцу С. Сурыкаў заявіў, што пры спрыяльных умовах на рынку на рэзервовых пляцоўках можна пабудаваць яшчэ два рэактары і падвоіць магутнасці БелАЭС, бо «геалагічныя ўмовы тут самыя спрыяльныя». З ягоных слоў, перамовы аб гэтым ішлі яшчэ да пачатку будаўніцтва АЭС.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках