29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спробы Расеі нанесці шкоду NATO пацярпелі крах

6
Спробы Расеі нанесці шкоду NATO пацярпелі крах

Для РФ вынікі сустрэчы кіраўнікоў краінаў-чальцоў NATO ў Брусэлі не пераможныя.

Страх еўрапейцаў і гнеў амерыканцаў у поўнай меры выявіліся на гэтым тыдні ў час сустрэчы кіраўнікоў краінаў-чальцоў NATO ў Бруселі. Гэтую сустрэчу наўрад ці можна назваць святам любові, аднак рознагалоссі здольныя стварыць няправільнае ўяўленне адносна важнага прагрэсу. Для Расеі вынікі гэтай сустрэчы пэўна не пераможныя, піша Аўрэль Браўн (Aurel Braun) для The Globe And Mail (пераклад – inosmi.ru).

Так, амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп адкрыта крытыкаваў сваіх еўрапейскіх хаўруснікаў за тое, што яны не бяруць на сябе справядлівую частку абароннага цяжару і не выконваюць прынятыя на саміце ў Уэльсе ў 2014 годзе абавязальніцтвы адносна выдаткавання 2% ВУП на абарону. Акрамя таго, нягледзячы на надзеі некаторых еўрапейскіх лідараў, ён адкрыта не заявіў пра прыхільнасць асноватворнаму Артыкулу 5 Паўночнаатлантычнай дамовы, у якім падкрэсліваецца калектыўная сістэма абароны альянсу.

Аднак у дзень адкрыцця новай цудоўнай штаб-кватэры NATO спадар Трамп зрабіў прынцыповую заяву пра тое, што NATO ў будучыні павінна надаваць «вельмі вялікую ўвагу» «пагрозам з боку Расеі, а таксама пагрозам на ўсходніх і паўднёвых межах NATO». Ён таксама заявіў, што Злучаныя Штаты «будуць заўсёды разам са сваімі сябрамі, якія падтрымалі нас у складанай сітуацыі». Ён сказаў пра гэта падчас адкрыцця мемарыяла, прысвечанага падзеям 11 верасня 2001 года, пасля якіх – і гэта быў адзіны выпадак – NATO прывяла ў дзеянне Артыкул 5.

Памочнікі амерыканскага прэзідэнта сцвярджаюць, што ягоныя заявы ў Брусэлі сталі пацвярджэннем абавязальніцтваў у дачыненні да супольнай абароны. А кіраўнік Еўрапейскай рады Дональд Туск пасля сустрэчы са спадаром Трампам у Брусэлі асабліва падкрэсліў, што не існуе ніякіх разыходжанняў паміж хаўруснікамі паводле Украіны і паводле пытання барацьбы з тэрарызмам. На самай справе NATO цяпер хоча далучыцца да барацьбы супраць Ісламскай дзяржавы. Такім чынам, на гэтай сустрэчы былі ўзмоцненыя меры стрымлівання, а таксама зробленыя адпаведныя запэўніванні адносна самога альянсу.

Больш за 20 чальцоў NATO пакуль не выконваюць узятыя на сябе абавязальніцтвы адносна выдаткавання 2% ВУП на абарону і не далі рэалістычнага графіка ў дачыненні да дасягнення гэтых паказнікаў да 2024 года, як таго хоча адміністрацыя Трампа, і тым не менш ёсць падставы казаць пра вельмі важны прагрэс.

Нямеччына ў 2017 годзе павялічвае выдаткі на абарону амаль на 2 мільярды еўраў, даводзячы іх такім чынам да 37 мільярдаў еўраў; Румынія збіраецца выдаткаваць 2% свайго ВУП сёлета, а такія скандынаўскія краіны, як Данія і Нарвегія, павялічваюць выдаткі на абарону і маюць намер набыць знішчальнікі «стэлс» пятага пакалення. Санкцыі ў дачыненні да Масквы прадаўжаюць дзейнічаць. Важнае значэнне мае і тая акалічнасць, што NATO прадаўжае пашырацца. Нягледзячы на гучныя пярэчанні і грубы націск, Чарнагорыя далучылася да альянсу і стала ягоным 29-м сябрам.

Не варта забывацца, што Расея вельмі спадзяецца на тое, што яна зможа ўнесці істотны раскол у шэрагі NATO і аслабіць альянс. Напярэдадні сустрэчы ў Брусэлі Крэмль, здавалася, меў шмат пераваг. Большасць краінаў NATO значна скараціла свае выдаткі на абарону, і, акрамя таго, у альянсе паўсталі складанасці ў фармуляванні адзінай палітыкі, а Злучаныя Штаты, мяркуючы з усяго, атрымалі схільнага да маніпулявання, пыхлівага і неспрактыкаванага прэзідэнта, чальцы перадвыбарнай каманды якога і ягоны былы дарадца ў нацыянальнай бяспецы нібыта мелі сумнеўныя сувязі з Расеяй.

Прычыненне шкоды NATO, натуральна, з'яўляецца доўгатэрміновай мэтай Расеі, аднак апошнім часам заявы і дзеянні Крамля вылучаюцца асаблівай тактычнай мудрагелістасцю, закліканай замяніць сапраўдную сілу. Акрамя гэтага, Крэмль прадаўжае захоўваць свой звычайны спосаб дзеянняў.

Расея ў значнай ступені спадзяецца на цэлы шэраг палітычных і псіхалагічных інструментаў, а таксама на ваенную тактыку запалохвання з выкарыстаннем метадаў гібрыднай вайны, якая, у сваю чаргу, уключае ў сябе кібервайну і інфармацыйную вайну. Асаблівую цікавасць уяўляе выкарыстанне расейцамі «рэфлексіўнага кантролю» як у ваеннай, так і ў псіхалагічнай галіне. Гэты метад быў распрацаваны ў 1960-я гады як частка савецкай падрыхтоўкі супрацоўнікаў выведкі, у тым ліку ў 401 школе КДБ, у якой у свой час навучаўся і расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Ён заснаваны на выкарыстанні элементаў псіхалагічнай і інфармацыйнай вайны для маніпулявання праціўнікам і скоўвання ягоных магчымасцяў, а таксама накіраваны на атрыманне перавагі з улікам ранейшых пазіцый ворагаў або іх схільнасцяў. Пры гэтым усе намаганні накіроўваюцца на тое, каб з дапамогай падману і дэзінфармацыі заахвоціць непрыяцеля да таго, каб ён дзейнічаў выгадным для процілеглага боку чынам.

Аднак вялікія надзеі Крамля, мяркуючы з усяго, ператвараюцца ў прах. У Злучаных Штатах сувязі з Расеяй знаходзяцца ў фокусе інтэнсіўных расследаванняў з боку дзяржаўных установаў, а таксама бязлітасна аналізуюцца з боку сродкаў масавай інфармацыі. У Еўропе мудрагелістыя спробы расейцаў уплываць на выбары не далі жаданага выніку, а замест гэтага выклікалі заклапочанасць з нагоды расейскага ўмяшання. Немалая частка парадоксу ў тым, што мудрагелістыя планы Расеі прыводзяць да такіх непрадугледжаных вынікаў.

Пасля заканчэння халоднай вайны яшчэ ніколі да Расеі не ставіліся больш негатыўна. Словы ўрада Пуціна і ягоныя дзеянні надзвычай дбайна правяраюцца, а расейскія жэсты ўспрымаюцца з вялікім падазрэннем. Усе патэнцыйныя расейскія пагрозы (а сярод іх, на самай справе, ёсць і вельмі рэальныя) імгненна трапляюць пад павелічальнае шкло. Ствараецца ўражанне, што часам хітрасць проста сябе не апраўдвае.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках