28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праўда і выдумкі пра палёт Маціяса Руста да сцен Крамля

12
Праўда і выдумкі пра палёт Маціяса Руста да сцен Крамля

30 гадоў таму, 28 траўня 1987 года, немец Маціяс Руст пасадзіў свой самалёт на Краснай плошчы ў Маскве.

Пра немца Маціяса Руста (Mathias Rust), які ў 19 гадоў пераляцеў на сваёй малюсенькай «Сэсне» з Хельсінкі ў Маскву, каб пагутарыць з Гарбачовым і, як ён заяўляў, зрабіць такім чынам свой унёсак у справу міру, напісана вельмі шмат. Вакол яго створана вялікае мноства розных міфаў, паведамляе «Нямецкая хваля».

Іх паходжанне зразумелае. Проста не верыцца, што гэты худы юнак, амаль падлетак, без старонняй дапамогі, на свой страх і рызыку, дзеля нейкай нявызначанай «місіі міру», мог так лёгка зняславіць і зганьбіць узброеныя сілы ядзернай звышдзяржавы. Менавіта прадстаўнікі гэтых узброеных сілаў, якія трапілі ў смешнае становішча, часцей за ўсё і спрабуюць апраўдаць свой непрафесіяналізм і сваё разгільдзяйства. І прадаўжаюць запэўніваць, што Руст быў толькі пешкай, шрубкам у аперацыі NATO, ЦРУ, Пентагона ці нават... кіраўніка КДБ Кручкова (апошні нібыта дзейнічаў паводле задання Гарбачова, які шукаў падставу, каб звольніць міністра абароны і генералаў СПА).

Спачатку асцярожныя рэдактары ТАСС яшчэ ставілі пытальнікі: «Ці не пераабсталявалі самалёцік Руста падчас прамежкавай пасадкі ў Ісландыі, якая, дарэчы, з'яўляецца чальцом NATO? Ці не былі крылы зробленыя з такога спецыяльнага матэрыялу, які не фіксуецца радарам?»

Потым пайшлі толькі клічнікі. «Няма ніякіх сумненняў, што палёт Руста быў старанна спланаванай правакацыяй заходніх спецслужбаў!» – безапеляцыйна заявіў, напрыклад, генерал арміі Пётр Дайнекін. Адна з самых фантастычных гіпотэзаў уключае ў лік выканаўцаў гэтай «спланаванай правакацыі» нават экіпаж... падводнай лодкі.

Эд Штулер (Ed Stuhler), аўтар кнігі пра Руста, якая называецца «Крамлёўскі пілот», падрабязна разбірае самыя распаўсюджаныя версіі. Так, напрыклад, існуе намаляваная журналістамі схема, паводле якой Руст ляцеў, арыентуючыся на чыгуначную лінію Ленінград – Масква. Адпаведныя падлікі паказваюць, што ў яго ў такім выпадку быў час (ажно паўтары гадзіны!) на пасадку дзесьці на тэрыторыі СССР, каб заправіцца палівам для далейшага палёту, – з дапамогай невядомых саўдзельнікаў, зразумела. І, дарэчы, у Хельсінкі, згодна з паказаннямі сведак, Руст быў у зялёнай куртцы, а ў Маскву прыляцеў у чырвоным камбінезоне. Дзе ж гэта ён пераапрануўся?

У самалёце, вядома. А да палёту не апрануў камбінезон (дарэчы, спецыяльна абранага для Масквы чырвонага колеру), каб яго не запэцкаць. І запасу паліва ў «Сэсне» цалкам хапала не толькі на шэсць гадзінаў палёту з Хельсінкі да Масквы, але і на ўсе восем. А самае галоўнае: насамрэч Руст ляцеў істотна на захад ад чыгуначнай галіны Ленінград – Масква, над забалочанай мясцовасцю, дзе сесці было няпроста...

«Сэсна» сыходзіць ад МІГаў

Але і гэта падазрона: навошта адхіляўся ад такога выдатнага арыенціру, як чыгунка? Што выглядваў? Ракетныя базы? Радарныя ўстаноўкі? Але чаму Руста не зафіксавалі савецкія радары? Дакладней, зафіксавалі, а потым страцілі? Напэўна, таму, што ён ляцеў на нізкай вышыні, як вопытны лётчык-разведчык? «Ерунда!» – адказвае Штулер. Вызначана: Маціяс Руст спецыяльна ляцеў на вялікай вышыні, каб яго выявілі, вызначылі і не збілі з гарачкі, як паўднёвакарэйскі пасажырскі самалёт за некалькі гадоў да гэтага. І яго выявілі! Але МіГі, што падняліся ў паветра, убачыўшы самалёцік Руста, не атрымалі загаду пасадзіць або збіць яго і вярнуліся на аэрадром. Дарэчы, пазней высокае кіраўніцтва ВПС пусціла «гуляць» версію, што Руст нібыта здолеў сысці (!) ад знішчальнікаў – дзякуючы майстэрскаму пілатаванню. Гэта яны пра хлапчука, які налятаў да таго часу ўсяго паўсотні гадзінаў!

Аблокі супраць СПА

У кнізе «Крамлёўскі пілот» прыводзіцца, сярод іншага, фантастычная версія былога кіраўніка радыётэхнічных войскаў палкоўніка Рудакова, які хоць і знаходзіўся ў адпачынку 28 траўня, але ўсё адно быў зняты з пасады. Мяркуецца, што лакатарнікі прапусцілі Руста, прыняўшы яго малюсенькі самалёцік на экране радара за воблака (воблачнасць тады была істотная). Рудакоў жа выказаў меркаванне, што гэта былі не аблокі, а так званыя шары малога памеру, спецыяльна запушчаныя, каб заблытаць СПА.

Далей – болей: іхняя «кучнасць» (шароў, а не аблокаў) якраз даказвае, што, маўляў, запускалі іх з аднаго месца, а менавіта – дзесьці ў раёне возера Селігер. А там, між іншым, 28 траўня знаходзілася група заходненямецкіх турыстаў. Нездарма... Ну, а каб запусціць гэтыя здрадлівыя шары, дастаткова нібыта газавай запальнічкі... «больш смешнага не прыдумаеш», – піша Штулер. Таму што газавыя запальнічкі запраўляюць прапанам або бутанам, якія цяжэй за паветра. Лягчэй за паветра гелій і вадарод. Але іх, з зразумелых прычынаў, у запальнічкі не запампоўваюць. Гелій не гарыць, а сумесь вадароду з кіслародам утварае грымучы газ, вельмі небяспечны не толькі для курцоў.

Дзеля справядлівасці варта сказаць, што казкі пра Руста складалі не толькі расейскія генералы і журналісты. Немцы (сярод іншых, часопісы Stern і Bunte) таксама ўнеслі сваю частку, і немалую. Але да расейскіх «выкрывальнікаў» Руста ім далёка. Што толькі яны не пішуць! Так, адна з газетаў абвясціла, што палёт Руста нібыта быў рэкламнай акцыяй. Маўляў, бацька «крамлёўскага пілота» Дытэр Руст прадаваў самалёцікі «Сэсна», і попыт на іх рэзка ўпаў. Вось тады... На самай справе бацьку «крамлёўскага пілота» завуць Карл-Хайнц, ён працаваў інжынерам у канцэрне AEG і да авіяцыі ніякага дачынення не меў.

Скарыстаўшыся выдатнай нагодай, Гарбачоў зняў міністра абароны, а заадно ці паўтары, ці дзве сотні генералаў, якія супраціўляліся новай палітыцы раззбраення, рэзка скараціў выдаткі ваенна-прамысловага комплексу, якія паставілі краіну на мяжу банкруцтва, «згарнуў», урэшце, безнадзейную вайну ў Афганістане... і, калі б не было палёту Руста, усё гэта, магчыма, адбылося б значна пазней і нашмат больш хваробна.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках