18 красавiка 2024, Чацвер, 11:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каталіцкі епіскапат Беларусі рыхтуе альтэрнатыву канкардату

2
Каталіцкі епіскапат Беларусі рыхтуе альтэрнатыву канкардату

Пагадненне ўрэгулюе дачыненні паміж Царквой і дзяржавай у сферах медыцыны, культуры і адукацыі.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі рыхтуе пагадненне, якое плануе падпісаць з дзяржавай. Ужо некалькі гадоў у Беларусі на розных узроўнях абмяркоўвалася падрыхтоўка пагаднення паміж Ватыканам і Беларуссю. ККББ хоча прапанаваць іншы дакумент, які, на яе думку, урэгулюе дачыненні паміж Царквой і дзяржавай, напрыклад, у сферах медыцыны, адукацыі, культуры, заявіў старшыня Канферэнцыі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пагадненне можа стаць унікальным, мяркуе арцыбіскуп. Ён не змог успомніць ніводнай краіны, дзе такога кшталту дачыненні рэгуляваліся б дамовай паміж мясцовым Каталіцкім Касцёлам і дзяржавай, звычайна гэта канкардат ці іншае пагадненне, царкоўную старану ў якім прадстаўляе Ватыкан, паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

«Выклікі часу такія, што трэба духоўна падтрымліваць і зняволеных, і хворых у шпіталях, школа таксама - тое месца, дзе павінна прысутнічаць Царква. А калі няма такой дамовы, часта наша прысутнасць залежыць ад канкрэтнага чалавека: ці пусціць ён нас да вязня і ці дазволіць праводзіць св. Імшу ў лякарні...І гэта трэба замацаваць правам. Таму мы распрацоўваем такое пагадненне», - растлумачыў іерарх.

З ягоных слоў, такі дакумент быў падпісаны 15 гадоў таму паміж дзяржавай і Беларускай Праваслаўнай Царквой і стаў базай для больш вузкіх дамоў - з канкрэтнымі міністэрствамі і ўстановамі. Гэтую ж стратэгію ўзяў на ўзбраенне і Каталіцкі Касцёл у Беларусі. Калі ініцыятыва будзе рэалізаваная, пагадненне стане новым штуршком і ў дачыненнях, і ў працы, мяркуе арцыбіскуп. Пры гэтым, падкрэсліў ён, падпісанне такога дакумента не будзе азначаць спынення работы ў падрыхтоўцы канкардату.

«І калі такое пагадненне будзе падпісанае, той дакумент, які мы рыхтуем цяпер, страціць дзеянне, бо неабходнасць у ім адпадзе», - адзначыў мітрапаліт.

Ён падкрэсліў, што менавіта зацягнуты працэс падрыхтоўкі канкардату і падштурхнуў да распрацоўкі дамовы паміж мясцовым Каталіцкім Касцёлам і дзяржавай. Ідэя ўжо была агучаная ў Апараце Упаўнаважанага ў справах рэлігій, прызнаўся арцыбіскуп Кандрусевіч. «Мы шмат разоў чулі: чаму ў вас няма такой дамовы? І я асабіста размаўляў з Упаўнаважаным у справах рэлігій і нацыянальнасцяў, і яны адкрытыя для гэтага», - сказаў іерарх.

З ягоных слоў, найбліжэйшым часам прапановы пададуць на ўзроўні Святога Прастолу, дзе і вызначыцца далейшы лёс пагаднення.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках