16 красавiка 2024, aўторак, 19:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як мянчук паспрабаваў вярнуць падатак на «дармаедства»

36
Як мянчук паспрабаваў вярнуць падатак на «дармаедства»

У падатковай заявілі, што дэкрэт №3 працягвае дзейнічаць і афіцыйных дакументаў на ягонае скасаванне дагэтуль няма.

Іван заплаціў падатак на «дармаедства», яму налічылі 265 рублёў. Кажа, што пасля заявы Лукашэнкі адправіўся ў падатковую. І вось ужо трэці месяц спрабуе вярнуць грошы. У падатковай гавораць, што дэкрэт №3 працягвае дзейнічаць і нейкіх афіцыйных дакументаў на ягонае скасаванне дагэтуль няма, піша onliner.by.

- Так атрымалася, што ў 2015 годзе я не адпрацаваў 183 дні, ужо пазней аформіўся як ІП, - тлумачыць барысаўчанін Іван. - Падатковая выставіла мне суму 265 рублёў. У студзені я іх заплаціў. У сакавіку пачуў словы Лукашэнкі пра тое, што тым, хто заплаціў грошы вернуць. Патэлефанаваў у падатковую, там кажуць: «Нічога не ведаем, афіцыйных дакументаў няма, чакайце новы ўказ». То бок, афіцыйна цяпер дзейнічае дэкрэт №3.

- Калі б цяпер вярнуў тыя заплачаныя грошы, то нават выйграў бы да курсу даляра, - дадае хлопец. - Я ж плаціў пры курсе больш 1,9 рубля. Цяпер, глядзіш, меў бы на $10 больш. Але пакуль гэта ўсё толькі размовы. Усё роўна не ясна, што далей.

Жорсткіх тэрмінаў няма, калі будуць гатовы - пытанне

Журналісты паспрабавалі даведацца, на якой стадыі цяпер працэс працы над зменамі ў дэкрэт. У «палаце прадстаўнікоў», якая абавязкова павінна разгледзець і ўхваліць змены да падпісання іх беларускім кіраўніком, заявілі: ніякіх дакументаў з нагоды дэкрэта №3 да іх не паступала.

- У «палаце» іх няма, - лаканічна адказалі ў прэс-службе.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны дадае: над праектам змяненняў дагэтуль працуе міжведамасная рабочая група, створаная пры Савеце міністраў.

У ёй 30 чалавек, у тым ліку міністры працы і сацыяльнай абароны Іна Касцевіч, падаткаў і збораў Сяргей Налівайка, эканомікі Уладзімір Зіноўскі, адукацыі Ігар Карпенка, фінансаў Уладзімір Амарын. Таксама ў працоўную групу ўвайшлі міністры жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў, транспарту і камунікацый Анатоль Сівак і сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў. Кіруе ёю намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко.

- Цяпер міжведамасная група шчыльна працуе, - патлумачылі ў прэс-службе міністэрства. - Якіх-небудзь жорсткіх тэрмінаў у камісіі няма, таму, як толькі дакумент з'явіцца, адразу ж паведамім.

Ці спрацуе прынцып «закон зваротнай сілы не мае» для змяненняў у дэкрэт аб «дармаедах»?

Паколькі цяпер дзейнічае першапачатковы тэкст дэкрэта №3, то выходзіць, што ўсіх хто не аплаціў аўтаматычна могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. А гэта артыкул 10.3 «Нявыплата або няпоўная выплата сумы падатку, збору (мыты), мытнага плацяжу» Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Сума штрафу паводле гэтага артыкулу - ад 46 да 92 рублёў.

- Так, у заканадаўстве нічога не змянілася, - тлумачыць адвакат Сяргей Зікрацкі. - Фармальна з юрыдычнага пункту гледжання падатковыя органы цалкам законна ў любы момант могуць ініцыяваць прымусовае спагнанне збору і прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці. Мяркую, што зараз МПЗ проста чакае змяненняў і таму не ініцыюе прымусовае спагнанне.

Што тычыцца прынцыпу «закон зваротнай сілы не мае», то ў нас у заканадаўстве існуе наступны агульны падыход: калі нарматыўны прававы акт пагаршае становішча грамадзян, то ён не мае зваротнай сілы. То бок, калі нарматыўна-прававы акт уводзіць падатак, збор і гэтак далей, то яго нельга ўжываць да папярэдняга перыяду.

Але калі нарматыўна-прававы акт паляпшае становішча грамадзян, то ён можа мець зваротную сілу. І тут усё залежыць ад таго, як гэты момант будзе прапісаны ў нарматыўна-прававым акце. Калі ў дэкрэт унясуць змены і нейкая катэгорыя грамадзян будзе вызвалена ад збору, то толькі з таго моманту, як гэтыя змены ўвойдуць у дзеянне. А значыць, падатковыя змогуць спаганяць запазычанасць за папярэднія перыяды.

Пры гэтым у дэкрэце можа быць прапісана, што гэтыя нормы распаўсюджваюцца ў тым ліку на прававыя адносіны, якія ўзніклі з моманту, калі быў прыняты дэкрэт №3. У гэтым выпадку тыя, хто ўжо заплаціў збор, змогуць запатрабаваць яго вяртання. Таму ўсё будзе залежаць ад фармулёвак у дэкрэце.

Паводле апошняй статыстыкі, якую абвясціла Міністэрства падаткаў і збораў, усяго яны накіравалі 440 тысяч паведамленняў патэнцыйным «дармаедам». Збор заплацілі 34,1 тысячы беларусаў. З улікам зніжак, яны ўнеслі 10,6 мільёна рублёў. Астатнія з сакавіка знаходзяцца ў рэжыме чакання, нягледзячы на тое, што тэрміны выплаты ўжо прайшлі (падатак трэба было заплаціць да 20 лютага, а тым, хто атрымаў паведамленні пазней, - на працягу 30 дзён з моманту атрымання ліста).

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках