25 красавiка 2024, Чацвер, 2:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марафон вакол нуля

32
Марафон вакол нуля
крыніца: cartoon.kulichki.com

Лукашэнку час вяртацца ў свой незабыўны «Гарадзец».

Радасна жыць у маладой спартовай краіне. Прачынаецца раніцай чэсны працаўнік і мімаволі чакае ўжо нейкіх неверагодных здзяйсненняў. Вядома, хвалюецца - няўжо не адбудзецца нічога адметнага гэтым разам? Марныя сумневы. Чаканыя падзеі ўжо тут, побач. Неверагодныя. Велічныя. Адмысловыя.

А для няўцямных трывог ды хваляванняў і ўвогуле ніякіх падстаў няма. Не можа такога быць, каб правадыр самай спартыўнай у свеце краіны не паклапаціўся загаддзя аб новых рэкордах. І сапраўды, шмат на якіх накірунках мы вырваліся наперад. Вось трывала ўмацавалі сваю авангардную пазіцыю ў слаўнай кагорце самых пітушчых краін. Нават Малдову з яе застольнымі традыцыямі здолелі абысці. Зноў жа ў рэтынгу свабоды прэсы занялі ганаровае дзеятае месца знізу. А ў спісе тым 131 краіна. Беларусь у цудоўнай кагорце такіх аўтарытаў, як Габон, Паўднёвы Судан і ўсё тая ж Венесуэла. Ёсць чым ганарыцца. І яшчэ, калі пашанцуе, можам пераўзысці рэкорд нашага ідэйнага сябра Роберта Мугабэ, прэзідэнта Зімбабве, па шматгадоваму ўтрыманню ўлады ў адных руках. Так што скардзіцца ды наракаць на цяжкі лёс нам не варта. Застаецца хіба што азірнуцца навокал, каб пераканацца, што жывем цудоўна, цікава і нават з пэўным імпэтам.

Уся краіна ўстала на працоўную вахту. І весткі пайшлі з усіх яе куткоў пра новыя рэкорды. Вось Барысаў, горад-ваяр і працаўнік, узрадваў народ чарговым крэатывам. Стварылі тамтэйшыя майстры сапраўды ўнікальную машыну. Назва гордая – “Шторм”. На звычайным шасі велічэзная цыстэрна – ажно дзевяць тон вады. Такі струмень можа выпусціць знянацку, што нават Мадура пазайздросціць. Мала таго, дык машынка тая можа яшчэ ўзяць на борт экіпаж мардаваротаў з дубінкамі. Каб незадаволеных на плошчы разганяць. А то ходзяць, пратэстуюць. Збіваюць краіну з працоўнага рытму.

А ў нас тут што ні дзень, то сапраўднае хдзяйсненне. Вось тут не так даўно адзін вынаходнік прыдумаў пісталецік. (Не блытаць з залатым пісталецікам – зусім тое з іншай оперы!) Захлынаючыся ад радасці, ён распавядаў чэсным рэпарцёрам пра ўнікальныя тактыка-тэхнічныя дадзеныя новай супер-зброі. Вертухаі-ветэраны проста завылі ад зайздрасці: а дзе ж ты быў раней, дзядзька?..

Цяпер усім ужо зразумела, што нікому не патрэбна болей няўклюдная кабура на азадку. Пісталецік той маленькі, дзе заўгодна можна прыхаваць. Хуткасць страляніны незвычайная. І б’е той пісталецік вельмі кучна. Жывую мішэнь можа без праблем ператварыць у рэшата.

Цяжка ўявіць сабе камбата, які з гэткім пісталецікам вядзе сваіх байцоў на штурм ворагам занятай вышыні? Ды не пра тое ўвогуле размова! Гэты стралковы новатвор яшчэ на ўзроўні задумы быў прадвызначаны для тых, хто на баявыя пазіцыі выходзіць пераапранутым у цывільнае. Хто не бачыў у людскім натоўпе гэтых аднолькава пастрыжаных чалавечкаў у кароткіх куртачках і з дроцікам за вухам? І вось цяпер кожны з іх на раптоўны вокліч “дзе твой чорны пісталет?” можа імгненна адгукнуцца: а нямашака! І сапраўды нічога і нідзе не вытыркаецца. Затое на вуліцы цяпер можна працаваць службоўцу нябачнага фронту без аніякага страху. Нават калі насустрач выйдзе дзевяностагадовы беларускі паэт, узброены кастылём. Стабільнасці ўжо нішто не пагражае.

А цяпер яшчэ і сістэму электроннага нагляду ствараюць у дадатак. Каб можна было нават седзячы ў бункеры адсочваць тое, што робіцца на вуліцах і плошчых. Каштаваць будзе гэта сістэма сто мільёнаў зялёных. Але ці варта ўвогуле пра тыя выдаткі шкадаваць? Да восені даручана дапрацаваць дэкрэт аб тунеядцах. Надрукуюць процьму новых лістоў шчасця, раскідаюць па гарадах і вёсках – грошы будуць.

Але ж не адным толькі барысаўскім струменем ды новастворанай стралковай цацкай жыве чалавек. Рэжым гэта разумее і пра духоўнасць дбае. Напачатку гэтая найважнейшая справа была аддадзена наводкуп папам. Аднак тыя захапіліся найноўшымі мадэлямі “бумераў” ды праектам рэзідэнцыі на возеры Булдук. І краіна ў выніку магла ўвогуле застацца без натхняючай на новыя подзвігі ідэі.

І вось тады рашуча падставілі сваё плячо звычайныя нашы грамадзяне, асабліва жанчыны. Нейкая кабета выказала раптам неверагодную здагадку: ідэалогія – гэта хакей. Правіцель вынаходлівую супрацоўніцу адразу выклікаў на размову. Вядома, паўшчуваў крыху па-бацькоўску. І яе сенсацыйнай фармулёўцы надаў гранічную дасканаласць: “Найгалоўнейшая ідэалогія – гэта спорт”. Вось так!..

А тут увогуле адбылося штосьці надзвычайнае. Прайгралі хакеісты. Не апраўдалі няспынных клопатаў аб іх і высокага даверу. А таму неадкладна быў скліканы аварыйны хурал з адным фундаментальным пытаннем: што рабіць з хакеем? Краіна той пярэпалах сустрэла з разуменнем. Ды начхаць нам увогуле на нашу эканоміку, якая ўсё ніяк не можа аддыхацца. І на тое, што даўно жывем ад пазыкі да пазыкі. Нават недарэчнае “ператрахванне” школьнай праграмы хвалюе ўжо не надта. Дзеткі як-небудзь і самі выкараскаюцца з чаргова эксперыменту. Тут на парадку дня пакуль адна праблема. Найважнейшая. Адна на ўсіх – хакей.

І ўсё ж узгаданая вышэй чыноўніца мела рацыю. Як тут ні круці, а хакей – ідэалогія. Хоць бы і таму яшчэ, што на подзьвігі лядовую дружыну натхняе асабіста найгалоўнейшы ідэолаг краіны. А ён, мудры правіцель, на абы якія дробязі разменьвацца не будзе. У ягонай кампетэнцыі – пераважна глабальныя пытанні.

Ягоны электарат наіўна верыў, што правадыр вядзе сваіх падданых найкарацейшай дарогай у светлае, заможнае жыццё. А ён дваццаць тры гады ўсіх вёў на хакей. Быў упэўнены, што менавіта там яднаецца нацыя. Аднак шыкоўнага свята ў фінале нашага бравурнага шэсця не атрымалася. На вялікі жаль, даверу высокага кіраўніка рыцары канькоў і клюшкі не апраўдалі. Мала таго, дык яшчэ і падставілі легкадумна нястомнага будаўніка лядовых палацаў. Хіба не ён у пэўным сэнсе гэтую каманду стварыў і ўпарта вёў да сенсацыйных перамог?

І ўсё ж у безнадзены песімізм упадаць не варта. Ніякай катастрофы пакуль не адбылося. Усё можна яшчэ выправіць. Хакей – гэта не эканоміка. Было ж вызначана дакладна: ідэалогія. А таму зусім верагодна, што рэформы, якіх так доўга і марна тут чакалі, пачнуцца менавіта з лядовых палёў. Краіна багатая, забэхае пад новую ідэю шалёныя сродкі. І камандзе, якая не здолела ацаніць высокага даверу, учыняць разнос з пагрозай вінаватых кінуць на нары. Потым памяняюць рашуча Кузякіна на Зюзюкіна і вось тады…

Будзе ўсё тое, што і раней было. Таму што ніхто не ў стане адмяніць даўно вядомы закон прыроды: за што б ні ўзяўся гэты эфектыўны менэджэр, ён абавязкова ўсё праваліць. Наўрад ці варта ўзгадваць тут ягоную ўлюбёную дрэваапрацоўку. І кіно таксама, дзе ён збіраўся калісьці наладзіць выпуск галівудскіх блокбастэраў. Потым была яшчэ цыклапічная вытворчасць цэменту, выплаўка металу і спроба агаломшыць рынкі Еўропы мармуровым мясам. Аднак гэта ўсё дробязі ў параўнанні з сенсацыйнай дастаўкай нафты з Венесуэлы. У выніку гэтай крэатыўнай задумы – тыя ж бурбалкі. Урачысты нуль з нафтавым адценнем.

А на сыходзе гэтай багатай на падзеі вясны ён вырашыў раптам сваім жыццёвым досведам падзяліцца з моладдзю. Да юнай аўдыторыі паставіўся з даверам. “ Скажу шчыра і чэсна: у мяне было адзінае жаданне,- паколькі я жыў не ў лепшым сяле, бачыў пакуты гэтых людзей, - бачыў недахопы, бачыў, як яны жылі, - было жудаснае жаданне узяць нейкую тэрыторыю, гаспадарку, і зрабіць гэтым людзям штосьці добрае”.

Якая ўнікальная нагода! Гэта ж пакуль што адзіная рэальная магчымасць выратаваць краіну ад бязмежнага самадурства. Сапраўды, вярнуцца б гэтаму эфектыўнаму менэджэру ў свой незабыўны “Гарадзец”, пакінуты так неабачліва дзеля нейкай недарэчнай улады. Аднавіць так неабачліва перарваную рэалізацыю запаветнай мары і насамрэч паспрабаваць для тых людзей “зрабіць штосьці добрае”.

А калі скончыцца і гэты эксперымент усім жыхарам “Гарадца” варта было б выплаціць істотную кампенсацыю.

За кошт ператворанага ў ідэалогію хакею.

Уладзiмiр Халiп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках