23 красавiка 2024, aўторак, 20:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Я не веру ў такія супадзенні

33
Наталля Радзіна: Я не веру ў такія супадзенні
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

Хто стаіць за нападамі на сайт Charter97.org?

Галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна пракаментавала працяг ціску на сайт.

- Наталля, што адбылося? Чаму Беларускі дом выганяе сайт Хартыі-97 з памяшкання ў Варшаве?

- Пасля разгону Плошчы 2010 года палякі, якія спачувалі змагарнай Беларусі, надумалі праявіць салідарнасць і дапамагчы тым, хто вымушаны быў пакінуць краіну пасля развязаных беларускімі ўладамі масавых рэпрэсій. Я яшчэ знаходзілася пад хатнім арыштам і мне сказалі, што польскі фонд «Свабода і дэмакратыя» прапанаваў памяшканне для працы офіса Charter97.org у Варшаве. Са зразумелых прычын я не магла тады прыехаць у Польшчу, а частка рэдакцыі працавала з Вільні. І тады быў прапанаваны варыянт стварэння Беларускага дому на базе дзвюх вядомых беларускіх дэмакратычных арганізацый — грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» (лідар Андрэй Саннікаў) і руху «За свабоду» (лідар Аляксандр Мілінкевіч).

Увосень 2011 года, калі я ўжо знаходзілася ў Вільні, кіраўніцтва МЗС Польшчы запрасіла рэдакцыю Chartrer97.org працаваць у Варшаву. Частка рэдакцыі ў гэты час ужо працавала ў адным пакоі ў памяшканні на вуліцы Вейскай, 13. Аднак усёй рэдакцыі там размясціцца не было дзе, прычым мы не хацелі паціснуць размешчаныя там структуры. Таму звярнуліся да варшаўскіх уладаў з просьбай даць дадатковае памяшканне для рэдакцыі. Мы атрымалі невялікую трохпакаёвую кватэру, у якой размясцілася частка супрацоўнікаў.

- Ці можна сказаць, што першапачаткова памяшканне Беларускага дома прызначалася пад «Хартыю-97»?

- Так. «Хартыя-97» з'яўляецца адным з самых вядомых беларускіх брэндаў у Польшчы і менавіта сайту Charter97.org пасля падзей 2010 года захацелі дапамагчы палякі. У той час Беларускі дом сапраўды быў месцам прытулку і салідарнасці для дзясяткаў беларускіх палітэмігрантаў і ўцекачоў і цэнтрам дзеянняў дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі. Асноўную ролю ў гэтым адыгрывалі актывісты «Еўрапейскай Беларусі» і супрацоўнікі «Хартыі-97».

- А чаму «Хартыя-97» апошнія гады працуе з-за мяжы, у Беларусі ёсць жа незалежныя СМІ?

- Я не ведаю, як іншыя СМІ, але ў мяне такая гісторыя. У Беларусі супраць мяне толькі цягам аднаго 2010 года было распачата 4 крымінальныя справы. Два разы офіс «Хартыі-97» зазнаваў пагромы з боку спецслужбаў, былі канфіскаваныя 22 кампутары. У верасні 2010 года быў забіты заснавальнік сайта Алег Бябенін, 20 снежня 2010 года былі арыштаваныя практычна ўсе супрацоўнікі менскага офіса «Хартыі-97». КДБ іх ламала і прымушала падпісваць паперы аб супрацоўніцтве.

Я трапіла ў турму паводле артыкула «арганізацыя масавых беспарадкаў», які прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Пасля выхаду са следчага ізалятара пад падпіску аб нявыездзе я спрабавала працаваць у Беларусі, але пасля кожнага вострага артыкула мяне затрымлівалі і везлі ў КДБ, дзе пагражалі вярнуць назад у турму. Пакуль сітуацыя ў краіне не зменіцца, мы не можам працаваць у Беларусі.

Мы ўдзячныя за дапамогу Міністэрству замежных спраў Польшчы і Фонду міжнароднай салідарнасці за шматгадовую падтрымку, а таксама іншым міжнародным арганізацыям і прыватным ахвярадаўцам за падтрымку нашай працы.

- Хто такі Уладзімір Кобец, і якое дачыненне ён мае да «Хартыі-97» і Беларускага дому?

- Трэба сказаць, што сайт Charter97.org быў заснаваны 1998 годзе Алегам Бябеніным з ініцыятывы Андрэя Саннікава. Ён працаваў спачатку як «карпаратыўны» сайт грамадзянскай ініцыятывы, а потым стаў адным з найбуйнейшых беларускіх незалежных медыяў. Я працую на сайце з 1999 года. З 2001 года з'яўляюся яго галоўнай рэдактаркай.

Да 2011 года Уладзімір Кобец не меў ніякага дачынення да сайту «Хартыі-97». Ведаю, што ён быў сябрам руху «Зубр», пазней сышоў з палітыкі і займаўся бізнэсам. У 2010 годзе нечакана для мяне ён узначаліў перадвыбарчы штаб Андрэя Саннікава на прэзідэнцкіх выбарах.

Пасля выхаду з турмы я сустрэлася з Кобцам у Вільні ў жніўні 2011 года. Раней ён таксама быў фігурантам крымінальнай справы «аб масавых беспарадках», быў вызвалены з турмы праз паўтара месяца. З'ехаў з Беларусі ён толькі тады, калі даведаўся, што я ўжо ў Еўропе і аднаўляю паўнавартасную працу рэдакцыі Charter97.org. Адразу прапанаваў супрацоўніцтва.

Пра Кобца ўжо хадзілі розныя чуткі, бо ён не быў асуджаны ў адрозненне ад многіх іншых палітвязняў. Дарэчы, я не была асуджаная толькі з той прычыны, што змагла ўцячы з Беларусі ў красавіку 2011 года.

Я не давярала Кобцу, і надумала яго праверыць, сказаўшы, што ведаю дакладна, што ён падпісаў паперу аб супрацоўніцтве з КДБ. Ён пазелянеў, збялеў, змоўк, але потым прызнаўся, што гэта сапраўды так. У адказ я сказала, што калі ён хоча працаваць з «Хартыяй-97», то павінен публічна расказаць пра сваё супрацоўніцтва з КДБ. Спачатку ён катэгарычна адмаўляўся, але праз некалькі дзён напісаў такі артыкул.

У Беларусі сайт Charter97.org працаваў паўпадпольна. Пасля таго, як мне прапанавалі працаваць у Варшаве, паўстала пытанне аб рэгістрацыі. Я даручыла Кобцу стварыць фонд «Хартыя-97». Зрабіла гэта праз бязвыхадную сітуацыю: Алег Бябенін быў забіты, іншыя заснавальнікі сайта сядзелі ў турмах.

Пазней, у 2014 годзе, Кобец стаў і яшчэ і судырэктарам Беларускага дома, куды яго рэкамендавала кіраўніцтва «Еўрапейскай Беларусі». Калі б ён не быў актывістам «Еўрапейскай Беларусі» ён бы да Беларускага дому ніякага дачынення не меў бы. Для мяне гэта было вельмі нязручна, бо ён насіў з сабой тры візітоўкі.

- Тады наогул атрымліваецца смешная сітуацыя: супрацоўнік фонду «Хартыі» выганяе сайт «Хартыі» з Беларускага дома? Ён з’ехаў з глузду?

- Шчыра сказаць, працаваць з ім было цяжка. Вымушана сказаць, што ён злоўжываў алкаголем, апошні год практычна перастаў з'яўляцца на працы, прыходзіў на адну-дзве гадзіны. Заяўкі і справаздачы былі вельмі нізкай якасці, даводзілася за яго многае перарабляць. Перастаў шукаць новых партнёраў і новыя крыніцы фінансавання для сайта, што яшчэ пагоршыла цяжкае фінансавае становішча сайта.

Шокам для мяне стала, што ў 2015 годзе ён употай перапісаў дамен сайта Charter97.org на сваё імя, нікому пра гэта не паведаміўшы. Уявіце сабе: чалавек, які 13 гадоў не меў ніякага дачынення да сайту таемна спрабуе яго захапіць.

І апошняй кропляй стала тое, што польскія партнёры паведамілі мне, што Кобец і нейкая грамадзянка Ларыса Караленка адкрылі няўрадавую арганізацыю Prospect і камерцыйную фірму Prospect Plus у Польшчы і сталі звяртацца да традыцыйных донараў сайта Хартыі-97 з просьбай дапамогі сваім асабістым структурам.

Гэта значыць, у Кобца ўжо стала пяць візітовак. Яму было сказана, што дырэктарам фонду Хартыі ён быць ужо ніяк не можа. Відавочна быў востры канфлікт інтарэсаў. Кобцу было прапанавана расстацца мірна цягам трох месяцаў. Ён пагадзіўся і абяцаў не шкодзіць.

Але 2 траўня ён раптам ладзіць дэмарш, піша заяву аб звальненні, спрабуючы сарваць падпісанне для нас вельмі важнай дамовы і адначасова патрабуе ад рэдакцыі сайта цягам двух дзён пакінуць памяшканне, у якім яна знаходзілася з 2011 года і ў якім ён сам жа і працаваў.

Цяпер я думаю, што пасля няўдалай спробы захапіць сайт у 2015 годзе Кобец рыхтаваўся закрыць фонд Хартыі, каб перашкодзіць нашай працы іншым спосабам.

Дзеянні Кобца дзіўным чынам супадаюць з апошнімі атакамі Беларускай тэлевізіі ды КДБ. Мяне назвалі адной з арганізатарак «масавых беспарадкаў» ужо 2017 года, беларускія ўлады ўвесь час пагражаюць сайту закрыццём. Я не веру ў такія супадзенні.

- А што іншы дырэктар Беларускага дома Алесь Зарэмбюк? Ён жа таксама прыняў пастанову аб высяленні.

- Мне мала што пра яго вядома. Ведаю толькі, што ён з'ехаў з Беларусі вельмі даўно, яшчэ да 2010 года. Як ён сам казаў, яго абвінавацілі ў атрыманні грошай за афармленне шэнгенскіх віз. Ведаю, што польскі ўрад даў яму прытулак.

У мяне з ім былі роўныя стасункі. Ён быў праінфармаваны мною аб сітуацыі з Кобцам. Зарэмбюк пацвердзіў, што паміж нашымі арганізацыямі працягнецца ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. А 2 траўня нечакана выставіў гэты дзікі ультыматум. Цяпер жа ён баязліва хаваецца ад мяне і баіцца нават пагаварыць праз тэлефон.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках