24 красавiка 2024, Серада, 15:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пайшоў з жыцця пісьменнік Мікола Аўрамчык

Пайшоў з жыцця пісьменнік Мікола Аўрамчык

Суаўтар «Сказу пра Лысую гару» памёр на 97-м годзе жыцця.

Сёння ў Менску пасля цяжкай працяглай хваробы памёр найстарэйшы сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт Мікола Аўрамчык. Яму было 97 гадоў. Пра гэта паведаміў сайт пісьменніцкай арганізацыі.

Мікола Аўрамчык нарадзіўся 14 студзеня 1920 года ў Плёсах Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў школы ў Плёсах і Цялушы. У 1938 годзе паступіў на філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газэты «Піянер Беларусі», пазнаёміўся з Янкам Купалам, Кузьмом Чорным, Алесем Салаўём, пра якіх пакінуў успаміны.

Мікола Аўрамчык быў ветэранам Другой сусветнай вайны, удзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. У чэрвені 1942 года апынуўся ў атачэнні і ў палоне ў гішпанцаў, пасля немцамі быў вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 года вызвалены ангельцамі.

Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1949). Працаваў у рэдакцыях газэт «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя», у 1953-1980 - рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». Сябра Саюза пісьменнікаў з 1947 года.

Дэбютаваў вершамі ў 1937 годзе ў бабруйскай газэце «Камуніст». Аўтар кніг паэзіі «Пярэдні край» (1949), «Шляхамі дружбы» (1952), «Ключы жураўліныя» (1960), «Сустрэча былых канагонаў» (1963), «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Агледзіны» (1969), «Як на далоні» (1970), «Дрэва дружбы» (1973), «Вадовішча» (1976), «У падзямеллі» (раман, 1986), «Анкета: Выбранае» (1990), зборніка вершаў для дзяцей «Дружба» (1950).

Аўтар кнігі ўспамінаў «Знаёмыя постаці» (2004), прысвечанай беларускім дзеячам.

Толькі ў апошнія гады стала вядома, што гэта Мікола Аўрамчык разам з Нілам Гілевічам напісаў «Сказ пра Лысую гару» - культавую ананімную паэму 1980-х.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Л.Украінкі, І.Франка, М.Джаліля, Г.Эмін, І.Куратава, С.Ясеніна, Я.Смелякова.

Мікалай Якаўлевіч быў узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964).

Развітанне з Мікалаем Якаўлевічам адбудзецца 10 траўня а 10.30 у развітальнай зале клінікі Кіраўніцтва спраў (Менск, вуліца Чырвонаармейская 10).

Рэдакцыя Сharter97.org выказвае спачуванні родным і блізкім пісьменніка.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках