25 красавiка 2024, Чацвер, 16:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як нямецкі фатограф 100 гадоў таму зарабляў на беларускіх краявідах

2
Як нямецкі фатограф 100 гадоў таму зарабляў на беларускіх краявідах

Толькі ў Лынтупах Фрыц Краўскопф зрабіў каля 400 здымкаў.

Група беларускіх архітэктараў і рэстаўратараў сабрала калекцыю фотакартак Лынтупаў і ваколіцаў, зробленых амаль невядомым у Беларусі фатографам, перадае «Радыё Свабода».

Толькі ў Лынтупах фатограф зрабіў каля 400 здымкаў

Нямецкі фатограф Фрыц Краўскопф нарадзіўся ва Ўсходняй Прусіі ў 1882 годзе. Як нямецкі вайсковец ён трапіў у Беларусь падчас Першай сусьветнай вайны. У пэрыяд акупацыі Краўскопф жыў у Лынтупах на Пастаўшчыне. Пра вайсковую карʼеру Краўскопфа вядома няшмат, а вось вынікі ягонай працы як фатографа захаваліся добра.

«Ён чамусьці меў магчымасьць адносна вольна перамяшчацца ўздоўж лініі фронту, па ваколіцах Лынтупаў, — кажа архітэктар і рэстаўратар Вадзім Гліннік, які разам з паплечнікамі сабраў вялікую калекцыю фатаздымкаў Краўскопфа. — Пры гэтым Краўскопф ня быў вайсковым фатографам і не фатаграфаваў месцы баёў. Ён займаўся тым, што рабіў здымкі беларускіх краявідаў, друкаваў іх на паштоўках і прадаваў нямецкім салдатам».

Вядома, што на тэрыторыі Беларусі Фрыц Краўскопф знаходзіўся ў 1916–17 гадах. Толькі ў Лынтупах фатограф зрабіў каля 400 здымкаў. Акрамя гэтага, Краўскопф фатаграфаваў Камаі, Шэметава, Кабыльнік (цяперашнюю Нарач). Асабліва цікавыя здымкі Краўскопфа, зробленыя ў Полацку.

Агулам за два гады ў Беларусі Краўскопф зрабіў некалькі тысяч фатаграфій. Аднак ягонае імя амаль невядомае беларускім гісторыкам і краязнаўцам.

«Дасюль лічылася, што Краўскопф усяго толькі друкар. Але дасьледаваньні куратара нашай выставы Ядвігі Лукашык даказалі, што ён асабіста фатаграфаваў. І потым са сваіх уласных фатаздымкаў рабіў адбіткі і выпускаў паштоўкі», — кажа Вадзім Гліньнік.

На ягоных здымках ня жахі вайны, а партрэты лынтупскіх дзяцей і назіраньні за архітэктурай

Арганізатары выставы высьветлілі, што адзін зь вядомых здымкаў касьцёла ў Камаях таксама належыць Краўскопфу. Вадзім Гліньнік кажа, што імя немца неабходна вярнуць ва ўжытак гісторыі беларускага мастацтва і культуры.

Пасьля вайны Фрыц Краўскопф вяртаецца ў Прусію, дзе праз два гады адкрывае друкарню, фатаграфуе ваколіцы Кёнігсбэргу і мірнае жыцьцё Прусіі. Становіцца даволі вядомым фатографам. З успамінаў ягонага сына вядома, што дзякуючы фатаграфіі Краўскопф даволі добра зарабляў і нават мог сабе дазволіць набыць аўтамабіль «Мэрсэдэс» высокай клясы. Ва ўсёй Прусіі ў той час было толькі дзьве такія машыны.

Большая частка архіву Краўскопфа была зьнішчана ў 1945 годзе падчас штурму Кёнігсбэргу савецкімі войскамі. Тады ж загінуў і сам Краўскопф, які адмовіўся ехаць у эвакуацыю. Ацалела толькі частка нэгатываў. У 1954 годзе была выдадзеная кніга з фатаздымкамі ахопленага агнём Кёнігсбэргу, іх Краўскопф рабіў у апошнія дні жыцьця. Захаваць здымкі ўдалося дзякуючы тром сынам, якія своечасова вывезьлі нэгатывы. Усе трое пазьней таксама сталі фатографамі.

«Нам было вельмі цікава прасачыць стаўленьне Краўскопфа да беларускіх краявідаў. Ён не здымаў страшных ваенных эпізодаў. На ягоных здымках няма жахаў вайны, няма рэпартажаў зь лініі фронту. Краўскопф у асноўным здымаў тылы, адпачынак нямецкіх салдат, яго вельмі цікавіла жыцьцё мясцовых беларусаў. Ёсьць шмат партрэтаў лынтупскіх дзяцей, шмат назіраньняў за архітэктурай», — кажа Вадзім Гліньнік.

Рэстаўратар дадае, што дзякуючы паштоўкам Краўскопфа цяпер можна больш дакладна аднавіць будынкі ў Полацку. Фатограф вельмі актыўна падарожнічаў. Акрамя Беларусі, шмат здымаў у Латвіі і Польшчы.

Для пачатку стагодзьдзя ягоныя фота маюць выдатную якасьць

Паштовачны бізнэс фатографа квітнеў. На большасьці сабраных Вадзімам Гліньнікам і яго калегамі паштовак можна пабачыць пасланьні ад нямецкіх салдат сваім родным. Яны апісваюць сваё жыцьцё ў Беларусі і службу на фронце. Здымкі Краўскопфа фактычна былі для іх тым самым, што цяпер інстаграм: зь іх дапамогай салдаты паказвалі родным сваё жыцьцё.

«Цікава, што калі тэрыторыя Беларусі перайшла пад кантроль расейскіх салдат, яны таксама дасылалі дадому паштоўкі Краўскопфа. Мабыць, знаходзілі іх на месцах, дзе паштоўкі друкаваліся, і дасылалі дадому. Існуюць нямецкія паштоўкі з подпісамі па-расейску», — кажа Вадзім Гліньнік.

Група архітэктараў і рэстаўратараў, якія ладзяць выставу паштовак, сёньня стварае Лынтупскі культурны цэнтар «Культыватар». Праз аўкцыёны яны набываюць фотакарткі. Каля 40 зь іх будуць пастаянна выстаўляцца ў Лынтупах.

«Як чалавек пунктуальны, Краўскопф большасьць сваіх здымкаў падпісваў і нумараваў. Па іх можна аднавіць шлях ягоных перамяшчэньняў... Для пачатку стагодзьдзя ягоныя фота маюць выдатную якасьць», — кажа Гліньнік.

Фрыц Краўскопф быў далёка не адзіным нямецкім фатографам, які працаваў у Беларусі сто гадоў таму. Аднак ягоныя здымкі ўнікальныя тым, што паказваюць жыцьцё беларусаў, яны захавалі архітэктурныя дэталі Лынтупаў і Полацку. Існуе нават некалькі картак, зробленых з борта аэрапляна — за сто год да папулярнасьці дронаў. Яны зьявіліся дзякуючы таму, што ў Лынтупах дзейнічаў нямецкі аэрадром. Вядомыя нават пахаваньні нямецкіх лётчыкаў, якія загінулі пры няўдалых палётах.

«Краўскопф друкаваў паштоўкі і прадаваў іх салдатам, зарабляў такім чынам на жыцьцё, — кажа Вадзім Гліньнік. — А мы дзякуючы гэтаму маем выдатныя дакумэнты пра жыцьцё ў Беларусі роўна сто гадоў таму».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках