29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка надакучыў нават у ШАС

40
Лукашэнка надакучыў нават у ШАС
КРЫНІЦА: SVABODA.ORG

Кітай і Казахстан ужо не разумеюць такіх метадаў кіравання эканомікай.

Пытанні эканамічнага супрацоўніцтва і захавання бяспекі з'яўляюцца прыярытэтамі Беларусі ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Пра гэта Лукашэнка заявіў на саміце гэтай арганізацыі ў Астане.

Кажучы пра эканамічны складнік узаемадзеяння, дыктатар паведаміў пра намеры Беларусі ўдзельнічаць у захаванні харчовай бяспекі на кантыненце і жаданні больш поўна выкарыстоўваць сваё геапалітычнае становішча для ўмацавання сувязяў паміж Усходам і Захадам. «Мы гатовыя ўзмацняць ролю Беларусі як злучальнага звяна паміж Еўропай і Азіяй і прапануем партнёрам больш актыўна выкарыстоўваць гэты патэнцыял», - цытуе прэс-служба Лукашэнкі.

Як сказала ў інтэрв'ю Thinktanks.by акадэмічная дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярыны Барнукова, паглыбленне эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі ШАС, роўна як і больш актыўнае выкарыстанне геапалітычнага становішча Беларусі, шмат у чым будзе залежаць ад таго, наколькі зразумелыя і празрыстыя варункі для бізнэсу будуць створаныя ў нашай краіне.

«Геапалітычнае становішча Беларусі, несумненна, адыгрывае важную ролю. Але трэба памятаць, што акрамя нас ёсць і іншыя транзітныя краіны. Да прыкладу, Украіна, якая выглядае значна больш зразумелай і празрыстай ў вачах тых жа кітайскіх кампаній. Так, ва Украіне ёсць карупцыя, але карупцыя - гэта не тое, што можа напалохаць кітайскі бізнэс. А вось нашы спосабы прыняцця пастаноў і ўмяшанне дзяржавы ва ўсе сферы іх бянтэжаць», - сказала Кацярына Барнукова.

Экспэртка адзначыла, што многія пытанні, уключаючы транзіт і пастаўкі беларускіх тавараў на экспарт, даволі складана разгледзець на высокім дзяржаўным узроўні, бо звычайна яны разглядаюцца на ўзроўні прадпрыемстваў.

«Беларускія ўлады маюць ўстаноўкі, што трэба на дзяржаўным узроўні дамаўляцца наконт экспарту тавараў. Напраўду гэта пытанне ўзаемадачыненняў дзвюх фірмаў. Замежныя фірмы вызначаюцца, ці хочуць яны набываць тэхніку МТЗ і Гомсельмаша. І тут ключавым пытаннем з'яўляецца канкурэнтаздольнасць прадукцыі, спалучэнне кошту і якасці. Пасля абмеркавання на высокім узроўні кіраўнікі Кітая і Індыі могуць данесці да сваіх кампаній інфармацыю пра тое, што ёсць такая краіна Беларусь, якая вырабляе трактары. Аднак у канчатковым выніку менавіта кампаніі будуць вызначацца, дзе ім набываць тэхніку», - мяркуе Кацярына Барнукова.

На ейную думку, схема перамоў на міждзяржаўным узроўні працуе толькі з невялікай колькасцю краін - як правіла, гэта сярэднеазіяцкія рэспублікі з аўтарытарным стылем кіравання. «У той жа Туркменістан мы можам пастаўляць сельгастэхніку паводле дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні. А вось ужо нават з Казахстанам сітуацыя іншая - там наш падыход ужо не зусім зразумелы. Пра гэта можна меркаваць з тавараабарачэння, што занадта нізкае, улічваючы памер казахстанскай эканомікі», - адзначыла экспэртка.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках