25 красавiка 2024, Чацвер, 14:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Шарэнда ўзначаліў кааліцыю БНК у Берасці

Андрэй Шарэнда ўзначаліў кааліцыю БНК у Берасці
Андрэй Шарэнда

Галоўнымі задачамі кааліцыі стануць барацьба за вызваленне палітвязняў і народныя акцыі пратэсту.

Учора ў Берасці прайшла сустрэча лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Берасця.

Пра гэта Charter97.org распавёў актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» з Берасця Андрэй Шарэнда.

«На сустрэчу ў рэдакцыі газеты «Берасцейскі кур'ер» прыйшло больш за 30 чалавек. Там былі як актывісты апазіцыі - грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі - так і прадстаўнікі Незалежнага прафсаюза РЭП і проста палітычна актыўныя людзі: блогеры, удзельнікі народных акцый пратэсту, якія не належаць да якіх-небудзь арганізацый. Берасцейскі Блогер Сяргей Пятрухін праводзіў стрым сустрэчы.

Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў распавялі пра дзейнасць і мэты БНК і адказалі на пытанні актывістаў. Больш за ўсё тых, хто прыйшоў на сустрэчу, цікавіла, як будзе адбывацца аб'яднання апазіцыі. Менавіта гэтыя пытанні і задаваліся больш за ўсё: як і калі адбудзецца аб'яднанне, хто гатовы стаць лідарам, які павядзе людзей. Актывісты розных арганізацый адзначылі, што людзі ў Берасці гатовыя да такога аб'яднання.

У выніку была прынятая пастанова аб стварэнні рэгіянальнай кааліцыі БНК у Берасці. Кіраўніком кааліцыі абралі мяне, намеснікамі кіраўніка Наталлю Папкову з БСДП (Народная Грамада) і Аляксандра Храпко з БХД. Як кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі я таксама быў дэлегаваны ў Раду БНК.

Было наважана, што галоўнымі напрамкамі нашай дзейнасці стануць, па-першае, кампанія ў салідарнасці і патрабаванні вызвалення палітвязняў, а таксама дапамога беларусам у правядзенні і арганізацыі вулічных акцый. Усе актывісты, якія прыехалі з раёнаў Берасцейскай вобласці, падкрэслівалі, што сацыяльна-эканамічная сітуацыя там вельмі абвостраная: людзі не маюць працы і гатовыя пратэставаць і выходзіць на вуліцы. Людзі настроеныя рашуча і толькі чакаюць лідара, які б заклікаў іх выйсці на акцыі. Самі жыхары рэгіёнаў прасілі перадаць на сустрэчы з лідарамі БНК: мы чакаем ад палітыкаў, што яны будуць дзейнічаць больш рашуча».

Нагадаем, што цяпер у склад Рады БНК уваходзяць 14 кіраўнікоў рэгіянальных кааліцый і 7 прадстаўнікоў агульнанацыянальных арганізацый. Ад кожнай вобласці ў Раду БНК можа ўваходзіць не больш за 3 кіраўнікі рэгіянальных кааліцый.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках