18 красавiка 2024, Чацвер, 4:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто дапамагаў мільярдэру Усманаву ў супрацьстаянні з Навальным

5
Хто дапамагаў мільярдэру Усманаву ў супрацьстаянні з Навальным
Алішэр Усманаў
ФОТА: ТАСС

Блогерам Усманава зрабіў вядомы расейскі пісьменнік, тэлевядучы і бізнэсовец.

Галоўны рэдактар расейскага Esquire Сяргей Мінаеў дапамагаў мільярдэру Алішэру Усманаву запісваць відэазварот да апазіцыянера Аляксея Навальнага. Не выключана, што пра сваё рашэнне падаць у суд на палітыка бізнэсовец паінфармаваў Крэмль і ўрад, піша ВВС.

Два знаёмых пісьменніка Сяргея Мінаева і адзін чалавек, які ведае Алішэра Усманава, пацвердзілі Расейскай службе ВВС, што відэазварот да апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага мільярдэру Алішэру Усманаву мог дапамагаць рыхтаваць і здымаць былы тэлевядоўца НТВ і аўтар кніг «Духless» і «The Цёлкі» і «Р.А .Б.» Сяргей Мінаеў. Сам Мінаеў сваю сувязь з відэазваротам Усманава катэгарычна адмаўляе. Прэс-служба USM Holdings Алішэра Усманава не адказала на пытанне пра ўдзел Мінаева.

Асабісты кансультант

Мінаеў - вядомы расейскі пісьменнік, тэлевядоўца і бізнэсовец. З 2016 года ён галоўны рэдактар расейскай версіі часопіса Esqiure. Раней Мінаеў неаднаразова працаваў у праектах, ініцыяваных адміністрацыяй прэзідэнта. Напрыклад, пасля масавых пратэстаў у 2012 годзе тэлевядоўца запусціў інтэрнэт-тэлевізію «Контр-ТВ», якая павінна была стаць антыподам тэлеканала «Дождь» 100-адсоткавым заснавальнікам канала быў фонд «Інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў», які ў той час узначальваў былы намеснік кіраўніка ўпраўлення ўнутранай палітыкі адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Бардоўскі.

Цяпер Мінаеў аднавіў тое інтэрнэт-шоў, якое рабіў яшчэ на «Контр-ТВ»: праграма «Анчоўсы і маргарыткі» транслюецца ў сацыяльнай сетцы Vkontakte.

Мінаеў даўно знаёмы з Усманавым, распавёў адзін з ягоных знаёмых. Сам пісьменнік пацвярджае гэта. Іх звязваюць агульныя дзелавыя партнёры. Інвестар праектаў Мінаева - сябра савета дырэктараў «Металаінвест» (кампанія якая належыць холдынгу USM Алішэра Усманава) Валерый Казікаеў. Паводле звестак Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асоб (ЕГРЮЛ), Казікаеву належаць 50% рэстараннай сеткі «Хлеб і віно» (у Мінаева 30%) і 50% бара «Духлесс бар» (у Мінаева 35%); жонка Казікаева Ірына Фаміна - асноўны ўладальнік віннага імпарцёра МБГ, доляй у якім таксама валодае пісьменнік.

Відэаблогер

Уладальнік «Металаінвест» Алішэр Усманаў, пяты нумар у рэйтынгу Forbes самых заможных расейскіх бізнэсоўцаў, незвычайна ярка для расейскай эліты адрэагаваў на абвінавачванні апазіцыянера Аляксея Навальнага. Фонд барацьбы з карупцыяй распавёў у сакавіку, што Усманаў нібыта падарыў Фонду падтрымкі сацыяльна значных дзяржаўных праектаў, які аўтары фільма звязалі з прэм'ер-міністрам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым, 4,3 га зямлі коштам блізу 5 млрд руб., і назваў дзеянні бізнэсоўца «хабарам». Мядзведзеў назваў расследаванне Навальнага «кампотам». Усманаў у красавіку падаў у суд на палітыка, а затым апублікаваў відэаблог, у якім абвінаваціў Навальнага ў хлусні.

Усманаў рэдка дае інтэрв'ю, і звычайна даволі стрыманы ў выразах. У сваіх новых роліках ён называў Навальнага «нягоднікам» і скончыў свой выступ фразай «Цьфу на цябе, Аляксей Навальны». Ролікі Усманава на Youtube набралі па некалькі мільёнаў праглядаў. 31 траўня суд прызнаў, апублікаваныя Навальным звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, і абавязаў палітыка зняпраўдзіць звесткі і выдаліць тэкст і відэа расследаванне «Ён вам не Дзімон», у якім утрымліваліся згаданыя звесткі.

«Зварот (першы відэазварот Усманава да Навальнага - заўв.) запісваўся на яхце Dilbar на iPhone 7 Plus, якая належыць Усманаву, камерай устаноўленай на штатыў», - паведамляў РБК са спасылкай на крыніцу ў атачэнні мільярдэра. Паводле звестак партала vesselfinder.com, яхта Dilbar 12 траўня знаходзілася ў раёне камуны Анціб у рэгіёне Праванс-Альпы-Лазурны бераг, а 22 траўня - у Манака.

Усманаў даўно хацеў адказаць Навальнаму, але яго піяршчыкі былі супраць, кажа знаёмы бізнэсоўца. «Але пасля таго, як Навальны абвінаваціў яго ў згвалтаванні, Усманава было не спыніць. Таму і прыцягнулі Мінаева, бо штатныя піяршчыкі мільярдэра дакладна б сталі адгаворваць і ўсё такое», - вылучае ён сваю версію.

Крэмль падтрымаў

Пра сваё рашэнне Усманаў, хутчэй за ўсё, загадзя паінфармаваў адміністрацыю прэзідэнта і Белы дом, кажа яго знаёмы. У Крамлі таксама падтрымалі рашэнне Усманава звярнуцца ў суд, кажуць дзве крыніцы, блізкіх да Крамля. Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў і прэс-сакратарка прэм'ера Наталля Цімакова на пытанне аб тым, ці раілі Усманаву звярнуцца ў суд, адказалі аднолькава: «Не».

Сам Навальны мяркуе, што за актывізацыяй Усманава і за яго пазовам стаіць Крэмль або Белы дом. Гэта рабілася, як заявіў сам Навальны ў інтэрв'ю на тэлеканале «Дождь», з мэтай пераключыць увагу апазіцыянера з фігуры прэм'ера Мядзведзева на бізнесоўца Усманава. І збольшага гэта атрымалася, адзначыў Навальны.

Усманаў даўно знаёмы з Мядзведзевым і ўважаецца за дружалюбнага яму бізнэсоўца. У той час, калі Мядзведзеў быў старшынём савета дырэктараў «Газпрама» Усманаў узначальваў даччыную структуру карпарацыі - «Газпрамінвестхолдынг». У той час у Усманава склаліся з Мядзведзевым добрыя стасункі, пісаў у 2012 годзе часопіс Forbes са спасылкай на калегу бізнэсоўца.

Пазовы Усманава (12 красавіка) і першыя публічныя заявы бізнэсоўцы (18 траўня) з'явіліся не тады, калі выйшла расследаванне ФБК, а пасля масавых пратэстаў 26 сакавіка з заклікам Мядзведзеву сысці ў адстаўку, звяртае ўвагу блізкі да Крамля суразмоўца.

У прэс-службе холдынгу USM Holdings Алішэра Усманава паведамілі: «Ніхто з прадстаўнікоў расейскай улады, ні хто-небудзь наогул не спрабаваў уплываць на спадара Усманава ў пытанні адносінаў з Навальным. Рашэнне запісаць відэазвароты, а таксама падаць у суд на Навальнага Усманаў прымаў самастойна. Задачай спадара Усманава ў судзе была абарона гонару і годнасці».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках